У нашы часы вельмі моднай з’явай сталі так званыя грамадзянскія шлюбы. Калі яшчэ гадоў 20 таму мужчыну і жанчыну, што жывуць разам без штампа ў пашпарце, грамадская думка ганьбавала, то зараз формулу “паспрабавалі – не спадабалася – разбегліся” лічаць аптымальнай многія. Тон у гэтым задае моладзь, але не адстаюць і сталыя – маўляў, сышліся і жывём, навошта ў ЗАГС ісці, людзей смяшыць… Героі нашага аповеду прытрымліваюцца іншых поглядаў і мяркуюць, што людзі, якія паважаюць і кахаюць адзін аднаго, маюць шчыры намер ісці па жыцці разам, абавязкова павінны аформіць свае адносіны афіцыйна. І ўзрост у гэтай справе не мае значэння. Як ніколі не позна і шукаць сваё каханне. У гэтым давялося пераканацца, пабываўшы на цырымоніі ўступлення ў шлюб жыхароў нашага раёна Валерыя Антонавіча Чумака і Святланы Васільеўны Міхейкі.
“Я знайшоў жанчыну сваёй мары! Так і напішыце!”. “Нават не ведала, што ёсць на зямлі такія мужчыны!” – гэтыя лаканічныя “каментарыі”, што далі пасля роспісу “маладажоны”, каштуюць іншых мнагаслоўных опусаў. Абое прайшлі шмат выпрабаванняў, жылі ў асноўным для іншых і цалкам заслужылі асабістае шчасце.
Паўтара дзясятка год таму жыццё Валерыя Антонавіча было стабільным і ўпарадкаваным: работа і кватэра на Талачыншчыне, жонка, амаль дарослыя дзеці. І раптам усё перайначылася – сумныя абставіны прымусілі вярнуцца ў роднае Лутава. Лёс аказаўся нялітасцівы да яго блізкіх: спачатку трагічна, прама на пашы ля вёскі, загінуў бацька, праз год раптоўна пайшла з жыцця сястра – абставіны, пры якіх яна атрымала смяротныя траўмы, так і засталіся нявысветленымі. А паколькі яе муж, што нідзе не працаваў і сп’яна ўчыняў дома бойкі, быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў, іх дзеці засталіся сіротамі. Апекуном 6-гадовай Сашы і на 8 год старэйшага Жэні прызначылі бабулю Ефрасінню Данілаўну, але моцны стрэс адбіўся і на яе здароўі. Калі ж не стала і матулі, Валерый Антонавіч, не вагаючыся, узяў на сябе клопат пра пляменнікаў. Як ні дзіўна, жонка яго ў гэтым не падтрымала – і мужчына зрабіў крок, на які здольны далёка не кожны: пакінуў усе былыя здабыткі, пераехаў на Ушаччыну і пасяліўся з дзецьмі сястры ў бацькоўскім доме. Было вельмі складана, асабліва напачатку, калі не атрымалася ўладкавацца на работу па сваёй спецыяльнасці: вакансіі зубнога тэхніка ў райбальніцы не аказалася. І тады на выручку прыйшла падсобная гаспадарка, за кошт якой і карміліся, і атрымлівалі грошы ад здачы малака.
Дзеці пачалі прывыкаць да новай сям’і, стараліся ва ўсім дапамагаць дзядзьку. “Ужо ў малодшых класах я навучылася і гатаваць, і мыць бялізну, умела і кароўку падаіць, – прыгадвае Саша. – Але ж гэта не значыць, што ў мяне не было дзяцінства: дзядзя Валера нас вельмі шанаваў і песціў. Дзякуючы яму мы з братам выраслі прыстойнымі, атрымалі годныя прафесіі: я ўжо другі год працую ў нашай райбальніцы, Жэня – у Паставах у газавай службе. Так што дзядзька ў нас нават не залаты чалавек – брыльянтавы! Усім, што зараз маю, я абавязана яму і нават не ведаю, як магу адплаціць за яго бязмежную дабрыню…”
І гледзячы зараз на 22-гадовую прыгажуню, якая была на вяселлі ў ліку галоўных гасцей, разумееш, што намаганні Валерыя Антонавіча акупіліся спаўна. Узяць хаця б той факт, што дзяўчына абрала такую ж прафесію: скончыўшы Аршанскі медыцынскі каледж, магла як сірата ўладкавацца ў гарадскую клініку, але захацела ў пачатку працоўнага шляху мець побач надзейнае плячо. Расказвае, што першыя паўгода было цяжка: выраб зубных пратэзаў патрабуе і дакладнасці, і значнай фізічнай сілы, але характар у Сашы моцны, і зараз яна ўжо многае ўмее.
Зусім нядаўна, у жніўні, у жыцці дзяўчыны адбылася важная падзея: яна выйшла замуж за любімага чалавека. Свайго Валеру (вось дык супадзенне!), з якім пазнаёмілася яшчэ падлеткам, Саша дачакалася з арміі і з вучобы, зараз жа ўраджэнец Жар працуе ў Салігорску: прафесійна вырас ад слесара да майстра, але маладая сям’я мяркуе, што хутка, нарэшце, яны будуць разам. Сімвалічна, што менавіта на іх вяселлі, якое таксама ладзілі ва Ушачах, Валерый Антонавіч прадставіў родным сваю будучую жонку. І яны вельмі парадаваліся нечаканай навіне. У сваю чаргу, шчаслівыя за Святлану Васільеўну былі і яе блізкія: дочкі Віка і Вераніка, сёстры Валянціна і Лідзія, іх дзеці і ўнукі. Прынамсі, вясельны стол Лідзія Васільеўна разам са сваім мужам Мікалаем Міхайлавічам Люцько прапанавалі арганізаваць у іх прасторнай хаце ў вёсцы Ваўчо.
“А як пазнаёміліся з будучым мужам?” – пытаюся цяпер ужо ў Святланы Васільеўны Чумак. “Ускосна ведала гэтага чалавека даўно, паколькі працавала ў аддзеле адукацыі, а ўсе апекуны былі пад нашай увагай, – расказвае жанчына. – Калі ж гэтай вясной трапіла ў крэсла дантыста, ён зайшоў у кабінет, паглядзеў на мяне неяк па-асабліваму, напэўна, тады і праскочыла паміж намі тая самая іскра.
Не абмінула гора і сям’ю Святланы Васільеўны: яе першы муж пайшоў з жыцця раптоўна, у 48 год: язва страўніка прывяла да моцнага кровацячэння і мужчына памёр за некалькі хвілін на руках у жонкі. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яна яшчэ больш адчула адзіноту і нават падумвала пераехаць у Расію да дзяцей і маленькага ўнука, але цяпер планы памяняліся. “Ведаеце, такой увагі, пашаны да сябе раней ніколі не бачыла, – шчыра прызнаецца напрыканцы нашай размовы Святлана Васільеўна. – Зараз кожны наш дзень напоўнены радасцю. Аказваецца, так прыемна чакаць мужа з работы, гатаваць смачную вячэру, разам даглядаць пчол, птушку на падворку. Хачу параіць усім ніколі не адчайвацца, чакаць і шукаць сваё шчасце. Калі вы яго заслугоўваеце – лёс абавязкова зробіць патрэбны “паварот”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.