Падчас апошняга візіту на Ушаччыну паэт і журналіст Навум Гальпяровіч сустракаўся з нашым самадзейным паэтам Аляксандрам Лосевым. Разам яны наведалі сядзібу-музей Васіля Быкава, дзе Аляксандр Сяргеевіч выказаў меркаванне, што месцы нараджэння творцаў на Ушаччыне – праз кожныя дзесяць кіламетраў: Пуцілкавічы Петруся Броўкі – Старынка Еўдакіі Лось – Бычкі Васіля Быкава – Верасоўка пад Ушачамі Рыгора Барадуліна. Тады Н.Гальпяровіч зрабіў заўвагу, што ад Бычкоў да райцэнтра большая адлегласць. “Зараз жа на гэтым маршруце можна смела называць Загуззе. І гэта цалкам пацвярджае маю схему аб канцэнтрацыі творцаў на нашай малой радзіме” – задаволена казаў А.Лосеў падчас прэзентацыі кнігі Людмілы Дунец “Жанчына і птушка”.
Праходзіла яна ў раённай бібліятэцы, дзе зараз і працуе аўтар, ураджэнка невялікай вёсачкі. Яе літаратурны дэбют адбыўся даўно, якраз у нашай раённай газеце, а потым Людміла Якаўлеўна значны час жыла і працавала ў Віцебску. І хоць прафесійная дзейнасць не была звязана з літаратурай, пісаць вершы не перастала. І вось, нарэшце, ёй удалося ажыццявіць сваю мару – выпусціць зборнік. “Вобраз сіняй птушкі, птушкі шчасця і ўдачы са мной з дзяцінства, яго пранесла праз гады”, – тлумачыла паэтэса выбар назвы кнігі.
Яна расказала пра гісторыю яе стварэння, пра свой творчы лёс і літаратурныя дасягненні, якія мае на сённяшні дзень. Л.Дунец з’яўляецца старшынёй Віцебскага аддзялення беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь”, фіналістам і лаўрэатам міжнародных літаратурных конкурсаў і фестываляў, сааўтарам клуба “ЛітКафейнік” у абласной сталіцы, вядучай праекта “Літаратурны вернісаж” на базе Віцебскага мастацкага музея. “Першая кніга: многа гэта ці мала? Для здзяйснення дваццацігадовай мары – многа. Для творчай жа спадчыны аўтара – мала”, – дзялілася паэтка.
Госці, якія завіталі на прэзентацыю, прыхільна ўспрымалі творы паэтэсы. “Кожны раз, калі ехала на малую радзіму, мяне агортвала хваляванне, як толькі бачыла знак “Ушацкі раён”, – казала аўтар. І сапраўды, многія вершы прысвечаны Ушаччыне і блізкім людзям, што адлюстроўваецца ў назвах, – “Суседскі калодзеж”, “Дзед”, “Бабуля”.
І ўсё ж асноўная тэма зборніка – унутраны свет сучаснай жанчыны ў розных яго праяўленнях. Часам – не самых і прыемных, але кніга напоўнена марамі і перажываннямі, каханнем і дабрынёй, імкненнем да шчасця. І менавіта таму самы вялікі яе раздзел называецца “Жанчына”, папярэднічаюць яму раздзелы “Дзяўчынка” і “Дзяўчына”.
Прэзентацыя прайшла ў надзвычай цёплай атмасферы, з жывой музыкай у цудоўным выкананні выкладчыцы дзіцячай школы мастацтваў Ірыны Коршун. Сярод гасцей мерапрыемства былі і аднакласніцы, і настаўніцы Л.Дунец, якія выказалі шмат добрых слоў у адрас як аўтара, так і яе кнігі. Людміла Мікалаеўна Цяцерка, напрыклад, падрыхтавала своеасаблівую паэтычную імпрэзу на кнігу былой вучаніцы. А яшчэ падарыла вырабленую ўласнымі рукамі ляльку, прывабную беларусачку-ушачанку з сімвалічным пісьмовым пяром у руцэ. Шмат прыемных слоў і пажаданняў агучылі таксама мастацкі кіраўнік народнага клуба “Муза” Людміла Васільеўна Смыслова, А.С.Лосеў.
Л.Дунец вярнулася на малую радзіму і зараз будзе чэрпаць натхненне ад роднай зямлі, плануе пісаць пра сваіх землякоў, прычым і на беларускай мове, спрабуе сябе і ў прозе. “За матэрыялам для сюжэтаў тут далёка хадзіць не трэба, – казала аўтар. – Навокал шмат цікавых людзей і падзей, якім абавязкова знойдзецца месца ў новых вершах і апавяданнях”.
Напрыканцы сустрэчы кожны госць атрымаў неардынарны падарунак: “Інструкцыю да шчасця”, старанна складзеную аўтарам паэтычнай кнігі, у якой сіняя птушка шчасця – і ёсць галоўная дзеючая асоба. “Трэба сваю мару перавесці ў разрад задачы, старацца яе выканаць і тады яна здзейсніцца!” – гэты дэвіз Л.Дунец, які прыйшоўся да спадобы ўсім удзельнікам мерапрыемства, можа ўзяць на ўзбраенне любы.
Дзмітрый Раманоўскі.