К 75-летию освобождения Беларуси. Телефонист и автоматчик Василий Макарович Артемёнок

В памяти их имена

Для Людмілы Васільеўны Прышывалка тэлефанаванне з ваенкамата аб тым, што знайшоўся медаль “За адвагу” яе бацькі Васіля Макаравіча Арцямёнка сенсацыяй не стала – дома разам з ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені і яшчэ адным медалём “За адвагу” захоўваліся дакументы на другі, а сам ён нейкім чынам быў страчаны. Знайшоў жа баявую ўзнагароду і перадаў у ваенкамат Васіль Паўлавіч Собаль. Тады ж і пачаўся пошук уладальніка медаля.

Начальнік адасобленай групы Ушацкага раёна аб’яднанага ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Шахноўскі накіраваў запыты ў архівы на падставе нумара ўзнагароды. Прыйшоў адказ, што медаль тэлефаніст узвода сувязі 2 стралковага батальёна 204 стралковай Віцебскай дывізіі І Прыбалтыйскага фронту Васіль Макаравіч Арцямёнак атрымаў у студзені 1945 года – праз два месяцы пасля таго, як здзейсніў подзвіг, за які быў прадстаўлены да ўзнагароды. У пачатку лістапада яго часць вяла баі ў Латвіі ля вёскі Пурвянекі, дзе вораг зрабіў спробу контрнаступлення. Вось тады без некалькіх дзён дваццацігадовы Васіль першым кінуўся ў атаку і з аўтамата знішчыў 15 фашыстаў.

В.М.Арцямёнак, які пасля вайны жыў у вёсцы Глыбачка Сарочынскага сельсавета, у Чырвоную Армію быў прызваны ў ліпені 1944 года Лепельскім ваенкаматам. Да гэтага быў у партызанах, у лютым 1944-га атрымаў раненне.

– Нас магло і не быць, – гаворыць дачка. – Тата быў паранены неаднойчы. Да таго ж вясной 1944 захварэў на тыф і проста паміраў у лесе, калі яго адшукала там маці, наша бабуля Марыя Данілаўна. Яна страціла яшчэ аднаго свайго сына Івана, які трапіў у палон і памёр ад голаду і холаду, бо ў канцлагеры яго трымалі ў яме на вуліцы. Бацька ж з фронту вярнуўся, але пражыў мала, памёр у 63 гады. Спачатку ён выкладаў у школе – быў настаўнікам, як пазней і яго сястра, і мая мама, вучыў усіх маіх сябровак. Але трэба было карміць сям’ю і ён пайшоў працаваць шафёрам, каб больш зарабляць. Затое нас з сястрой абавязкова нацэльваў на вышэйшую адукацыю, за што яму вельмі ўдзячная. Як і нашаму земляку, які знайшоў бацькаву ўзнагароду, і Л.П.Шахноўскаму – за пошук. Вельмі дарагая памяць пра блізкага чалавека, а гэтымі днямі я і сама больш даведалася пра бацьку, праз сайты пазнаёмілася з яго баявым шляхам.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *