В трудовых коллективах Ушаччины прошёл единый день информирования

Общество

17 лістапада пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а на 7 лістапада назначаны выбары ў Савет Рэспублікі. Таму тэма чарговага адзінага дня інфармавання, які праводзіцца кожны трэці чацвер месяца, была наступная: “Парламент – прадстаўнічы і заканадаўчы орган краіны”. Члены інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама выступілі ў розных арганізацыях раёна. Старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка сустрэўся з работнікамі ДЛГУ “Ушацкі лясгас”.

Парадак абрання дэпутатаў, структура беларускага Парламента, кампетэнцыя і формы яго дзейнасці, кантрольныя паўнамоцтвы і парадак прыняцця законаў – лясгасаўцы атрымалі грунтоўную інфармацыю па асноўнай тэме. З цікавасцю слухалі яны і пра развіццё сацыяльнай інфраструктуры Віцебскай вобласці, аб якой расказала выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І.В.Бельская. Вялікая ўвага ў рэгіёне надаецца сферы аховы здароўя. Так, захавана сетка фельчарска-акушэрскіх пунктаў і медыцынскіх амбулаторый, незалежна ад колькасці насельніцтва, якое абслугоўваецца. Забяспечанасць ложкамі прыведзена ў адпаведнасць нарматывам дзяржаўных сацстандартаў і складае 9 на 1000 жыхароў. У вобласці ствараюцца міжраённыя медыцынскія і профільныя абласныя клінічныя цэнтры (дзіцячы, кардыялагічны, псіхіятрыі і наркалогіі, дэрматавенерологіі і касметалогіі і іншыя). З 2015 года на Віцебшчыне арганізавана работа адзінага ў рэспубліцы перасоўнага медыцынскага дыягнастычнага комплексу. З 2017-га – дзейнасць хуткай медыцынскай дапамогі па тэрытарыяльным прынцыпе, што забяспечвае прыбыццё брыгад хуткай медыцынскай дапамогі да месца выкліку ў аптымальна кароткія тэрміны. З 2010 года завершана будаўніцтва, праведзена рэканструкцыя, мадэрнізацыя і капітальны рамонт больш за 400 аб’ектаў аховы здароўя. Трэці год актыўна ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі: электронны рэцэпт і электронная карта пацыента – фарміруецца адзіная інфармацыйная прастора аховы здароўя вобласці. Вынікам мер, што прымаюцца па ўдасканаленні аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву, павышэнні яе даступнасці і якасці, стала павелічэнне чаканай працягласці жыцця жыхароў вобласці за аналізуемы перыяд на 4,3 года – зараз яна складае 73,8 года. Актыўна развіваецца фізічная культура, спорт, турызм і культура. Агульная колькасць спартыўных збудаванняў на Віцебшчыне складае 3929, з іх 36 – ва Ушацкім раёне. Турыстычныя паслугі насельніцтву аказваюць 157 адпаведных арганізацый. Ва Ушацкім раёне дзейнасць ажыццяўляюць два турыстычныя аператары – ТДА “Вікінг Турыстык” і Ушацкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Па тэрыторыі Віцебшчыны арганізацыямі турызму распрацавана больш за 300 турысцка-экскурсійных маршрутаў.

Вядуцца работы па будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу ў Бешанковіцкім, Браслаўскім, Лепельскім, Лёзненскім, Мёрскім і Аршанскім раёнах. Ва Ушацкім санаторый “Лясныя азёры” будуе дадатковыя гасцявыя домікі на 40 месцаў. Уладальнік водна-аднаўленчага цэнтра на возеры Вечалле С.В.Фамін плануе ў 2020 годзе пачаць работы па ўзвядзенні двух гасцявых домікаў. Дынамічна развіваюцца і ўстановы культуры, у гэтай сферы функцыянуе 936 арганізацый.

Пасля заканчэння інфармацыйна-адукацыйнай часткі сустрэчы лясгасаўцы мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніку раёна. У калектыве працуе больш трохсот чалавек, сярод якіх не толькі жыхары гарпасёлка, а і вяскоўцы. Некаторым з іх дабірацца на работу прыходзіцца па гравійках не надта высокай якасці. “Штодня езжу з Мосара і дарога ад трасы да населенага пункта, калі мякка сказаць, пакідае жадаць лепшага. Яна не падсыпаецца і не грэйдзіруецца, з ямінамі, нядаўна ў рэйсавым аўтобусе на паўшляху адвалілася запчастка і з-за прастою спазнілася на працу”, – казала адна з работніц. Адразу пасля мерапрыемства пытанне наконт грэйдзіравання было даручана выправіць дарожнай службе, а пракантраляваць яго выкананне старшыня райвыканкама паабяцаў асабіста. Цікавіліся лясгасаўцы і перспектывамі паляпшэння стану пакрыцця дарогі на Матырына. У.Г.Аўдошка зазначыў, што тэма дарог наогул балючая і падымаецца на кожнай планёрцы ў райвыканкаме – многія хацелася б апрануць у асфальт, але ўсё ўпіраецца ў фінансаванне. Ды і ёсць шэраг аб’ектаў, што патрабуюць першачарговай увагі, як, напрыклад, мост праз раку ў гарпасёлку. У наступным годзе плануецца распачаць яго рамонт.

У прыгаданым калектыве дарожная тэматыка прэваліравала. У чарговы раз ад ушачан паступіла пытанне аб заканчэнні абсталявання тратуараў на вуліцы Калінінскай – гэтыя работы запланаваны на наступны год. Прасілі лясгасаўцы паспрыяць і паляпшэнню ўчастка дарогі ў раёне вуліц Лугавой і Палявой, які пасля дажджоў складана пераадольваць. Паколькі ён знаходзіцца ў зоне адказнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то вырашыць праблему даручана гэтай арганізацыі. Таксама Уладзімір Генадзьевіч агучыў верагоднасць з’яўлення аўтобуснага прыпынку на вуліцы Віцебскай, тым больш што з уводам у першым квартале наступнага года ў эксплуатацыю там новага магазіна патрэба ў ім узрасце яшчэ больш.

Не абышлася сустрэча і без абмеркавання тэм навядзення парадку. Напрыклад, зараз з улікам меркавання жыхароў прадумваецца, як добраўпарадкаваць дваровую тэрыторыю на Віцебскай каля аднайменнага магазіна, рыхтуецца праект добраўпарадкавання зон у цэнтры гарпасёлка насупраць аптэкі і рэдакцыі.

Пацікавіліся ў лясгасе і ходам работ на дзіцячай школе мастацтваў. Як адзначыў старшыня, асноўныя з іх завершаны, але, зразумела, што ўстанова не можа адчыніць свае дзверы без неабходнага абсталявання і інструментаў. У наступным годзе пытанне фінансавання будзе вырашана.

У рамках адзінага дня інфармавання з работнікамі ЖКГ і Касарскога лясніцтва сустрэліся таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч і намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *