Разбор нетрезвых полётов. В Ушачском районе прошли заседания советов общественных пунктов охраны правопорядка

Закон - один для всех

Вывучыць умовы пражывання грамадзян з сацыяльна ўразлівай катэгорыі, прааналізаваць якасць работы службаў раёна па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці, прафілактыцы правапарушэнняў – такія задачы на мінулым тыдні ставілі перад сабой члены саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Ушаччыны. Удзел у пасяджэннях прыняла таксама старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства і прафілактыцы злачынстваў, іншых правапарушэнняў Наталля Леанідаўна Калпакова.

Старшы ўчастковы інспектар міліцыі С.А.Падвойскі расказаў пра крымінагенную абстаноўку на тэрыторыі гарпасёлка. За 9 месяцаў бягучага года зарэгістравана 19 злачынстваў, звязаных, як правіла, з нявыплатай аліментаў, крадзяжамі, быў адзін факт забойства. За адзначаны перыяд выяўлена 590 адміністрацыйных правапарушэнняў (летась было 513). Прычым, большасць – па так званых антыалкагольных артыкулах. На 1 кастрычніка 2019-га на прафілактычным уліку ў РАУС знаходзілася 42 жыхары раёна – і толькі адзін з іх на момант кантрольнага візіту праваахоўнікаў быў цвярозым! 68 дамашнім агрэсарам сёлета аб’яўлены афіцыйныя папярэджанні, 14 з іх на бойкі “натхніў” алкаголь. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіраваны пяцёра ўшачан. Дарэчы, адразу пасля пасяджэння туды накіраваўся яшчэ адзін заўзяты выпівоха. Другі ж складзе яму кампанію ў самы бліжэйшы час.

Н.Л.Калпакова звярнула ўвагу прысутных на неабходнасць больш цеснага кантакту з камунальнай службай: многія правапарушэнні здзяйсняюцца ў падвалах шматкватэрных дамоў, што магчыма прадухіліць дзякуючы атрыманай інфармацыі пра наяўнасць там падазроных асоб. Сваю лепту ва ўзровень злачыннасці ў райцэнтры традыцыйна ўносіць зручны для выпівох і дэбашыраў рэжым работы піцейных устаноў – у прыватнасці, кафэ “Бераг”. З гэтай нагоды апошні варта было б перагледзець.

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч паведаміла аб рабоце раённага савета грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, які ўзначальвае. За адзначаны перыяд 2019 года праведзена восем пасяджэнняў, на якіх разгледжана 37 канкрэтных сітуацый. 16 грамадзянам рэкамендавана працаўладкавацца, 14 з іх аказана садзейнічанне ў пошуку вакансіі.

Быў заслуханы таксама даклад дырэктара ТЦСАН Ушацкага раёна І.А.Ціханавай. Ірына Анатольеўна расказала пра абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў розных катэгорый грамадзян, якія рэгулярна праводзяць спецыялісты службы, пра выдачу матэрыяльнай дапамогі і праверку яе мэтавага выкарыстання, пра работу “крызіснага пакою” і “пакою агрэсара”, прызначаных для ахвяр сямейнага насілля і дэбашыраў адпаведна. Своечасова ж выяўляць хібы ў сем’ях ушачан прызваны адмысловы “кол-цэнтр”, які пачаў работу на базе сацслужбы з верасня бягучага года.

На пасяджэнне савета ў адзначаны дзень было дастаўлена 11 грамадзян: скандалістаў, аматараў прагуляцца ў нецвярозым стане па грамадскіх месцах, бацькоў-п’яніц, нядаўна вызваленых з-пад арышту. Асобныя з іх на пасяджэнні не ў першы раз. Напрыклад, Таццяна – абавязаная асоба – не гарыць жаданнем выплачваць грошы на ўтрыманне сваіх дзяцей, клопаты аб якіх узяла на сябе дзяржава. Пастаянныя прагулы сталі нормай для гэтай жанчыны. Яе паводзіны, мякка кажучы, не зусім адэкватныя: па названым факце займела ўжо тры судзімасці, паспела пабываць у ЛПП. І калі месяцы тры таму яна біла кулаком у грудзі, маўляў, зробіць усё, каб вярнуць малых, зараз замест працоўных будняў ладзіць паездкі да палюбоўніка ў суседні горад. Жанчыну папярэдзілі аб жорсткіх мерах уздзеяння, якія могуць быць прыменены да яе за такія паводзіны.

Ахвотна расказвала сваю гісторыю, прад’яўляючы пры гэтым пэўныя прэтэнзіі, Валянціна. Нядаўна жанчына вярнулася з ЛПП, набытыя судзімасці зняты. Здаецца, гатова працаўладкавацца, вось толькі выбраць сярод вакансій падыходзячую не можа – плесці кошыкі на “Форэстгандлі” не атрымліваецца, ды і не па душы ёй такі занятак. Разлічваць жа на іншыя прапановы не дазваляе адукацыя, а праходзіць перанавучанне не хочацца.

Не першы год жыве ў закінутай лазні Генадзь. “Страляе” ў прахожых ва Ушачах грошы на бутэльку. Перспектыва застацца зімой у холадзе, без сродкаў для існавання мужчыну не надта пужае. І ўсё ж прапанова часова перабрацца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вяркудах яго, здаецца, зацікавіла.

Яшчэ двое мужчын прыцягваліся да адказнасці за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. Па ўсім было відаць, што перад аўдыторыяй абодва адчувалі сябе няёмка, апускалі вочы долу. Яны паабяцалі, што стануць на шлях выпраўлення. “Зраблю ўсё магчымае, каб не трапіць сюды зноў. – Усё ж мараль – больш балючая, чым штрафы!”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *