Так мнагалюдна зараз нават не на будоўлі. Ільняныя палеткі пабілі ўсе рэкорды, ператварыліся ў мурашнікі, дзе кіпіць работа і людзей, і машын. Само надвор’е спрыяе таму, каб запрасаваць сухую трасту, звезці з палёў і працаваць заводу на наступны год з якаснай сыравінай. Таму і арганізаваны канвеер. Спачатку шэфы з прадпрыемстваў раёна і Полацка падымаюць стужкі, якія дажджамі прыбіла да зямлі, ставяць у конусы на прасыханне. Пазней іх жа зноў укладваюць у валкі, толькі ўжо два ў адзін. Услед за людзьмі тэхніка пачынае прасаванне. Згодна з сітуацыяй, на месцы прымаюць рашэнне работнікі льнозавода, размяркоўваюць людзей і тэхніку. Ёсць участкі, дзе лянок падымаць і не трэба, там пасля ўспушвальніка людзі адразу спарваюць стужкі, каб скараціць колькасць праходаў прэсаў.
Пра тое, што лён урадзіў, падказваюць самі палеткі. Пасля прайшоўшага ўспушвальніка валок такі, як у мінулым годзе некалькі. Таму і ўкладваюцца сёлета для прэспадборшчыкаў не тры ў адзін, як раней, а два. І вал як вал атрымліваецца. Адзінае, пра што папярэджваюць работнікі льнозавода, каб роўна рассцілаліся стужкі, не было ўзгоркаў, тады і лёгка бярэ тэхніка нават такую льняную коўдру. І шпарка ідзе ўслед людзям. Калі раней не хапала гатовай сыравіны – не паспявала высыхаць пасля прайшоўшых дажджоў, то зараз работы хапае ўсім: работнікам завода, якія таксама штодня выстаўляюць на палеткі па 50 чалавек, школьнікам, шэфам.
Па 300-350 чалавек і пад дваццаць адзінак тэхнікі (не лічачы аўтобусаў, задзейнічаных на перавозцы людзей) з мінулага панядзелка заняты на ўборцы льну. Работы не спыняюцца і ў выхадныя. І лічаныя дні засталіся, каб іх завяршыць. Гэта, пэўна, асноўны пабуджальны матыў для ўсіх, а асабліва для шэфаў – не расцягваць камандзіроўкі на поле да белых мух, а як мага хутчэй завяршыць уборку.
На панядзелак ужо было паднята 470 гектараў – 90 працэнтаў ад усіх ільняных палеткаў. Запрасавана на 350, звезена на 260 гектарах. Не заўсёды аднолькава арганізавана праходзяць работы, аднак, тым не менш, сёлета мы атрымаем рэкорд па самай хуткаснай у гісторыі раёна ўборцы льну. Па-першае, аб’ёмы не тыя: сёлета напалову меней пасеяна льнозаводам, чым летась. Па-другое, максімальная канцэнтрацыя сіл прыкладзена, каб вырашчанае ператварыць у канкурэнтаздольную сыравіну, атрымаць як мага больш даўгога валакна.
В.КАРАЛЕНКА. На здымках:
на льняных палетках людзі і машыны.