В Замошье будет теннисный корт и пляж, а в Боярщине появилась остановка безопасности. Вести из сельских советов Ушаччины

Общество

Зона адпачынку

ў скверы аграгарадка Арэхаўна папоўніцца новымі турнікамі, лесвіцамі. Спартыўныя аб’екты на суму 800 рублёў закуплены Сарочынскім сельвыканкамам за сродкі самаабкладання і будуць устаноўлены вясной. Гэта месца масавага адпачынку штогод прырастае новымі малымі формамі.

Узнімае настрой… і не толькі

Аўтобусны прыпынак вёскі Баяршчына стаў трэцім аб’ектам, дзе Кубліцкі сельвыканкам прапагандуе бяспечныя паводзіны ў быце. На сцяне крытага павільёна малюнак, які папярэджвае пра недапушчальнасць выпальвання сухой расліннасці. У чаканні аўтобуса ён не толькі ўзніме пасажырам настрой яркай расфарбоўкай, але і прымусіць задумацца над актуальнай для сельскай мясцовасці тэмы. Размалёўвала прыпынак жыхарка гарпасёлка Ганна Бабянок, спонсарам жа работ па ўсіх трох аб’ектах выступілі раённыя энергагазінспекцыя, аддзел па надзвычайных сітуацыях і ДРБУ-105.

Будзе пляж, пляцоўкі, корт

Дачнікі вёскі Замошша ІІ ініцыявалі будаўніцтва зон адпачынку для агульнага карыстання. Згодна праекта, які заказваў Ушацкі сельвыканкам, у вёсцы будзе пляж, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі і нават тэнісны корт. Меліяратары раёна ўжо зрабіла планіроўку, а ўсе работы мяркуюць закончыць да пачатку дачнага сезона. Сродкі на зоны адпачынку і спартыўныя аб’екты выдзяляюць дачнікі, якія ўжо выдаткавалі 5 тысяч для будаўніцтва гравійнай дарогі да сваіх катэджаў, што стаяць на беразе возера Вязна.

Пасвятлелі могілкі

Самыя распаўсюджаныя звароты вяскоўцаў звязаны з выдаленнем аварыйных дрэў, у прыватнасці на могілках. Паступаюць такія і да старшыні Ушацкага сельвыканкама Міхаіла Пятровіча Хоміча, які арганізаваў работы і цяпер пагрозы помнікам не паўстае на месцах пахавання ў Заазер’і Угрынках і на двух – у Глыбачцы.

Аднавілі помнік ветэрану

Былы камандзір другой партызанскай брыгады імя Панамарэнкі Міхаіл Іванавіч Дзьячкоў памёр у 1962 годзе. А паколькі ніхто з родных ветэрана не жыве не толькі ў аграгарадку Глыбачка, але і ў нашым раёне, старшыня сельсавета В.В.Шаршнёў ініцыяваў годную справу па замене старога помніка. Супрацоўнікі музея народнай славы імя У.Е.Лабанка адшукалі ў архівах фотаздымак партызана, а Віктар Віктаравіч заказаў новы гранітны абеліск, які яму дапамаглі ўстанавіць работнік сельскага Дома культуры Аляксандр Васільевіч Яршоў і пенсіянер Аляксандр Паўлавіч Мядзюшка.

Лепшыя ў добраўпарадкаванні

Вяркудскі сельвыканкам падвёў вынікі конкурсу добраўпарадкавання. Лепшым ветэранскім падворкам прызнана сядзіба Ніны Аляксандраўны Каваленкі з вёскі Горы 1, якая даглядае вялікую тэрыторыю і змагаецца з распаўсюджваннем баршчэўніку. Сярод працуючых вяскоўцаў пераможцамі стала сям’я Анатоля Іванавіча і Наталлі Анатольеўны Шарамет з Дубраўкі. На апошняй сесіі сельскага Савета ім будуць уручаны дыпломы і каштоўныя падарункі.

Пачысцелі Адворня і Мосар

У Сарочынскім сельсавеце перавыканалі план па зносе старых і пустуючых дамоў – замест двух не засталося следу ад шасці. Атрымалася гэта ў прыватнасці дзякуючы таму, што палову пабудоў разабралі грамадзяне, а яшчэ тры і два фундаменты ўбірала фірма “Меналайн”. У выніку праведзеных работ папрыгажэлі вёскі Мосар, Пятніцы, Адворня.

Дзве прыгожыя альтанкі

ўстанавіў сельвыканкам у аграгарадку Вялікія Дольцы ў скверы побач з клубам, а таксама ля саджалкі. Драўляныя, вырабленыя прамкамбінатам, яны зверху накрыты металапрофілем. Перавезці і ўсталяваць малыя архітэктурныя формы сельвыканкаму дапамагло КУСГП “Вялікадолецкае”.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *