У доме са статусам “клопат”
Па-сапраўднаму святочнай стала мінулая серада для 27 пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН у Вяркудах. У госці да іх наведаліся прадстаўнікі сацыяльнай службы раёна, удзельніцы вакальнай групы “Веркужаначка” з Вяркудскага сельскага Дома культуры, вучні Глыбачанскай школы, валанцёры райкама БРСМ.
Пажылыя людзі з замілаваннем прымалі кветкі, віншавальныя паштоўкі, весела падпявалі знаёмыя з дзяцінства бадзёрыя песні, краем хустачак выціралі вочы падчас гучання лірычных мелодый маладосці, шчодра адорвалі артыстаў апладысментамі. Дарэчы, рабілі гэта прама за “салодкім сталом”, сродкі на які выдзелілі мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі.
Звяртаючыся да пажылых людзей, дырэктар ТЦСАН Ушацкага раёна Ірына Анатольеўна Ціханава пажадала галоўнага – здароўя, даўгалецця, паважлівых адносін родных. Астатняе ж возьмуць на сябе работнікі сацслужбы. Вось і ў прыгаданы дзень яны прыехалі не з пустымі рукамі – прывезлі ласункі, цёплае адзенне і абутак.
Зрэшты, было што паглядзець і гасцям аддзялення. Яго загадчык Алена Леанідаўна Ігнатовіч расказала пра тутэйшыя новаўвядзенні. Развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцяў, умацаванню здароўя спрыяюць рэабілітацыйныя зоны, што з’явіліся нядаўна на тэрыторыі ўстановы. Так, у адной з альтанак бабулі з дзядулямі могуць пагуляць у шашкі ці шахматы: яркія жоўта-сінія колеры гульнявых дошак дазваляюць бачыць іх нават тым, хто мае дрэнны зрок. Непадалёк прапануецца ўспомніць школьныя гады і памаляваць каляровай крэйдай. Нямала прыхільнікаў знайшлося і ў “сцяжынкі здароўя” – прагулка басанож па каменьчыках розных памераў паляпшае самаадчуванне і настрой. Дапамог работнікам ТЦСАН у арганізацыі такога тэматычнага заніравання Дзмітрый Мікалаевіч Пашкевіч з Ушач, а фарбы, іншы матэрыял выдзелілі неабыякавыя індывідуальныя прадпрымальнікі. Зарад пазітыву многія пажылыя людзі атрымліваюць, калі назіраюць за жывёлай: нядаўна ў аддзяленні “пасяліліся” марскія свінкі, а вясковы сабачка, які “вартуе” тэрыторыю, стаў агульным любімцам. Навукоўцы лічаць, што так званая пэт-тэрапія – лячэнне з дапамогай жывёл – спрыяе прафілактыцы дэменцыі.
Нельга здавацца ў палон немачы і песімізму – гэта крэда пастаяльцаў установы. Ну а жыццёвы тонус, настрой гэтых людзей залежыць у тым ліку і ад падобных вельмі патрэбных ім цёплых сустрэч.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
З пасядзелкамі і дыскатэкай!
“Мае гады – маё багацце!” З гэтым радком вядомай песні і назвай канцэрта ў Дубраўскім сельскім клубе быў згодны кожны, хто завітаў на святочнае мерапрыемства, а яно атрымалася па-сапраўднаму цёплым. Некаторы час у культурным жыцці вёскі быў перапынак з-за адсутнасці спецыяліста, аднак з прыходам Кацярыны Валер’еўны Троцкай яно набыло новае дыханне.
“А хто будзе сёння выступаць?” – пыталіся вяскоўцы, якія прыйшлі ў культустанову ў дзень пажылых людзей. “Я і буду!” – хоць і з хваляваннем, але ўпэўнена адказвала новы загадчык клуба. Асабліва шчымлівай у яе выкананні атрымалася песня пра маму. Падтрымліваў Кацярыну Валер’еўну і выступаў разам з ёй сын Віця. З задавальненнем паўдзельнічалі ўсе прысутныя ў гульні “Адгадай мелодыю”, задаваў тон святу гарманіст Васіль Ліленка з Лозаў.
Адчуваць сябе заўсёды добра, нягледзячы ні на якія балячкі, жадала землякам старшыня мясцовай ветэранскай “пярвічкі” Алена Захараўна Кучко, якая выконвае гэты грамадскі абавязак з 2006 года. “Тады ў нашых радах было 254 члены, а сёлета засталося ўсяго 144. Непасрэдна ж у Дубраўцы зараз пражывае 47 пенсіянераў. Ёсць у нашай “пярвічцы” і ардэнаносец – гэта Леанід Ягадка з вёскі Ягадкі. Дзякуй ветэранам за іх старанні, нястомную працу. Усім хачу пажадаць бадзёрасці і аптымізму!” – казала ў сваім выступленні Алена Захараўна і падмацавала свае словы вясёлай гумарэскай. Яна павіншавала ўсіх вяскоўцаў, якія сёлета адзначалі 70-80-90-гадовыя юбілеі. Сярод доўгажыхароў у дубраўскай зоне Ганна Кірпічонак і Анастасія Слізкая.
Дарэчы, дубраўчане атрымалі не толькі асалоду ад канцэрта, а і порцыю ведаў па тэме бяспецы. Супрацоўнікі МНС арганізавалі тэматычныя мерапрыемствы для пажылых людзей не толькі ў Дубраўцы, а і многіх іншых населеных пунктах. Прычым, прайшлі яны не ў форме сумных лекцый, а хутчэй пазнавальных гульняў. Завяршылася ж свята ў Дубраўцы салодкім сталом, за якім удзельнікі яшчэ доўга абмяркоўвалі справы вясковыя і надзённыя, а таксама дыскатэкай “Каму за…”
Падобныя мерапрыемствы для пажылых прайшлі ва ўсіх сельскіх клубах раёна. Так, напрыклад, у Селішчы яны былі арганізаваны ў выглядзе чайных пасядзелак. Кіраўнік установы Ганна Мялешка і нязменная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Людміла Крывёнак падабралі рэпертуар з песень маладосці прысутных. Таксама вяскоўцы змаглі паўдзельнічаць у кветкавай і чайнай віктарынах, шматлікіх гульнях і конкурсах. А жыхары аграгарадка Арэхаўна шчыра дзякавалі калектыву мясцовага клуба за ўвагу і цудоўны канцэрт. Аналагічным мерапрыемствам у Жарскім клубе засталіся задаволеныя вяскоўцы з Жар і Старога Сяла, а на вельмі душэўнае мерапрыемства ў Вяркудскі СДК прыехалі нават ветэраны з Ушач.
Вольга КАМАРКОВА.