С наступлением холодов «накаляется» обстановка с пожарами. Как ушачане соблюдают правила безопасности, узнали во время совместного рейда со спасателями

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

Са мной такога не здарыцца!

Менавіта так гавораць многія, калі чуюць навіны пра пажары. Між тым з наступленнем халадоў абстаноўка з такімі здарэннямі традыцыйна “накаляецца”. У ноч з суботы на нядзелю ў Лагой­скім раёне ў вясковым доме ў агні загінулі трое маладых людзей 18-24-х гадоў, у той жа час у Дзятлаўскім раёне падчас пажару абарвалася жыццё двух пенсіянераў. Усяго за мінулы тыдзень у краіне адбыўся 131 пажар, на якіх загінула 27 чалавек. Згодна распараджэння Віцебскага аблвыканкама падчас выхадных у рэгіёне была актывізавана работа аглядавых камісій. Да рэйду з выратавальнікамі далучыліся і мы, каб высветліць, як прытрымліваюцца правіл пажарнай бяспекі жыхары Сарочынскага сельсавета.

У Арэхаўне, дзе днямі ў агні загінуў вясковец, візіту супрацоўнікаў МНС зусім не здзіўлены. “Хоць нашы дамы стаяць не вельмі блізка адзін да аднаго, аднак было вельмі страшна, што іскры ад палаючага даху даляцяць і да нас. Полымя асвяціла ўсё наўкол, а пажарны апавяшчальнік, які быў выведзены на вуліцу, разрываўся”, – прыгадваюць жыхары суседняга дома. Гаспадыня запэўніла, што яны стараюцца прытрымлівацца правіл пажарнай бяспекі, а на пытанне, ці маецца ў жыллі пажарны апавяшчальнік, адказала: “Ёсць! На кухні, праўда, у ім села батарэйка, але мы купілі новую і якраз збіраліся памяняць!” Між тым, прыбор трэба ўстанаўліваць у жылых пакоях, дзе людзі спяць ці адпачываюць. У тым яго і асноўная функцыя – падаць гукавы сігнал і разбудзіць чалавека, які ў сне не чуе паху дыму.

У рэйтынгу самых распаўсюджаных прычын узнікнення пажару высокае месца займае неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Легкадумна да шкоднай звычкі адносяцца двое арэхаўцаў у яшчэ адным наведаным домаўладанні. Аб чым сведчыла поўная попельніца, размешчаная на стульчыку каля ложка. “Мы ў ложку не курым, толькі каля яго!” – не бачыў нічога страшнага ў такой карціне сын гаспадара. Дарэчы, акурак, кінуты на матрац, можа тлець да чатырох гадзін, а чалавек загінуць не ад агню, а ад атручвання прадуктамі гарэння.

Былі і парушэнні кшталту загрувашчанага выхаду. У адзін з дамоў у Сарочыне ледзь праціснуліся ў дзверы, бо ў калідор гаспадары вынеслі старую канапу. У выпадку пажару пры такім раскладзе хутка выбегчы з памяшкання наўрад ці атрымаецца. У той жа вёсцы адзін грамадзянін на заўвагу аб тым, што яго печ не ў самым ідэальным стане, без энтузіязму зазначыў: “Ну добра, давяду да ладу”.

– Людзі павінны разу­мець, што гэта не нам патрэбна, а ім, што ад гэтага залежыць іх жыццё і здароўе! Тым жа, у каго печ спраўная, хачу нагадаць простыя правілы: паліць не пазней, чым за дзве гадзіны да сну і не больш дзвюх гадзін, не дапускаць перакалу. Перад топкай прымацаваць металічны ліст, каб вуглі не трапілі на гаручую паверхню. І, самае галоўнае, не пакідаць печ без нагляду, – зазначае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў.

Рэйдавыя групы правялі прафілактычную работу ў многіх населеных пунктах раёна, асаблівую ўвагу ўдзяліўшы нядобранадзейнай катэгорыі – грамадзянам, якія злоўжываюць спіртным, а таксама інвалідам і адзінока пражываючым. А з панядзелка стартавала рэспубліканская акцыя “Бяспечны Новы год!”. Падчас яе выратавальнікі ўжо ў займальнай форме нагадаюць ушачанам што і як рабіць, каб не азмрочыць свята.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *