У канцы жніўня работнікамі Арэхаўскага СДК было наладжана свята вёскі ў Кублішчыне. У гэтым населеным пункце непадалёк ад райцэнтра пражывае каля 30 жыхароў, амаль усе яны пажылога ўзросту, адданыя сваёй роднай хатцы і бацькоўскай зямлі.
Выстава народнай творчасці, кніжная выстава, плакаты з віншаваннямі, кветкі, караваі – усё гэта стварала святочную атмасферу і добры настрой. Канцэртная ж праграма пачалася з выступлення вакальнай групы Арэхаўскага СДК, якая была цёпла ўспрынята вяскоўцамі.
Старэйшына вёскі Кублішчына Мікалай Іосіфавіч Федарэнка і яго жонка Ніна Піліпаўна вельмі добразычлівыя, працавітыя людзі, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу, карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў. Якраз у жніўні яны адзначылі 41 год сумеснага жыцця, а таму работнікі культуры павіншавалі іх з гэтым сямейным святам, у якасці падарунка паднеслі каравай і выканалі песню.
Цёплыя словы і музычныя падарункі прагучалі ў гонар мнагадзетных маці, якія пражываюць у вёсцы. Гэта Ніна Фёдараўна Кляшчонак, Валянціна Маркаўна Зузёнак, Ніна Піліпаўна Федарэнка, Праскоўя Іванаўна Долгая.
Караваі былі ўручаны і імяніннікам жніўня, для якіх таксама прагучалі любімыя песні і вясёлыя гумарэскі. Музычным афармленнем свята ўдала кіраваў А.Клімаў.
Бібліятэкар І.Малак пазнаёміла прысутных з навінкамі літаратуры, новымі часопісамі і газетамі, расказала гісторыю вёскі.
Усім на свяце было вольна і весела, ніводны жыхар вёскі не быў абдзелены ўвагай. Яны спявалі разам з артыстамі і не шкадавалі сваіх далоняў для апладысментаў. І менавіта дзякуючы іх цёпламу прыёму свята атрымалася запамінальным. Хочацца выказаць удзячнасць і дырэктару ПУП “Сарочына” В.П.Сяргееву, які прадаставіў нам транспарт для правядзення свята вёскі.
Наперадзе ў вяскоўцаў свае паўсядзённыя клопаты і справы, мы ж спадзяёмся, што праведзенае свята крыху разнастаіла іх працоўныя будні і ўзняло настрой.
В.МАЦУЛЕВІЧ,
мастацкі кіраўнік Арэхаўскага СДК.