Собрать на «шубу» или греть воздух. Вскоре начнёт действовать новый подход к тепловой реновации многоэтажек

Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №327 “Аб павышэнні энергаэфектыўнасці мнагакватэрных жылых дамоў”, які ўступіць у сілу з 4 снежня 2019 года. Дакумент замацуе новы падыход да цеплавой рэнавацыі шматпавярховак: цяпер частку выдаткаў, што патрэбны на мадэрнізацыю, будуць кампенсаваць уладальнікі жылля. Спецыялісты сцвярджаюць, што справа гэта вартая: пасля ўцяплення дамоў лічбы ў жыроўках стануць прыкметна меншымі. А як жа ўсё будзе ажыццяўляцца на практыцы? Патлумачыць гэта мы папрасілі дырэктара УП ЖКГ Ушацкага раёна С.Б.Завадскага.

Цепларэнавацыя – гэта мадэрнізацыя будынка з мэтай зніжэння страт цяпла ў памяшканнях. Ажыццяўляецца яна ў асноўным шляхам стварэння на фасадах дамоў так званай шубы. Пэўны час гэта рабілася за дзяржаўныя сродкі пры капітальным рамонце, аднак з 2015 года перастала быць абавязковым. Разам з тым, як паказвае практыка, многія дамы, што пабудаваны да сярэдзіны 90-х, маюць нізкі ўзровень цеплаізаляцыі і спажываюць у разы больш цеплаэнергіі, чым сучасныя. Цяпер у выпадку, калі на агульным сходзе дзве трэці жыльцоў дома выкажуць намер прыняць фінансавы ўдзел ва ўцяпленні сцен, а спецыялісты прызнаюць гэта мэтазгодным, можна будзе распачаць цепларэнавацыю будынка. Адпаведна ўказа, за кошт дзяржаўных сродкаў будзе пакрыта да 50 працэнтаў расходаў, другую ж частку давядзецца кампенсаваць жыльцам. З кожным уладальнікам заключаць дагавор, а сума будзе залежыць ад плошчы кватэры. Давядзецца плаціць і тым, хто пры “галасаванні” застаўся ў меншасці.

Аплата будзе налічацца пасля правядзення работ. На пакрыццё запазычанасці мяркуюць даваць растэрміноўку да 10 год, а для малазабяспечаных, мнагадзетных сем’яў – да 15. Плануецца падтрымаць грамадзян і шляхам выдзялення безнаяўных субсідый, якія прызначаюцца, калі на аплату жыллёва-камунальных паслуг прыходзіцца 20 працэнтаў даходаў для гараджан і 15 – для вяскоўцаў. Спецыяльны фонд для фінансавання цепларэнавацыі сфарміруюць са сродкаў, што паступаюць ад прыватызацыі жылых памяшканняў, адлічэнняў на капрамонт і іншых крыніц. Калі верыць падлікам спецыялістаў, укладанні жыльцоў у цеплавую мадэрнізацыю акупяцца за 10-15 год.

Такім чынам, у людзей, у тым ліку і ўшачан, цяпер будзе выбар: укласці грошы ў тое, каб іх жыллё стала больш утульным і эканамічным, або і далей “абаграваць паветра”.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *