Вакальны твор “Праважала маці сына” з цыкла “Праз усю вайну”, што належыць пяру геніяльнага песняра Уладзіміра Мулявіна, у творчай біяграфіі вакальнага гурта “Натхненне” (зараз – “Рэнесанс”) займае асаблівае месца. Менавіта з ім быў звязаны першы буйны поспех маладога калектыву, які ў пачатку 2000-х заявіў пра сябе, атрымаўшы перамогу ў рэспубліканскім конкурсе “Песні юнацтва нашых бацькоў”.
Незвычайнай была і гісторыя з’яўлення гэтага твору ў рэпертуары квартэта. Пачуўшы песню на пласцінцы, яго кіраўнік Жанна Савіцкая загарэлася ідэяй здабыць партытуру, і ў 2001 годзе па шчаслівым выпадку да яе трапілі рукапісныя ноты самога Мулявіна. Прызначаны твор быў для мужчынскага калектыву, і яго давялося істотна перарабіць. Атрымалася эксклюзіўная апрацоўка, у якой партыі чатырохгалосся пераплятаюцца дзіўна і арганічна. І песня стала адной з візітовак квартэта. “Былі нават выпадкі, калі калегі з вакальных гуртоў прасілі прадаць ім партытуру, але мы адмовілі”, – прыгадвае Ж.Савіцкая. Зорным часам стаў для твора 2010-ы, калі святкавалася 65-годдзе Вялікай Перамогі: нашы дзяўчаты выконвалі яго ў Палацы рэспублікі, аздабляючы пастаноўку акцёраў тэатра імя Якуба Коласа, а таксама атрымалі спецыяльны прыз удзельніка легендарнага складу “Песняроў” Уладзіслава Місевіча, як быў старшынёй журы конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Еўропа плюс Полацк-2010”. Прынамсі, менавіта да гэтых канцэртаў былі пашыты чорныя касцюмы, у якіх нашы дзяўчаты выглядаюць надзвычай элегантна.
Прайшло ўжо амаль дзесяцігоддзе, але па-ранейшаму актуальныя і ўборы, і сам нумар – менавіта з ім выйшлі на сцэну рэспубліканскага конкурсу патрыятычнай песні “Сердцем причастны”, што праходзіў у мінулыя выхадныя ў Оршы, ушацкія спявачкі. Выступленне зноў аказалася ўражваючым: гурт заняў першае месца ў намінацыі, дзе спаборнічалі вакальныя ансамблі і харавыя калектывы.
“Гэта буйны міжнародны фестываль-эстафета, канцэрты якога ладзяцца ў гарадах Расіі і Беларусі, – расказвае Ж.Савіцкая. – Стварыў праект Мікалай Турчак – удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане і Чачне, адзін з лідараў віцебскай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мерапрыемства ў Оршы праходзіла ў конкурсным фармаце і сабрала самадзейных артыстаў не толькі з Расіі і Беларусі, а і з Германіі, Прыбалтыкі. Прыемна, што ў сваім жаданні стаць часткай гэтага маштабнага дзейства мы знайшлі падтрымку ў дырэктара дзіцячай школы мастацтваў С.В.Парашкіна. Хачу выказаць шчырыя словы падзякі ўдзельніцам квартэта Алене Сазонавай, Алесі Іўліевай, Ірыне Коршун за прафесіяналізм і вернасць калектыву. Нам вельмі радасна, што ўдалося дастойна прадставіць Ушаччыну – край, дзе паняцце “патрыятызм” мае асаблівы сэнс”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.