В руках мастера-методиста Дома ремёсел Марины Герцик нитки и ткань превращаются в красивую вышивку

Общество

Заміж сучаснага ўзора цвяток радзімы васілька

У руках гэтай абаяльнай жанчыны тканіна і ніткі могуць лёгка пераўтварыцца ў прыгожую вышыўку, асаблівы сэнс набудзе ручнік ці адзенне. І калі сёння многія бяруцца за шыццё, каб стварыць карціну для сучаснага інтэр’ера, то метадыст-майстар Дома рамёстваў Марына Мікалаеўна Герцык спецыялізуецца на адраджэнні і захаванні менавіта беларускай народнай культуры.

У назву ж крыху зменены радок знакамітага верша беларускага класіка Максіма Багдановіча мы вылучылі невыпадкова: калі той услаўляў нялёгкую працу слуцкіх майстрых, то дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч не шкадуе ўзнёслых эпітэтаў, калі характарызуе сваю падначаленую.

“Зараз у водпуску, а такое адчуванне, што работу прагульваю, ды і, шчыра кажучы, падчас адпачынку то і справа цягне да вышывання!” – з усмешкай адзначае Марына Мікалаеўна і можна адразу зразумець, як яна ставіцца да таго, чым займаецца. Да падобных творчых заняткаў схільнасці ў яе былі заўсёды, адпаведныя гурткі наведвала ў роднай Ушацкай школе. Добра вышываць гладдзю ўмелі яе бабулі, тэхніку ж “крыжыка” асвойвала сама. А вось падчас выбару прафесіі спынілася на педагагічным накірунку і атрымала спецыяльнасць выхавальніка, лагапеда-дэфектолага. Падчас работы ў яслях-садзе №2 ёй лёгка ўдавалася ладзіць з выхаванцамі і знаходзіць падыход нават да самых няўрымслівых малышоў. А ў 2016-м М.Герцык улілася ў калектыў таленавітых майстроў раённага Дома рамёстваў. Распрацоўка матэрыялаў і эскізаў, карпатлівая работа над вышыўкай рэчаў – далёка не ўсе абавязкі Марыны Мікалаеўны. Яна вядзе адпаведны гурток, актыўнымі ўдзельніцамі якога зараз з’яўляюцца дарослыя жанчыны – маладыя мамы ў дэкрэтным адпачынку і пенсіянеры.

“Гэта на першы погляд можа падацца, што ўсё проста – вышывай сабе любымі ніткамі ды і ўсё. На самой справе ў аднаўленні рэчаў беларускага строю шмат нюансаў, кожны колер і ўзор мае сваё значэнне. Аб гэтым даведалася падчас вывучэння шматлікай літаратуры, многае далі і спецыяльныя экспедыцыі па раёне. Напрыклад, мы выязджалі ў Бутава, Вацлавова, Астравенец”, – гаворыць майстрыха.

Акрамя гэтага, М.Герцык пастаянна рыхтуецца да розных выстаў і фэстаў. Напрыклад, на адзін з абласных конкурсаў вышывала работу памерам 60 на 60 сантыметраў: кожны раён адлюстроўваў свой герб і які-небудзь сімвал, Ушачам дастаўся дождж. Зрэшты, у час засушлівага лета нашы прабабкі і бабулі вышывалі яго, тым самым просячы ў неба дапамогі. Старанні М.М.Герцык былі высока ацэнены і адзначаны спецыяльным Дыпломам лаўрэата.

Убачыць жанчыну можна практычна на кожнай выставе падчас раённых мерапрыемстваў, а таксама абласных. Кожны год яна разам з калегамі рыхтуецца і выязджае на “Славянскі базар”. Арыгінальныя вышытыя ігольніцы, магніты-васількі, ручнікі заўсёды прыцягваюць увагу гасцей фестывальнага горада. Канечне, нават у такога прафесіянала не заўсёды ўсё ідзе, як па масле. Напрыклад, летась прыйшлося “папацець”, рыхтуючыся да абласных “Дажынак”, што ладзіліся ў Верхнядзвінску. Кожны раён вышываў не толькі адмысловы абрус і ручнік, а і спецыяльную ленту з гербам і надпісам горада. Складанасць заключалася ў тым, што выканаць работу трэба было на льняной тканіне. А вось да сёлетняга абласнога свята аграрыяў Марына Мікалаеўна рыхтавалася ў іншым амплуа і выступала ў складзе дзвюх танцавальных пар ад нашага раёна падчас спецыяльнага шэсця.

Сярод даўніх планаў М.Герцык зрабіць рэканструкцыю набожніка – ручніка, якім раней ушачане ўпрыгожвалі іконы, а таксама “пасябраваць” з габеленам. Упэўнена, што ў такога творчага чалавека ўсё гэта і не толькі атрымаецца!

В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *