Суботнюю раніцу ва ўшацкім храме святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры чакалі з асаблівым нецярпеннем і ўзнёсласцю. Выхаванцы нядзельнай школы сціскалі ў руках ружы і паўтаралі вывучаныя напамяць радкі верша, у якіх меркавалі паведаць епіскапу Полацкаму і Глыбоцкаму Ігнацію гісторыю стварэння нашай царквы. Калі ж высокі госць, з удзячнасцю прыняўшы ад матушкі Любові каравай, падышоў да дзяцей, яны адразу адчулі, што хваляваліся дарэмна: новы кіраўнік епархіі аказаўся надзвычай простым і добразычлівым. “Гэта ж зараз мае кветкі і я магу рабіць з імі, што хачу? – удакладніў ён з цёплай усмешкай. – Ну, дык тады я падару іх вам!”
Кветкі, прынамсі, у гэты дзень тут былі паўсюдна: яны аздобілі кожны куточак храма, у знак ушанавання падносіліся не толькі епіскапу, а і благачыннаму Ушацкай акругі айцу Вячаславу, якому старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка ўручыў Падзяку за вялікую работу па ўзвядзенні храмаў і ўмацаванні на Ушаччыне духоўных традыцый.
У сваю чаргу, уладыка Ігнацій падкрэсліў, што для яго ўражваючым момантам пачатку дзейнасці ў нашай епархіі стала тое, што кіраўнікі мясцовай улады лічаць неабходным асабіста прысутнічаць на царкоўных мерапрыемствах. “Старшыні райвыканкамаў заўсёды сустракаюць мяне ля сцен храма, а потым разам з намі моляцца. Такога няма ў іншых епархіях”. Гэта, на яго думку, сапраўднае сведчанне ўзаемадзеяння Царквы і свецкай улады, добры прыклад таго, як у прастаце праяўляецца велічнасць. І сапраўды, падчас святочнай Боскай літургіі ў запоўненым храме разам з прыхаджанамі былі не толькі Уладзімір Генадзьевіч, а і старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч.
Паколькі 26 кастрычніка – дзень памяці Іверскай іконы Божай Маці, пропаведзь аб яўленні гэтай святыні прачытаў глыбоцкі протаіерэй айцец Сергій. А пасля абраду прычасця епіскап Ігнацій звярнуўся да нашых вернікаў з прамовай, у якой шчыра падзяліўся сваімі меркаваннямі пра сутнасць многіх рэчаў. “Для сябе я абраў пазіцыю: трэба гаварыць тое, што адчуваеш”, – адзначыў ён. Уладыка нагадаў, як першыя хрысціяне збіраліся на рымскіх могілках і праследаваліся ўладамі за іншадумства, але гатовы былі ахвяраваць сабой у імя сваёй веры. Подзвіг гэтых пакутнікаў умацаваў хрысціянскую сілу настолькі, што велічныя язычніцкія храмы спустошыліся, а хрысціянскія напоўніліся. Прыгадаў і смутныя часы, калі савецкія догмы паспрабавалі выцесніць слова Боскае, і што скончылася гэта кровапраліццем. Тым жа, хто апраўдвае сваё цяперашняе бязбожжа “савецкай спадчынай”, нагадаў, што 30 год – значны тэрмін, гэта цэлае пакаленне, якое не адчула на сабе прыгнёту, і калі нехта яшчэ не знайшоў дарогу да храма, павінен вінаваціць толькі сябе.
“Я жадаю вашаму гораду і храму далейшага працвітання. Тут вельмі чыста, прыгожа, утульна і цёпла. І я хачу, каб і ў вашай душы быў такі ж парадак. Каб вы прыводзілі сюды дзяцей. Каб людзі разумелі, што Царква – гэта месца радасці, зносін і агульнай малітвы, а не смутку і журбы. І калі мы створым праваслаўнае асяроддзе, у якім будзе камфортна чалавеку, тады колькасць нашых вернікаў значна павялічыцца!” – рэзюмаваў епіскап. А на развітанне з уласцівым яму пачуццём гумару адказаў на словы адной з прыхаджанак, якая запрасіла яго прыехаць да нас яшчэ. “Абавязкова прыеду, калі паклічаце. Ды і нават калі не – усё роўна прыеду!” Мне ж падумалася, што ад асобы святара, шчырасці і харызмы таксама ў многім залежыць, ці дойдуць да людзей яго словы і думкі. І, як падаецца, у гэтым наш новы епіскап відавочна на вышыні.
Наталля БАГДАНОВІЧ.