Как «ведёт себя» зимняя и летняя резина на скользкой дороге? Эксперимент сотрудников редакции и Госавтоинспекции

Закон - один для всех Профилактика и безопасность

З 1 снежня на легкавых аўтамабілях павінна быць устаноўлена зімняя гума. За яе адсутнасць вадзіцеляў будуць караць. Зрэшты, штрафы – не самамэта, а вымушаная мера прывучыць аўтамабілістаў да бяспечнай язды. Бо машына без шын па сезоне – першы кандыдат на трапленне ў дарожна-транспартнае здарэнне. У праўдзівасці такой аксіёмы з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі мы пераканаліся падчас нядаўняга эксперыменту.

Наша мэта – параўнаць тармазны шлях двух аўтамабіляў. Адзін, як і патрабуецца, у зімніх шынах. Другі дагэтуль “носіць” летнія. Дарэчы, знайсці аднолькавыя па масе і габарытах не атрымалася: практычна ўсе свой транспарт ужо “пераабулі”. Устойлівасць і кіравальнасць на дарозе ў машын, канечне, адрозніваюцца, аднак на вынік праверкі гэта паўплывае нязначна.

Месца для эксперыменту – адна з вуліц гарпасёлка. У будны дзень рух тут невялікі – тое, што трэба! Для большай нагляднасці выбіраем участак ля пешаходнага пераходу. Збіраемся высветліць, ці змогуць аўтамабілі нават на невялікай хуткасці своечасова спыніцца.

Пад’язджаем да месца і рэзка націскаем на тармазы. Знізу чуецца глухі скрыгат, але яшчэ не адзін метр транспарт працягвае рух. “Вельмі слізка!” – канстатуе старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Аляксандр Іванавіч Лісоўскі. Пераконваемся ў гэтым, выбраўшыся на непасыпаную пясчана-салянай сумессю дарогу. Слізка настолькі, што ў простых чаравіках адчуваеш сябе канькабежцам.

Машыны па чарзе стартуюць метраў за 125 ад “зебры”. Праехаўшы такую адлегласць, яны паспеюць разагнацца і ад вызначанай мяжы пачаць працэс тармажэння. З улікам стану дарогі абмяжоўваемся хуткасцю ў 40 км у гадзіну. Падрыхтаваны да зімы транспарт візуальна ідзе роўна, без заносаў і спыняецца перад самым пераходам. Яго тармазны шлях склаў 26 метраў. Чарга другога, на летняй гуме. Прадказальна спыніцца яму складаней, з самага пачатку руху заносіць у бакі. Замяраем тармазны шлях – 41 метр, пешаход аказаўся б пад коламі. Вырашаем арганізаваць другі заезд. Цяпер на хуткасці 45 км у гадзіну. Тармазны шлях першага аўто павялічваецца няшмат, што тлумачыцца добрым станам зімовай пакрышкі – глыбіня пратэктара складае 8 мм, што ўдвая больш мінімальна дапушчальнага параметра. Тым часам у другой машыны тармазны шлях павялічыўся адразу на 15 метраў – да 56. Ад трэцяй спробы з нарошчваннем хуткасці вырашаем адмовіцца: небяспечна. Супрацоўнікі ДАІ не сумняваюцца, што аўто з летняй гумай паляціць у кювет.

Бяспеку на дарозе зімой вызначаюць розныя фактары. Адбіваюцца нават невялікія ападкі і перапады тэмпературы. Калі раніцай вы дабіраліся на работу без праблем, не факт, што вяртацца будзеце ў такіх жа ўмовах. У Дзяржаўтаінспекцыі раяць выбіраць аптымальную хуткасць руху і адэкватна ацэньваць свой узровень вадзіцельскага майстэрства. Інакш нават зімняя гума не гарантуе бяспекі.

Кацярына Кавалеўская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *