«Вундеркинд» с рюмкой, или Как избежать подростковых правонарушений и преступлений?

Общество

Чацвярговым вераснёўскім адвячоркам у рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы быў дастаўлены пацыент, які вырашыў выпрабаваць свой арганізм ударнай дозай праміле. Вось дык сенсацыя – напэўна, падумаюць некаторыя чытачы. Такіх выпадкаў у нас – хоць гаць гаці. Гэта так, але ж ёсць адна акалічнасць: выпівоха-экстрэмал аказаўся вучнем восьмага класа…

“Вундэркінд” з чаркай

“Хлопцу пашанцавала: каб трапіў да нас крыху пазней – маглі б яго ўжо не выратаваць”, – расказвала потым урач-нарколаг ЦРБ П.Пугач. Што падштурхнула падлетка на такі эксперымент над сабой? “Сам не ведаю, чаму так зрабіў. Захацелася паспытаць гарэлкі”, – тлумачыў ён пазней, калі гэты выпадак разбіралі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Храналогію ж падзей вечара дапамаглі аднавіць расказы сведкаў. Па словах аднакласніка, бутэльку хлопец вынес употай з дому, прапанаваў сябру скласці яму кампанію, калі ж той адмовіўся, адзін выпіў каля паловы змесціва. “Спачатку я нават нічога не адчуў, а потым пачалі адказваць ногі, не слухаўся язык. Я стаў падаць, моцна захацелася спаць – больш нічога не помню…” – расказваў потым герой гэтай непрыемнай гісторыі і запэўніваў, што яму вельмі сорамна і больш такога ніколі не паўторыцца. Стрэсам гэтае здарэнне стала і для яго аднакласнікаў, якія ў той вечар цягнулі непрытомнага падлетка дамоў праз цэнтр гарпасёлка, і для прахожых, што паведамілі пра гэта ў міліцыю, і асабліва для яго цёці, якая пасля таго, як маці хлопчыка была пазбаўлена бацькоўскіх правоў (яна ўжо тройчы пабывала ў ЛПП), узяла на сябе апякунскія абавязкі. І прыкладала шмат намаганняў, каб выконваць іх дастойна. “Выхавала двух уласных сыноў, але з імі ніколі не было такіх праблем. Пляменніку ж удзяляю намнога больш увагі: і ўрокі рыхтаваць дапамагаю, і з настаўнікамі сувязь падтрымліваю, і вучу толькі добраму. Што раблю не так – не ра­зумею”, – збянтэжана разважае жанчына. У разгубленасці і педагогі, якія таксама не могуць істотным чынам паўплываць на падлетка, што імкліва каціцца па нахільнай. Як аказалася, апісаны вышэй выпадак – далёка не першы яго сёлетні “подзвіг”: некалькімі днямі раней хлопец сцягнуў бутэльку спіртнога з жалобнага стала, які накрывалі работнікі кафэ, а летам трапіў у поле зроку міліцыі, калі разам з кампаніяй сяброў хуліганіў ля аднаго з дамоў на Віцебскай, што дало падставу паставіць яго на ўлік інспекцыі па справах непаўналетніх.

Бацькі – не заўсёды саюзнікі

Па ўсіх прыгаданых выпадках міліцыя праводзіла праверку, але з-за недасягнення хлопцам узросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці выносіліся пастановы аб спыненні справы.

– Калі раней у нас у асноўным складаліся пратаколы на падлеткаў, якія дасягнулі 16 год і, адпаведна, яны прыцягваліся да адказнасці, то зараз правапарушэнні прыкметна амаладзіліся, і даволі часта справы даводзіцца спыняць, бо іх фігуранты яшчэ надта юныя, – расказвае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Г.М.Фокіна. – Але, вядома ж, матэрыялы па кожным такім выпадку перадаюцца на камісію, разбіраюцца ў прысутнасці вінаватых і іх бацькоў або апекуноў, па выніках разгляду выносяцца папярэджанні. І вось што хочацца адзначыць: даволі часта паводзіны дарослых на такіх пасяджэннях бываюць, мякка кажучы, дзіўнымі. Замест таго, каб аб’яднаць з членамі камісіі намаганні ў барацьбе за сыноў і дачок, яны імкнуцца апраўдаць іх учынкі – маўляў, ну і што ў тым такога, што мой хлопчык выпіў у двары на лавачцы шампанскага – было ж свята… Сведчаннем таму, што некаторыя дарослыя аслабілі кантроль за сваімі дзецьмі, з’яўляецца і той факт, што сёлета павялічылася колькасць фактаў знаходжання непаўналетніх у начны час на вуліцы без суправаджэння законных прадстаўнікоў: калі летась за 9 месяцаў было зарэгістравана толькі 4 падобныя выпадкі, то сёлета – 11. Варта нагадаць бацькам, што за гэта яны нясуць адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу.

Фармалізм недапушчальны

Вядома ж, адным з галоўных суб’ектаў прафілактыкі ў справе папярэджання злачынстваў і правапарушэнняў сярод дзяцей і падлеткаў з’яўляюцца навучальныя ўстановы. Дзейнасць самай буйной з іх – Ушацкай школы – у пытанні прафілактыкі ўжывання алкаголю і псіхаактыўных рэчываў, рабоце з дзецьмі, што знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку, разглядалася нядаўна на пасяджэнні камісіі. Апошніх, прынамсі, у навучальнай установе 12. 11 вучняў з 8 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, 3 з 3 сем’яў маюць патрэбу ў дзяржаўнай дапамозе. У школе працуе Савет па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Трэба сказаць, што на працягу апошніх 3 год злачынстваў ушацкія вучні не здзяйснялі. Чаго нельга сказаць пра правапарушэнні, якіх сёлета зарэгістравана 6. У адносінах 7 школьнікаў былі вынесены пастановы аб спыненні спраў, звязаных з распіццём у грамадскіх месцах спіртнога ці з’яўленнем там у нецвярозым стане – па ўжо прыгаданай раней прычыне недасягнення імі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Вынесены падобныя пастановы аб спыненні спраў і ў адносінах яшчэ 8 вучняў, дзеянні 6 з якіх можна кваліфікаваць як дробнае хуліганства, прычым трое з іх былі навучэнцамі пачатковых класаў! Такім чынам, даводзіцца канстатаваць, што колькасць правапарушэнняў сярод ушацкіх школьнікаў павялічваецца – нягледзячы на значныя намаганні, якія прыкладаюцца па кантролі за дзецьмі і падлеткамі, арганізацыі іх карыснай пазаўрочнай занятасці. Так, напрыклад, 11 з 12 вучняў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, наведваюць ДЮСШ ці спартыўныя секцыі, 1 вучыцца ў школе мастацтваў.

Такім чынам, адміністрацыі і педагогам установы варта сканцэнтраваць асаблівую ўвагу на паводзінах вучняў сярэдняга і малодшага ўзросту, весці больш дзейсную і выніковую прафілактыку п’янства і яго наступстваў, ні ў якім разе не дапускаючы ў гэтым фармалізму. І, канечне, спыніць благую тэндэнцыю можна толькі сумесна, аб’яднаўшы намаганні бацькоў і настаўнікаў, а калі трэба – прыцягнуўшы рэсурс праваахоўнікаў, медыкаў, прадстаўнікоў іншых суб’ектаў прафілактыкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *