“Памятаеце, якія дыскатэкі ў нас былі ў Старасельскім клубе, не тое што з суседніх вёсак – з Ушач моладзь прыязджала. А якія навагоднія агеньчыкі ладзіліся!” – наша размова з Вольгай Аляксееўнай Мацулевіч пачалася менавіта з успамінаў, калі сённяшні дырэктар Арэхаўскага сельскага Дома культуры распачынала сваю культурную дзейнасць у Старым Сяле. Сапраўды, тады мы з задавальненнем спяшаліся ў клуб па выхадных і ў святы. Культработнік жа з усім стараннем падыходзіла да справы і было бачна, што гэта ёй па душы.
Ураджэнка Арэхаўна з дзяцінства цягнулася да творчасці і сцэны. Яшчэ школьніцай бегала ў гурткі мастацкай самадзейнасці ў мясцовы клуб, якім на той час кіравала Таццяна Міхайлаўна Малак. “Так мне падабалася выступаць, часам на хаду імправізавала ці прыдумвала штосьці больш арыгінальнае, чым па сцэнарыі. Вельмі любіла спяваць – гэта ў мяне ад мамы. Дарэчы, у нашай сям’і музыка гучала вельмі часта. Тата быў гарманістам-самавучкай, а яшчэ слухаў оперу – колькі дома было розных пласцінак! Адзін час я нават хацела стаць балерынай. Памятаю, у адным з гараскопаў прачытала, што мне прафесія культработніка падыходзіць”, – прыгадвае Вольга Аляксееўна. Але бацькі былі супраць паступлення дачкі ў культасветвучылішча і, атрымаўшы прафесію прадаўца, дзяўчына працавала ў магазінах вёсак Залужэнне і Вацлавова, а пазней лабарантам на ветсанутыльзаводзе ў Старым Сяле. А ў пачатку 2000-х заняла вакантнае месца загадчыка мясцовага клуба. “Т.М.Малак, якая тады ўжо была начальнікам аддзела культуры, паверыла ў мае сілы, а метадычны цэнтр дапамагаў вучыцца ўсяму на практыцы. І ў мяне атрымалася. Людзі ішлі ў клуб, а я з задавальненнем арганізоўвала тэматычныя агеньчыкі, мерапрыемствы ва ўстанове і нават выязныя канцэрты ў суседніх вёсках – сядзем з актывістамі і на кані едзем выступаць. У Вацлавове быў створаны фальклорны калектыў “Берагіня”. З калядоўшчыкамі і валачобнікамі ў святы наведвалі вяскоўцаў. Часам на рэпетыцыі збіраліся нават у мяне дома”, – з настальгіяй успамінае Вольга Аляксееўна.
У 2006-м жанчына вярнулася ў роднае Арэхаўна ў бацькоўскі дом. Тут яна прадоўжыла свой культурны шлях: спачатку працавала мастацкім кіраўніком у СДК, а ў 2011-м узначаліла яго. Зараз разам з ёй ва ўстанове працуюць мастацкі кіраўнік Тамара Чабоха, а таксама Сяргей і Людміла Мядзведзевы, якія выконваюць абавязкі акампаніятара і кіраўніка гурткоў. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з ветэранскай “пярвічкай”, школай, нядзельнай школай, што дзейнічае пры царкве. Пасябраваў СДК і з санаторыем “Лясныя азёры”, перыядычна творчы састаў установы і актывісты мастацкай самадзейнасці наладжваюць у здраўніцы вечары адпачынку ў народным стылі, якія праходзяць на “ўра”. Калі вы думаеце, што Дом культуры ажывае толькі падчас мерапрыемстваў, то памыляецеся. Тут пастаянна працуюць 10 гурткоў самых розных накірункаў для дзяцей і дарослых. Напрыклад, Вольга Аляксееўна курыруе работу дзіцячых “Умелых ручак” і аб’яднання для пажылых людзей “Аднавяскоўцы”. Сапраўднай візітнай карткай установы ўжо даўно стаў вакальны ансамбль “Дубравушка”.
“Якая галасістая жанчына!” – не раз даводзілася чуць пра В.А.Мацулевіч падчас раённых мерапрыемстваў. Асаблівы ж яе “канёк” – прыпеўкі, іх яна не толькі выдатна выконвае, а і сачыняе сама. Зрэшты, гэты талент жанчыны сёлета ў чарговы раз быў адзначаны дыпломам на конкурсе народнай музыкі і прыпевак “А музыкі граюць, граюць…”, што праходзіў у рамках “Славянскага базару” ў Віцебску. Пастаяннай удзельніцай фестывальных мерапрыемстваў Вольга Аляксееўна з’яўляецца ўжо больш 10 гадоў. А яшчэ яна ўваходзіць у састаў клуба нацыянальных культур “Дружба”, прадстаўляючы рускую: яе маці родам з Расіі, а на Ушаччыну прыехала працаваць.
Вольга Аляксееўна прызнаецца, што ў наступным годзе мяркуе пайсці на заслужаны адпачынак, каб больш увагі ўдзяліць унукам. Аднак тут жа задумваецца, ці зможа без любімай справы, і дадае: “Напэўна, усё роўна буду бегаць у Дом культуры і ўдзельнічаць ва ўсім!” Пакуль жа лепшай узнагародай за сваю працу лічыць станоўчыя водгукі пра дзейнасць установы і поўную залу падчас мерапрыемстваў.
Вольга КАМАРКОВА.