Дзед Мароз нагадаў правілы бяспекі
У Віцебску выратавальнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада “Віцязь” памянялі сваё звыклае амплуа і пераапрануліся ў Дзядоў Марозаў. Каб павіншаваць пацыентаў Віцебскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, яны з дапамогай альпінісцкага ўзбраення спусціліся з даху пяціпавярховага будынка ўстановы аховы здароўя, пастукаўшы ў акенца кожнага хворага дзіцяці. Пасля зазірнулі ў палаты і ўручылі ўсім прэзенты.
Узняць настрой у рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год” дзецям, якія, па стане здароўя, магчыма, не змогуць трапіць на навагоднія ранішнікі, вырашылі і ўшацкія выратавальнікі. Для пацыентаў дзіцячага аддзялення райбальніцы яны арганізавалі тэматычную забаўляльную праграму. Падчас гульні – паўтарылі асноўныя правілы бяспекі, кожнаму пажарны Дзед Мароз уручыў памятныя падарункі ў выглядзе размалёвак, кніжак. Зрэшты, з гэтым казачным персанажам у форме за апошні тыдзень сустрэліся многія ўшачане. Напрыклад, на рынку ён віншаваў усіх з надыходзячымі святамі, даваў пакупнікам рэкамендацыі па бяспечным выкарыстанні піратэхнічных вырабаў, распавядаў, як правільна ўстанавіць і ўпрыгожыць навагоднюю ёлку, прапаноўваў паўдзельнічаць у конкурсах, а з маленькімі дзецьмі адгадваў загадкі, каб замацаваць некаторыя правілы бяспекі. Яшчэ раз асвяжыў у памяці і нумары выкліку экстранных службаў, а таксама алгарытм дзеянняў у выпадку пажару. Даведаліся новае аб бяспецы і прадаўцы гандлёвых ралетаў. Усім наведвальнікам рынка Дзед Мароз прапаноўваў зрабіць памятную фатаграфію, дарыў прызы і памяткі па бяспецы ў зімовы перыяд. Аналагічнае мерапрыемства работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях правялі таксама ў гандлёвым цэнтры “Родны кут”, а таксама фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”.
У гарпасёлку няма кропак, дзе рэалізуюцца піратэхнічныя вырабы, толькі бенгальскія агні. Выратавальнікі правялі эксперымент, праверыўшы, ці прададуць такі тавар дзецям. Высветлілася, што ўсе прадаўцы адказна падыходзяць да гэтага пытання.
Завяршыцца навагодняя прафілактычная акцыя ў апошнія дні 2019-га года. У планах пажарнага Дзеда Мароза яшчэ сустрэча з юнымі ўшачанамі падчас ранішнікаў у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Вольга КАМАРКОВА.
… і праверыў спраўнасць пліты
Не толькі праверкі, але і гульні, віншаванні, падарункі… У незвычайны рэйд накіравалася напрыканцы мінулага тыдня назіральная камісія Ушацкага сельвыканкама. Да традыцыйнага яе саставу напярэдадні навагодніх і калядных святаў далучыўся сам Дзядуля Мароз. Нагода ж для гэтага абгрунтаваная: у маршруце – адрасы мнагадзетных сямей, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія.
Вечар пятніцы. Збіраемся на агляд домаўладанняў у вёску Ліпавец. У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сацыяльнай і газавай службаў. З апошняй, дарэчы, і пераўвасобіўся ў галоўнага героя зімовых святаў.
У першым доме выхоўваецца пяцёра дзетак. І пакуль іх маці расказвала гасцям пра наладжаны быт, дэманстравала газавую пліту, устаноўленыя пажарныя апавяшчальнікі, яны актыўна дзяліліся сваімі ведамі па захаванні бяспечных умоў жыцця, за што атрымлівалі цукеркі ад сельвыканкама і памятныя сувеніры ад выратавальнікаў. Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ушацкага РАНС Крысціна Карзянок расказала аб рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Бяспечны Новы год”, правілах карыстання піратэхнікай. А дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Ціханава нагадала гаспадыні пра магчымасць атрымання праз сацслужбу розных дзяржаўных выплат.
Другі адрас – і крыху іншая сітуацыя, якая выклікала пэўныя пытанні ў членаў камісіі. Катастрафічнымі ўмовы ў доме ўсё ж назваць нельга, таму, каб не псаваць жанчыне і семярым яе дзецям святочнага настрою, вырашана ўзяць сям’ю “на аловак” і вярнуцца сюды пазней, калі малыя будуць у школе ці садку.
І яшчэ два адрасы. Сур’ёзных парушэнняў правілаў бяспекі не выяўлена, што з’яўляецца вынікам планамернай прафілактычнай работы з боку зацікаўленых службаў.
– Камісія даўно выпрацавала методыку зносін з грамадзянамі. Ведаем у твар сваю «кліенцкую базу», – кажа старшыня Ушацкага сельвыканкама Міхаіл Хоміч. – Перш за ўсё імкнёмся комплексна ацаніць узровень бяспекі ў кожнай сям’і, указаць на недахопы, якія могуць стаць прычынай надзвычайнай сітуацыі, а калі спатрэбіцца, дапамагчы ў іх вырашэнні. Не пакідаем без увагі санітарны стан жылля і прылеглай тэрыторыі, цікавімся здароўем жыхароў.
У бліжэйшы час члены назіральнай камісіі наведаюць дамы, у якіх пражываюць пажылыя грамадзяне, інваліды і іншыя. Выкарыстоўваецца любая магчымасць, каб зрабіць умовы іх пражывання максімальна бяспечнымі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.