Церковь Пресвятой Богородицы в Дубровке любят посещать как православные, так и католики

Общество

Кажуць, храм – гэта нітачка, якая звязвае зямлю і неба. Менавіта такім месцам, здольным зберагчы ад непрыемнасцяў, даць душэўнае заспакаенне, з’яўляецца Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Дубраўка. З моманту адкрыцця, датаванага 2011 годам, яна стала цэнтрам рэлігійнага жыцця тутэйшай мясцовасці. Зараз да прыхода належыць некалькі соцень чалавек.

– Гэта адзiная дзеючая праваслаўная царква на ўвесь Вяркудскі сельсавет, – зазначае ініцыятар будаўніцтва храма Б.Т.Юргенс. – Калі стаў дырэктарам КУСГП “Дубраўка”, матуля сказала: “За дысцыпліну, сынку, пытай, аднак шкадуй людзей, на іх долю ў розныя часы выпала шмат выпрабаванняў. Зрабі хоць невялікую каплічку, каб усе жадаючыя маглі прыхінуцца да Бога”. Я ж пайшоў далей: спачатку дабіўся таго, каб на ўездзе ў вёску быў устаноўлены крыж з іконай, а затым былы будынак бальніцы і магазіна, што пуставаў, ператварыўся ў царкву. Зрэшты, сам з’яўляюся каталіком. Храм жа – праваслаўны, па веры большай часткі мясцовага насельніцтва. Усе мы хрысціяне, таму аднолькава часта прыходзім сюды за Боскай падказкай.

На будаўніцтва царквы спатрэбіліся немалыя сродкі. Па словах Богдана Тадэвушавіча, збіраў іх каля дзесяці гадоў. Знаёмыя нават падсмейваліся, маўляў, мог бы сабе купіць новенькі аўтамабіль. Мужчына ж ніколі не пашкадаваў пра такое сваё “ўкладанне”. Ён упэўнены: нябесны заступнік за гэта шчыра аддзячыў, дапамог перажыць некалькі складаных аперацый.

Дарэчы, і зараз ­Б.Т.Юргенс, хоць ужо і не жыве ва Ушацкім раёне, часта бывае ў Дубраўцы, наведвае храм і дбае пра яго годны стан. Сёлета за сродкі мужчыны тут устаноўлены новы “залаты” купал. Фундамент, які пачаў трэскацца, абкладзены пліткай, набытай у тым ліку за ахвяраванні прыхаджан. Святлодыёдную падсветку займела ікона, размешчаная на сцяне царквы. Ужо зараз яна з’яўляецца своеасаблівай падказкай для вернікаў: калі ўвечары гарыць – значыць заўтра на службу прыедзе айцец Вячаслаў. Ззяць яна будзе і ва ўсе навагоднія, калядныя святы. У планах Богдана Тадэвушавіча – “падсвяціць” з дапамогай сонечнай батарэі яшчэ і ікону на ўездзе ў Дубраўку.

– Удзячны ўсім, хто жыве клопатамі храма, дбае пра яго аздабленне, добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, – кажа Б.Т.Юргенс. – Сярод іх – прадстаўнікі пярвічнай ветэранскай арганізацыі на чале з Аленай Захараўнай Кучко і работнікі Дубраўскай бальніцы сястрынскага догляду з Ганнай Аляксееўнай Аскерка. Апошнія ўлетку даглядаюць шыкоўныя кветнікі ў царкоўным двары, абкошваюць траву, зімой чысцяць снег.

Увогуле, паміж установай аховы здароўя і храмам наладжана цесная сувязь. Дастаткова сказаць, што ключы ад апошняга захоўваюцца ў бальніцы, і кожны пацыент літаральна ў любы час можа пайсці ў царкву, каб памаліцца, пабыць сам-насам з Богам.

– На ўсе вялікія рэлігійныя святы да нас прыязджае благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец, – расказвае старшыня прыходскага савета Царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Дубраўцы Алена Аляксееўна Новікава (на здымку). – Праводзяцца тут і хрэсьбіны. Храм практычна ніколі не пустуе. Сярод самых актыўных нашых прыхаджан – Любоў Міхайлаўна Астрэйка, Надзея Міхайлаўна Жаваранак, Валянціна Генадзьеўна Сталбунова, Людміла Мікалаеўна Падсаднік, Галіна Анатольеўна Жогаль, Валянціна Ігнатаўна Паўловіч, Галіна Яўгенаўна Кішчанка і многія іншыя.

Калі летам бягучага года выдаўся моцны ўраган, у Дубраўцы, як у цэлым па раёне, паваліла нямала дрэў. Тыя ж, што ля царквы, устаялі. І ў гэтым вернікі бачаць глыбокі сэнс: значыць, тое, што робяць, ацэнена на нябёсах.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *