Сумарны стаж работы ў галіне сельскай гаспадаркі братоў Віктара, Генадзя і Анатоля Хадасевічаў налічвае пад сотню гадоў. “Дакладна і не памятаю, мабыць трыццаць два”, – задумваецца Віктар Часлававіч, адзін з прадстаўнікоў слаўнай дынастыі, які ўсё сумленнае жыццё працуе ў гаспадарцы з цэнтрам у Селішчы. Мяняліся кіраўнікі, назва сельгаспрадпрыемства, толькі не адносіны механізатара да працы – яны застаюцца такімі ж адказнымі. А замест маладзёжнага запалу дабівацца высокіх вынікаў дапамагаюць набытыя з гадамі прафесіяналізм і ўніверсальнасць.
Памочнікам на камбайне ў бацькі Віктар быў яшчэ ў школьныя гады. Успамінае, што калі пасля службы ў арміі прыйшоў у гаспадарку, тут налічвалася звыш 40 трактароў розных мадыфікацый – гусенічных і колавых. Пачынаў на Т-25 і “шасіку” Т-16, потым працаваў на Т-40, асвойваў МТЗ-50 і больш прадукцыйную тэхніку маркі “Беларус”, зараз пяты год эксплуатуе МТЗ-82, на якім сёлета атрымаў перамогу ў раённых спаборніцтвах сярод механізатараў на трактарах з магутнасцю рухавіка да 100 конскіх сілаў па выпрацоўцы ўмоўных эталонных гектараў. Зрэшты, для В.Хадасевіча гэта не стала звышдасягненнем – у мінулым годзе ён таксама ўзначаліў адпаведны спіс, нязменна ўваходзіць у тройку лепшых на працягу апошніх гадоў!
– Даводзіцца круціцца, – кажа Віктар Часлававіч. – Зямлі не ўбавілася, наадварот, прыраслі за кошт кубліцкіх палеткаў. А вось колькасць механізатараў зменшылася ў разы… Трактары зараз больш магутныя, але чалавечы фактар у нашай справе галоўны.
Падчас адной з нашых сустрэч пару месяцаў таму Віктар Часлававіч займаўся вывазкай саломы з палёў, абслугоўваннем статка жывёлы, паралельна рыхтаваў прычэп пад зялёную масу для ўборкі кукурузы. Калі раней у гаспадарцы займаліся вырошчваннем бульбы, працаваў з саджалкай, акучнікамі і капалкай, а зараз за сезон вывозіць арганіку, сее, падбірае каменне, прасуе сена, адвозіць кармы і шмат чаго іншага.
І так на працягу ўсяго года, практычна без выхадных. Дакладней – з адным, у красавіку. Таму мне ў нейкім плане моцна пашанцавала, бо на бягучым тыдні Віктар Часлававіч дзяжурыў у камісіі на выбарчым участку і пагутарыць з ім змог падчас абедзеннага перапынку.
Так, яму давяраюць і грамадскую нагрузку, хаця і працоўнай хапае з галавой. У тым, што “Агра-Селішча” з году ў год з’яўляецца паказальнай гаспадаркай у плане пастаноўкі тэхнікі, праходжання ёй тэхагляду, вялікая заслуга як усіх механізатараў, так і асабіста Віктара Часлававіча, які пры неабходнасці выконвае функцыі загадчыка майстэрні, інжынера ды механіка, бывае, за апошнюю ўласную капейку набудзе падшыпнік ці якую падобную дэталь, каб не спыніць працэс. Ён не толькі дасканала ведае тэхніку, але і тэхналогію працы на зямлі, таму можа даць фору іншаму маладому аграному. А многімі тысячамі эталонных гектараў і адданасцю хлебаробскай справе В.Хадасевіч даўно заслужыў званне эталоннага механізатара.
Дзмітрый Раманоўскі.