“Калі праходжу па цэнтральнай плошчы гарпасёлка, заўсёды перапаўняюць узнёслыя пачуцці, – кажа ўшачанка А.М.Жук. – У ліку Ганаровых грамадзян, якія сваёй дзейнасцю, гераічнымі подзвігамі праславілі наш раён, на Дошцы значыцца прозвішча майго роднага дзядулі, поўнага кавалера ордэна Славы Аніса Андрэевіча Клопава”. Між іншым, побач з праслаўленым сваяком, у ліку перадавікоў 2018 года аказалася і сама Алена Мечыславаўна.
І хоць не было сярод блізкіх настаўнікаў, з самага дзяцінства яна была ўпэўнена, што звяжа свой лёс менавіта з педагогікай. Рассаджваючы на канапе лялек, яшчэ дзяўчынкай уяўляла сябе на ўроку, у акружэнні дзяцей, прыдумвала розныя школьныя сітуацыі. Адна з іх, дарэчы, паўтарылася напачатку працоўнай дзейнасці А.М.Жук. Вучні забыліся (ці не захацелі) падрыхтаваць да заняткаў дошку. Маладая настаўніца не разгубілася, успомніла свае дзіцячыя “напрацоўкі” і спакойна пачала запісваць новы матэрыял прама паверх старых запісаў і малюнкаў. Разабрацца ў шматлікіх формулах дзецям было няпроста, затое пасля гэтага выпадку дошку яны трымалі ў ідэальным выглядзе.
Пасля заканчэння Ушацкай школы ўраджэнка райцэнтра па накіраванні паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут (зараз ВДУ імя П.М.Машэрава), дзе абрала хіміка-біялагічны профіль. І вось ужо на працягу 20 гадоў, як кажуць, сее разумнае, добрае, вечнае на малой радзіме. Пачынала ў Касарской школе, дзе выкладала не толькі хімію і біялогію, але і геаграфію. Пасля дэкрэтнага адпачынку стала метадыстам у аддзеле па адукацыі, падпрацоўвала ў Мосары і Ушачах. Пазней лёс зноў вярнуў яе ў Касары, потым – у Двор Пліна, а з закрыццём мясцовай школы – у Вялікія Дольцы, дзе зараз працуе настаўнікам хіміі, біялогіі і геаграфіі. Паспявае спраўляцца і з абавязкамі метадыста ва Ушачах.
Кожны ўрок Алены Мечыславаўны – у пэўным сэнсе адкрыццё. Яна не абмяжоўваецца “сухім” матэрыялам падручнікаў, заўсёды знаходзіць штосьці цікавае, што развівае экалагічную культуру, эканамічную адукаванасць вучняў, выкарыстоўвае ў рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Колькасці заваяваных вучнямі А.М.Жук узнагарод на розных конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, напэўна, пазайздросцяць многія. Зрэшты, як і дасягненням самога педагога, у прафесійнай скарбонцы якога нямала грамат і дыпломаў, а таксама публікацый у навуковых выданнях.
Алена Мечыславаўна таксама адказвае за работу школьнага лясніцтва, са старшакласнікамі праводзіць акцыі па добраўпарадкаванні, зборы другаснай сыравіны. Пад яе кіраўніцтвам каманда школы штогод рыхтуецца да ўдзелу ў інтэлектуальных спаборніцтвах рознага ўзроўню. І робіць гэта паспяхова: тры гады запар на раённым конкурсе “Эрудыт” “Разумісты” святкавалі перамогу. Нямала дасягненняў у падапечных А.М.Жук, навучэнцаў “Школы юнага прадпрымальніка” і ў інавацыйнай дзейнасці. Адно з нядаўніх – першае месца, якое заваяваў Руслан Крыштопенка ў конкурсе бізнес-праектаў “Прыступкі поспеху” ў намінацыі “Аграбізнес”. Па плячы школьнікам, з якімі працуе Алена Мечыславаўна, і менеджмент з маркетынгам – ужо два гады яны становяцца лаўрэатамі конкурсу “Мая прафесійная будучыня”.
– Мне пашанцавала з калектывам, – кажа жанчына: усе задумы падтрымліваюцца адміністрацыяй, а з калегамі мы на адной хвалі. З Віктарам Мікалаевічам Шышовым, які гэтак жа выкладае хімію і біялогію, плённа працуем над рэалізацыяй розных праектаў. Адзін з самых знакавых – міжнародны “EU4Youth “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва. Ужо двойчы наша школа аказвалася ў ліку пераможцаў конкурсу сярод прышкольных участкаў у яго рамках і атрымлівала грашовыя гранты на далейшае развіццё.
Вялікія планы ў педагогаў і на праект па энергазберажэнні. У дзень нашай сустрэчы з А.М.Жук якраз кіпела работа па яго рэалізацыі ў школьнай цяпліцы – старшакласнікі займаліся вырабам прылад, якія дазволяць выкарыстоўваць сонечную энергію для падтрымання ўнутры годнай тэмпературы.
Арганізацыяй ва ўстановах адукацыі Ушаччыны работы па энергазберажэнні, даследчай дзейнасці, аздараўленні школьнікаў займаецца Алена Мечыславаўна і як метадыст аддзела па адукацыі. Такая разнастайнасць спраў па душы спецыялісту. Бачыць жа вынік сваёй работы, а гэта шматлікія ўзнагароды дзяцей у конкурсах, паспяховая здача імі цэнтралізаванага тэсціравання, заўсёды прыемна.
Дарэчы, у педагогіцы знайшлі сябе і яе сёстры. Старэйшая Антаніна – дацэнт, кандыдат эканамічных навук, выкладчык Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта гандлёвай кааперацыі. Сярэдняя Людміла – настаўнік матэматыкі і фізікі ў Арэхаўскай школе. Напэўна, як ніхто іншы, яны разумеюць, якой цаной А.М.Жук дасягае прафесійных вяршыняў, колькі часу праводзіць за навуковай літаратурай. А ўсё для таго, каб даць школьнікам неабходны багаж ведаў, убачыць і раскрыць іх таленты.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.