Еўрапейскім курсам
Ці ведаеце вы, што каля трэці еўрапейцаў жывуць не ва ўласных, а ў арандаваных дамах і кватэрах. У Германіі, напрыклад, доля такога жылля складае 58 працэнтаў, а ў Швейцарыі – 71. Апошнім часам “арэндны жыллёвы сектар” актыўна пашыраецца і ў Беларусі: у красавіку бягучага года ў нашай краіне налічвалася амаль 150 тысяч арэндных кватэр, а на Віцебшчыне толькі сёлета запланавана пабудаваць 10,5 тысячы квадратных метраў такога жылля. Прынамсі, у буйных гарадах яно вельмі запатрабаванае: у Мінску на адну падобную кватэру падаецца ад 50 да 200 заявак! Варта адзначыць, што фонд арэнднага жылля ў Беларусі больш разнастайны, чым на Захадзе: узводзяцца цалкам дамы і асобныя кватэры ў новабудоўлях, у катэгорыю арэндных таксама актыўна пераводзяцца вызваленыя дзяржаўныя і службовыя жылыя памяшканні. Гэты накірунак падтрымліваецца на самым высокім узроўні, бо відавочна ўплывае на змяншэнне чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Як падкрэслівае Прэзідэнт нашай краіны А.Р.Лукашэнка, будаўніцтва арэнднага жылля павінна развівацца не толькі ў мегаполісах, а і ў сярэдніх, малых гарадах – гэта, у прыватнасці, будзе спрыяць прыцягненню на перыферыю маладых спецыялістаў.
А таму нядзіўна, што старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка падчас прыёму грамадзян з вялікай увагай выслухаў канструктыўную ідэю старшыні КУСГП “Глыбачаны” Алега Аляксандравіча Ляшчынскага. Сэнс яе заключаўся ў тым, каб перавесці ў разрад арэндных і адрамантаваць некалькі пустуючых кватэр у шматпавярхоўках аграгарадка Глыбачка, а потым выдзяляць гэта жыллё работнікам, у якіх мае патрэбу сельгаспрадпрыемства.
Як вядома, шматпавярхоўкі, што будавала ў савецкія часы мясцовая гаспадарка, у 2000-х гадах былі перададзены на баланс УП ЖКГ. Варта адзначыць, што ўжо тады многія кватэры знаходзіліся ў непрыдатным стане, а некаторыя жыльцы, хоць і былі тут зарэгістраваны, фактычна пражывалі ў іншых месцах. “Спецыялісты нашага прадпрыемства правялі вялікую работу: шукалі і інфармавалі грамадзян, давалі ім час на самастойнае вырашэнне пытанняў, – расказвае юрысконсульт УП ЖКГ Валянціна Эдуардаўна Анкудовіч. – У выніку некаторыя былыя жыльцы праз суд былі зняты з рэгістрацыйнага ўліку, кватэры набылі афіцыйны статус незаселеных – толькі пасля гэтага мы атрымалі права распачаць у іх рамонтныя работы”. Як патлумачылі нам у сектары ЖКГ райвыканкама, грошы, якія жыхары Віцебшчыны адлічваюць у якасці платы за арэнднае жыллё, акумулююцца на спецыяльным рахунку, з якога потым, па рашэнні аблвыканкама, накіроўваюцца ў розныя рэгіёны для прывядзення ў належны стан камерцыйнага жылфонду. Паступіўшыя ў раённы бюджэт мэтавыя сродкі дазволілі распачаць рамонт пяці арэндных кватэр у дамах па вуліцы Цэнтральнай аграгарадка.
Напрыканцы жніўня мы пабывалі ў Глыбачцы, каб на свае вочы ўбачыць працэс пераўтварэння занядбаных кватэр у прывабнае жыллё. Даручаны ж ён быў работнікам мясцовага ўчастка прадпрыемства камунальнай гаспадаркі, кіруе якім вельмі адказны і працавіты чалавек Аляксандр Іванавіч Вялюга. Гэтымі ж якасцямі валодаюць і яго падначаленыя, якім, прынамсі, прыйшлося асвоіць некаторыя спецыфічныя будаўнічыя працэсы. “Бачыце, якія прасторныя і светлыя пакоі! – правялі для нас экскурсію па кватэры ў доме 31“А” Сяргей Фёдаравіч Рубіс і Рыгор Мікалаевіч Уліцкі. – Ужо пастаўлены пластыкавыя вокны, металічныя дзверы, ванна і ўнітаз, пазней установяць і новую газавую пліту, зараз вось даклеім шпалеры, дафарбуем тое-сёе – і можна будзе спраўляць наваселле”.
І даброты, і абавязкі
І менавіта да гэтай падзеі наўмысна вырашылі мы адкласці публікацыю артыкула. Хацелася ўпэўніцца, што слушная ідэя А.А.Ляшчынскага стане рэальнасцю і абноўленае жыллё насамрэч будзе запатрабаваным. Прайшоў месяц пасля нашага візіту ў Глыбачку, а ў двухпакаёўцы ў доме №32 ужо пражывае палявод гаспадаркі. Вось-вось будзе заселена і тая, дзе мы пабывалі: сюды пераедзе са Слабады сям’я заатэхніка і бухгалтара “Глыбачан”. Хутка скончыцца рамонт у трох астатніх кватэрах – ёсць кандыдаты і для гэтага жылля: магчыма, яго прапануюць жывёлаводам мясцовага комплексу.
Як патлумачыла В.Э.Анкудовіч, жыллёвыя памяшканні прадастаўляюцца работнікам па хадайніцтве КУСГП рашэннем райвыканкама на перыяд працоўных адносін з гаспадаркай. Пры гэтым навасёлы павінны беражліва ставіцца да жылля (на жаль, адваротных прыкладаў у нашым раёне нямала), рабіць за ўласны кошт бягучы рамонт, своечасова разлічвацца за жыллё і камунальныя паслугі. Што датычыцца памеру арэнднай платы, то яна вылічаецца па спецыяльнай формуле, зыходзячы з устаноўленай урадам базавай стаўкі, метражу, паніжаючых ці павышаючых каэфіцыентаў, якія залежаць ад перыяду пражывання ў кватэры, наяўнасці выгод і месцазнаходжання жылля. Каэфіцыент для маленькіх населеных пунктаў – самы выгадны: для Ушач ён складае 0,2, а для Глыбачкі – 0,1, таму арэндная плата тут значна меншая, чым у гарадах.
Дарэчы, з 1 студзеня 2020 года ўступіць у сілу новая рэдакцыя Жыллёвага кодэксу, якая вызначыць новыя, больш спрыяльныя падыходы да прадастаўлення арэнднага жылля, яго пераводу ў сацыяльнае, ільгот для неабароненых катэгорый грамадзян. А таму мяркуецца, што рынак арэнднага жылля ў Беларусі будзе развівацца яшчэ больш упэўнена і інтэнсіўна.
Наталля БАГДАНОВІЧ.