Хоць ні на адным прадпрыемстве яшчэ няма дакладных справаздач аб выніках гадавой дзейнасці, кіраўніцтва “Твестуба ПРА” ведае – у 2019-м спрацавалі лепш, чым у папярэднім, павялічыўшы выпуск прадукцыі мінімум на 40 працэнтаў.
– Звычайна перад Новым годам заказаў меней, а тут ад нашых асноўных партнёраў “Гродна Азот”, “Полацк-Шкловалакно” яны былі і напярэдадні свят, і ў наступіўшым, таму канікулы не атрымаліся, як і ўсе 3-га студзеня прыступілі да работы. Не толькі кардонныя тубы розных памераў выпускаем, але і бочачкі для ААТ “Бітарэл” ужо адгружалі, – гаворыць намеснік дырэктара па вытворчасці прадпрыемства Нэлі Канстанцінаўна Хвошч.
Яна гартае падшытыя накладныя і называе як брэндавых у краіне вытворцаў: “Віцебскія дываны”, “Магілёўшкловалакно”, “Завод Прамбурвод”, “Світанак”, так і невядомых: “Тапс”, “ЛяТрюф”, “Кравец Груп”… Агульная колькасць партнёраў “Твестубы” – больш за сотню, і далёка не заўсёды ўшачане ведаюць, для чаго рыхтуюць чарговую партыю. Галоўнае, адпавядаць заяўленым характарыстыкам, гарантаваць якасць, бо хоць тубы і кардонныя, а вагу вытрымліваюць “непапяровую”. На іх намотваюць дываны і валакно, пакуюць цяжкія помпы, бітум ці… марынаваныя агуркі. Так, новы партнёр – Кіраўскі харчовы камбінат – заказаў бочачкі, якія для ўпакоўкі прадукцыі выкарыстоўваў і наш агароднінасушыльны завод.
Геаграфія паставак вельмі шырокая. Прадукцыя “Твестубы” ёсць у кожным горадзе і пасёлку Беларусі, дзе працуе “Еўраопт” – бо менавіта для гэтага сеткавага гіганта індывідуальны прадпрымальнік пастаўляе стрэйчплёнку, якая намотваецца на ўшацкія кардонныя гільзы невялікіх памераў.
Не менш шырокае і прызначэнне прадукцыі “Твестубы ПРА”. У асноўным яна ідзе для замацавання і транспарціроўкі тавару. Аднак служыць і асновай для самастойных новых вырабаў. Напрыклад, “Каньён-Заа”, “Кот і пёс” з бочачак робяць домікі, канапы для хатніх гадаванцаў. З гэтай фірмай у супрацоўнікаў нашай кампаніі завязаліся сумесныя стасункі – многія яе работнікі набылі сабе прыгожыя прылады, якія вельмі даспадобы катам. А вось падарунак РУП “Белкартаграфія” – стрэйчкарту свету – пакуль не павесілі. Гэта модны зараз падарунак, на якім трэба сціраць ахоўны слой на выяве той краіны, дзе пабываў. Наогул дзякуючы сваёй здавалася б не надта цікавай вытворчасці супрацоўнікі “Твестубы” ў курсе асноўных накірункаў развіцця айчыннай прамысловасці, а таксама сувенірнай прадукцыі. Менавіта перад Новым годам яны займаюцца пашыраным выпускам прыгожых скрыначак, у якія Брэсцкі панчошны камбінат не першы год пакуе шкарпэткі, лікёра-гарэлачныя заводы – падарункавыя экзэмпляры, харчовыя камбінаты – пячэнне ці цукеркі.
І штогод “Твестуба ПРА” прырастае новымі партнёрамі. Так, з лета супрацоўнічаюць з “Бумексам”, што выпускае папяровую прадукцыю, Малінаўшчызненскім спіртзаводам , “Мегатопам” – хаця нават не ведаюць, што іменна кампанія па продажы абутку пакуе ў даўгія тубусы. З’явіліся да Новага года і такія заказчыкі, як рэлігійная абшчына рымска-каталіцкай царквы з-пад Мінска.
Прычым, рэкламу ўшацкая фірма не дае ні ў якія сродкі масавай інфармацыі. Яна ў ёй не мае патрэбы: іх знаходзяць праз сайт, з дапамогай “сарафаннага радыё” і, канечне, дзякуючы рабоце намесніка генеральнага дырэктара, які і займаецца вывучэннем рынкаў збыту і маркетынгам. Больш таго, могуць сабе дазволіць і адмаўляць, выбіраючы больш выгадныя заказы – напрыклад, прыгожую падарункавую ўпакоўку, у якую некаторыя кампаніі проста фасавалі цукеркі, выпускалі мінімум па 500 адзінак.
Практычна ўся прадукцыя “Твестубы ПРА” – імпартазамяшчальная – раней яе завозілі выключна з-за мяжы. Зараз яны закрываюць айчынны рынак і нават пастаўляюць у іншыя краіны: летась – у Расію, дзе, дарэчы, ёсць вытворцы падобнага тавару. І пастаянна развіваюцца – у 2019-м годзе зманціравана абсталяванне і абкатаны выпуск вугалкоў – абсалютна новага віду прадукцыі з кардону, які таксама не выпускаецца ў Беларусі. Зараз удзельнічаюць у некалькіх тэндарах, якія і павінны назваць новых заказчыкаў. Чарговых, якія становяцца пастаяннымі.
Вольга КАРАЛЕНКА.