За образцовую работу Галина Лукьяненко к профессиональному празднику получила Грамоту «Белгосстраха»

Экономика и малый бизнес

– Не, дзверы тут на сябе адчыняюцца, – падказала страхавы агент Галіна Мікалаеў­на Лук’яненка, калі я беспаспяхова штурмавала ўваход у дом Лазарэнкаў у вёсцы Ліпавец. – У Мосары ёсць некалькі хат, дзе ручку трэба падымаць уверх, ну і дзе з чорнага, гаспадарчага боку заходзіць, ведаю – за дзесяць гадоў па ўсіх сваіх кліентах такія дробязі запомніла.

Як, дарэчы, імёны, прозвішчы ды і сямейныя акалічнасці. “Не, не будзе дагавору, збылі кароўку, – адказвала ўжо з машыны па тэлефоне Галіна Мікалаеўна на пытанне кіраўніка прадстаўніцтва Тамары Васільеўны Зімніцкай. – І гэтага таксама – памерла, на жаль, жанчына”. Страта чалавека, гэта не проста скасаваны дагавор, а часта і асабістая згуба, бо са многімі за дзесяцігоддзе наладзіліся выключна сяброўскія адносіны.

Толькі Галачкай называла агента падчас нашага наведвання трохтысячны страхавальнік хатняй маёмасці сёлетняга года Раіса Пятроўна Лазарэнка: “Яна заўсёды з настроем, тактоўна прапануе новыя віды, так паднясе жыццёвыя прыклады, што я раствараюся ў яе словах. Абдумаю, грошы ж нялішнія, але потым усё ж заключаю дагавор. Былі ж пажары ў нас у Ліпаўцы, ведаю, як страшна. Ды і самі карысталіся выплатамі, лічы што за страхоўку набылі маладога коніка, калі паў стары. Яна ўмее з людзьмі па-простаму, даступна”.

– Я ніколі не навязваю паслугі, але абавязкова агаворваю розныя варыянты. Пры страхаванні ад няшчасных выпадкаў прывяду прыклады, наколькі была б большай сума выплат, калі б страхавалі не на тысячу, а на тры. А людзі самі выбіраюць, бачаць, што ў жыцці ўсялякае бывае, і пагаджаюцца. Літаральна да кожнага можна знайсці падыход, хоць адзін любіць зносіны, а другі “закрыты”. Я імкнуся ніколі не пакрыўдзіць кліента, заўсёды абыходжу канфліктныя сітуацыі.

За дзень яна сустракаецца з дзясяткамі людзей, паколькі загадзя плануе выезды на раён. Дарэчы, 4 снежня Г.М.Лук’яненка ўжо заканчвала гадавы план. Рыхтавалася да шпіталізацыі ў бальніцу, таму яшчэ больш актыўна тэлефанавала і абыходзіла сваіх кліентаў. У яе зоне – блізкі Ліпавец… і Шасцярні, у якіх пражывае ўсяго адна сям’я. Дакладней, нават Вялічкаўцы, куды і дарогі няма. Але двум дачнікам паслугі ўсё ж прапаноўвала.

Так лёгка весці гаворку з людзьмі атрымалася не адразу. Год нервавалася і прывыкала, а свой першы рабочы дзень у якасці агента запомніла на ўсё жыццё. “Я хвалявалася да ламоты ў мышцах. Разам з сабой узяла дачку для падстрахоўкі, яна тады вучылася на бухгалтара і дапамагала мне з дакументамі. Памятаю, у Жарах жанчына з ганка паведаміла, што пенсіі яшчэ няма. Потым па гразі, на календары было 7 красавіка, ішлі да Петухоў. Зараз я пераадольваю гэтую адлегласць за 10 хвілін, а тады мне падалося так далёка. У той дзень я мала чаго зрабіла і няправільна аформіла дагавор на жывёлу, так што вечар праплакала і думала кідаць гэту работу”.

Пераход у Белдзяржстрах для Галіны Мікалаеўны аказаўся балючым пераважна таму, што рэзка адрозніваўся ад папярэдняга месца. Швачкай працавала яшчэ ў Хойніках, адкуль пераехалі ў 1992 годзе, потым 20 год – на прамкамбінаце. І калі там яна днямі не выходзіла з памяшкання, а яе паказчыкі залежалі толькі ад сябе самой, вельмі адказнай па натуры, то тут – ад умення гутарыць з людзьмі і мноства знешніх акалічнасцяў.

Вельмі дапамог калектыў. І сапсаваны дагавор перапісалі, падбадзёрыўшы, што памыляюцца ўсе. Валянціна Куніцкая часта прыходзіла дадому і вучыла запаўняць пустыя бланкі, а ў канцы месяца заўсёды пыталася пра паказчыкі і раіла, як іх “закрыць”. Вера Уладзіміраўна Стрыжонак не шкадавала часу, ды наогул ніхто з супрацоўнікаў Ушацкага прадстаўніцтва не адмовіў, няма ў іх нездаровай канкурэнцыі, хаця ацэньваюць кожнага менавіта па паказчыках.

Менее ў раёне жыхароў, а планы ў страхоўшчыкаў наадварот павялічваюцца. Складана іх выконваць, але за дзесяць год не было такога, каб Г.М.Лук’яненка не справілася. А каб да прафесійнага свята трапіць у прэтэндэнты на ўзнагароду галаўнога прадпрыемства, патрабавалася не толькі выкананне планаў па агульных лічбах і дагаворах, але і па кожным відзе, каб не было змяншэння ні па адным. І з 18 агентаў па Лепельскім раёне і 12 па Ушацкім толькі Галіна Мікалаеўна Лук’яненка прайшла гэты адбор і атрымала Грамату Белдзяржстраха. Наогул па ўсёй рэспубліцы іх уручылі толькі тром супрацоўнікам кампаніі.

А дрэннага надвор’я ў яе жыцці больш не бывае. Вяртаецца пад дажджом з Вашкова і не заўважае яго, усміхаецца, бо два дагаворы новых заключыла, пераканала расіян застрахаваць дачы. Пераходы па вёсках і да іх даўно называе прагулкамі, часта прысвяціўшы ім выхадныя дні, калі людзі пераважна дома. Сцвярджае, што праца агента значна памяняла і яе саму, зрабіла больш упэўненай. І пачынаючы чарговы дзень, яна гаворыць сабе: “Я вельмі люблю сваю работу”. Не настройвае, а канстатуе, бо пераканана ў гэтым.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *