Для многіх бабуля – родны чалавек, які прыходзіць у госці з ласункамі, пячэ смачныя піражкі ды аладкі, дазваляе дзіцяці тое, на што часам уводзяць забарону бацькі, і балуе сваёй увагай. А вось Валянціна Генадзьеўна Сталбунова для сваіх траіх унукаў стала і мамай, і татам, поўнасцю ўзяла на сябе клопаты па іх выхаванні. І стараецца, каб іх сям’я была моцнай і дружнай.
Дзяцінства і юнацтва Валянціны Генадзьеўны прайшло ў вёсцы Хоціна Бешанковіцкага раёна – на радзіме знакамітага генерала Даватара. Некалькі гадоў працавала прадаўцом у Уле, а пазней пераехала на Гродзеншчыну, дзе прадоўжыла свой прафесійны шлях у сферы сувязі. Аднак лёс прывёў яе з горада ў вёску, з Ашмян на Ушаччыну. На вяселлі знаёмых сустрэлася са сваім будучым абраннікам і засталася тут назаўсёды. Маладой сям’і вадзіцеля і нарміроўшчыцы выдзелілі кватэру ў Дубраўцы. Сімвалічна, што працавала ў саўгасе імя Даватара. Завочна атрымала яшчэ і спецыяльнасць заатэхніка-селекцыянера, 8 гадоў прымяняла свае веды на практыцы, пэўны час была яшчэ і спецыялістам па асабістых падсобных гаспадарках, кантралюючы закупкі лішкаў прадукцыі ў насельніцтва. У той час у кожным двары трымалі карову і садзілі не адну сотку агародніны. А амаль два дзясяткі гадоў перад выхадам на пенсію прысвяціла рабоце ў Белдзяржстраху, абслугоўваючы жыхароў былога Дубраўскага сельсавета. “У кожнай справе ёсць складаныя моманты, няпроста было і мне перастроіцца на новы лад, але ў хуткім часе пастаянныя зносіны з людзьмі сталі прыносіць мне задавальненне. Дзе пешшу, дзе на веласіпедзе дабіралася да сваіх кліентаў. Быць жа ў пастаянным руху – значыць быць у тонусе”, – гаворыць Валянціна Генадзьеўна.
Сямейнае ж жыццё з абраннікам разладзілася, а калі падраслі дзеці, яны разышліся. Аказалася, што гэта не адзіны нялёгкі жыццёвы паварот. Далёка не ўсё гладка было ў сям’і сына, і трое ўнукаў апынуліся ў дзіцячым прытулку. Канечне, змірыцца і пусціць усё на самацёк сэрца Валянціны Генадзьеўны не магло. Спачатку не атрымлівалася забраць адразу ўсіх дзетак да сябе з-за рабочых абставін – на той момант яна яшчэ працавала страхавым агентам. Але пры першай жа магчымасці Даша, Мілана і Максім пачалі жыць усе разам, а бабуля стала іх апекуном.
“Старшая Дар’я ўжо вучыцца ў 11 класе, вызначаецца з будучай прафесіяй. Меншая Мілана захапляецца спортам, скачкі ў даўжыню, бег і плаванне – гэта яе “канёк”. Максім ніколі не супраць паўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці ў нашым сельскім клубе”, – з цеплынёй расказвае Валянціна Генадзьеўна, чакаючы дзяцей са школы. Канечне, жанчына не ўтойвае, што выхаванне ўнукаў – няпростая задача, у кожнага свой характар, але яна імкнецца, каб дзеці адчувалі яе клопат і любоў і нічым не былі абдзелены. Выдатным падспор’ем для сям’і з’яўляецца падсобная гаспадарка, і дзеці ў гэтым прымаюць самы актыўны ўдзел: ускопваюць градкі, займаюцца праполкай і палівам. Найбольш іхняга клопату дастаецца клубніцам, з якіх потым варыцца ўсімі любімае варэнне. Зрэшты, многае рабіць разам у гэтай сям’і ўжо традыцыя. Напрыклад, “чараваць” на кухні. Адной з самых любімых страў з’яўляецца курнік. А яшчэ ўсёй сям’ёй яны захапляюцца летняй і зімовай рыбалкай.
Не пакідаць у бядзе блізкіх – жыццёвы прынцып Валянціны Генадзьеўны. Нядаўна спатрэбіўся догляд яе адзінокай цётцы з Браслава, і яна забрала яе да сябе ў Дубраўку. “Мне нельга старэць і падаць духам, і ўнукі натхняюць мяне ва ўсім!” – прызнаецца жанчына. А таму штодня сярод мноства хатніх спраў яна абавязкова ўдзяляе час прагулкам на свежым паветры, калі раней у клубе працавала група па фітнэсе, то пастаянна наведвалася туды. Зараз жа з’яўляецца актыўнай удзельніцай усіх мерапрыемстваў установы.
Галоўная яе мэта – вырасціць дастойнымі людзьмі ўнукаў. Тое, што яны сапраўды дружныя, бачна, калі ўсе разам бяруцца дапамагчы бабулі па доме і гаспадарцы. І становіцца зразумела: у яе ёсць надзейны тыл – удзячныя і любячыя ўнукі. А дакладней, дзеці, бо яна для іх – другая мама.
Вольга КАМАРКОВА.