Стварэнне сям’і – важны і значны крок у жыцці маладых людзей. Безумоўна, многім хочацца зрабіць гэты дзень не толькі запамінальным, але і ўрачыстым. Нядаўна ў Глыбачэнскім сельвыканкаме адбылася рэгістрацыя шлюбу Артура Новікава і Наталлі Брыцік. Прыкмячальна тое, што яна была менавіта ўрачыстая, па беларускім абрадзе, згодна з традыцыямі.
У апошні час рэгістрацыі шлюбаў у сельскай мясцовасці праходзяць у простай абстаноўцы, а таму ўрачыстая рэгістрацыя стала сапраўднай падзеяй не толькі для саміх маладых, але і для работнікаў сельвыканкама, аднавяскоўцаў.
Пад гукі вясельнага маршу ўсхваляваныя і прыгожыя маладыя ўвайшлі ў зал, ганаровыя месцы занялі бацькі, сабралася і вялікая колькасць гасцей, якія пажадалі раздзяліць з маладой парай гэты хвалюючы і святочны момант.
Рэгістрацыю шлюбу правяла кіраўнік справамі Глыбачэнскага сельвыканкама Людміла Пятроўна Заяц, беларускі абрад заключэння шлюбу дапамаглі ёй правесці сёстры Жэня Вялюга і Саша Лях. Несумненна, маладой пары запомняцца песні, вершы, жарты і пажаданні “веку лебядзінага і крыку жураўлінага”. У прысутнасці сведак і гасцей у Глыбачэнскім сельсавеце створана новая маладая сям’я. З найлепшымі пажаданнямі і добрымі словамі наказу першыя дакументы сям’і ўручыла старшыня сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Храмцова.
Наталля і Артур працуюць у КУСГП “Глыбачаны”, маладым выдзелены новы жылы дом. Павіншаваць новую сям’ю і ўручыць каштоўны падарунак прыйшла намеснік дырэктара КУСГП “Глыбачаны” па ідэалагічнай рабоце Ірына Францаўна Ждановіч.
…Яшчэ адной сям’ёй у раёне стала больш. Няхай яна будзе моцнай і трывалай, а жыццё гэтых людзей праходзіць ва ўзаемаразуменні, павазе і згодзе.
В.ПОЛАЗАВА.