Страховые агенты Ольга Хилько и Татьяна Поляченко умеют найти подход к каждому клиенту

Общество

Быць сабраным, ветлівым, тактычным і заўсёды ісці да кліентаў у добрым настроі. Менавіта такіх правіл прытрымліваюцца страхавыя агенты Вольга Аляксандраўна Хілько і Таццяна Канстанцінаўна Палячэнка (на здымку). У тым, што ўсё ў іх атрымліваецца, сведчыць немалая колькасць заключаных дагавораў: з пачатку года 983 і 780 адпаведна.

За гэтымі лічбамі стаіць вялікая работа з патэнцыяльнымі кліентамі, пастаянныя раз’езды, уменне пераканаць, што рацыянальны чалавек сёння абавязкова застрахуе сябе, маёмасць, каб быць упэўненым у заўтрашнім дні. Акрамя таго ў прадстаўніка гэтай прафесіі, як кажуць, у руках павінна ўсё гарэць, трэба быць яшчэ і тонкім псіхолагам. І гэтыя жанчыны ўмеюць знаходзіць падыход да людзей.

“Калісьці нават і не думала, што звяжу сваё жыццё з гэтай прафесіяй, а зараз у іншай ужо сябе і не ўяўляю!” – прызнаецца Таццяна Канстанцінаўна, якая акрамя педагагічнай спецыяльнасці мае і дыплом тэхніка-тэхнолага швейнай вытворчасці. Больш двух дзясяткаў гадоў працавала ў КБА і Плінскай школе, а ў 2006-м улілася ў калектыў ушацкіх страхоўшчыкаў.

“Загадзя нагадваю людзям аб заканчэнні страхоўкі, іду насустрач кожнаму, падстройваюся пад пенсію ці зарплату. Калі бачу, што чалавек не ў настроі, яго нешта турбуе – не надакучваю і пераношу сустрэчу на іншы дзень”, – расказвае Т.К.Палячэнка. Зона яе абслугоўвання – у накірунку ад Цялічына да Зерчаніц. Да сваіх страхавальнікаў жанчына дабіраецца на аўтобусе ці з сынам на машыне, а ўлетку нярэдка адпраўляецца ў рабочае падарожжа на веласіпедзе, намотваючы круг у 35 кіламетраў праз Селішча, Лажане, Мажуйкі. Зрэшты, кліенты яе паважаюць, і калі бачаць, што ідзе пешшу, прапануюць падвезці.

Не заўсёды ў сілах чалавека засцерагчыся ад нягоды. Затое з якой удзячнасцю ўспамінаецца ў ліхую гадзіну той агент, якому, між іншым, так не хацелася аддаваць на ўзнос грошы. Былі такія выпадкі і на ўчастку Таццяны Канстанцінаўны. Напрыклад, калі адна сям’я вырашыла зэканоміць і адмовіцца ад страхавання буйной рагатай жывёлы. Але агент знайшла патрэбныя словы і аргументы, і гаспадыня ўсё ж згадзілася заключыць дагавор. Праз некаторы час пасля падзяжу буронкі атрымала выплаты і, сустрэўшы Т.Палячэнку, шчыра дзякавала.

Як жа без страхоўкі? У гэтым вось ужо больш 7 гадоў сваіх кліентаў з гарпасёлка, Глыбачкі, Лутава і іншых вёсак у полацкім накірунку пераконвае і В.А.Хілько. Юрыст па адукацыі прызнаецца, што гэтая справа ёй па душы, бо не любіць сядзець на месцы і прытрымлівацца графіка строга з 8 да 17 гадзін. Гэтая абаяльная жанчына спяшаецца да сваіх кліентаў на аўто часам і ўвечары, і ў выхадныя, каб застаць, напрыклад, дачнікаў, якія актыўна заключаюць дагаворы. Найбольш папулярныя віды страхавання – дамоў і маёмасці. “Тут нават доўга аргументы прыводзіць не трэба, бо ў страхоўку маёмасці ўваходзяць і дарагія тэлевізары, якія ламаюцца з-за ўдараў маланкі ці нават скачкоў напружання, і агароджа, што могуць зламаць злодзеі, і полікарбанатныя цяпліцы, якія рызыкуюць пацярпець падчас ураганнага ветру ці граду”, – расказвае Вольга Аляксандраўна. Добразычлівая і жыццярадасная, яна разам з паслугамі нясе ў кожны дом і добры настрой, разнастайвае будні пажылых людзей, якія любяць пагаварыць і страхоўшчыка чакаюць не менш за паштальёна. Ёсць у яе кліенцкай базе і іншагароднія страхавальнікі.

За гады работы гэтыя жанчыны заслужылі давер і кіраўніцтва, і сваіх кліентаў. Усміхаючыся, зазначаюць, што нават да злых сабак на некаторых сядзібах знайшлі падыход.

– Не кожны мае здольнасці працаваць страхавым агентам, – адзначае начальнік аддзела Т.В.Зімніцкая. – Вольга Аляксандраўна і Таццяна Канстанцінаўна з лёгкасцю спраўляюцца з выкананнем планаў і ўсіх задач. Менавіта такіх людзей характарызуюць ёмістым словам прафесіянал, і іх асабісты ўклад у агульную справу на працягу гэтых гадоў вельмі важкі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *