Коллективный портрет страны. Очередной день информирования был посвящён теме переписи населения

Общество

Асноўнай тэмай чарговага Адзінага дня інфармавання стаў перапіс насельніцтва-2019, які, нагадаем, пройдзе ў нашай краіне з 4 па 30 кастрычніка. Члены інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама выступілі ў розных арганізацыях раёна. Так, старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка наведаў ушацкіх газавікоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч сустрэлася з працоўным калектывам аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы, намеснікі старшыні райвыканкама А.А.Садоўскі, А.В.Пашковіч, А.В.Галяковіч выступілі ў ДРБУ-105, Арэхаўскай школе, Глыбачанскім лясніцтве.

Перапіс-2019 стане трэцім у гісторыі незалежнай Беларусі (папярэднія праводзіліся ў 1999 і 2009 гадах). Без звестак аб колькасці людзей, якія пражываюць на канкрэтнай тэрыторыі, іх адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы, колькасці працаздольнага насельніцтва, дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту немагчыма вызначыць аб’ёмы фінансавання сацыяльных выплат, патрэбы ў выхавальніках, настаўніках, урачах. Перапіс насельніцтва – найбагацейшая крыніца інфармацыі, якая выкарыстоўваецца ўсімі суб’ектамі грамадскіх адносін – дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, удзельнікамі бізнес-супольнасці. Аб гэтым у працоўных калектывах расказвалі старшыня райвыканкама і яго намеснікі.

Жыхарам Беларусі прапануюць адказаць па 49 пунктах замест ранейшых 37. Апытанне рэспандэнтаў будзе праводзіцца з выкарыстаннем планшэтаў. Акрамя таго можна будзе самастойна перапісацца праз інтэрнэт (у перыяд з 4 па 18 кастрычніка). 23 жніўня 2019 г. Белстат запусціў промасайт перапісу па адрасах census.by і www.перапіс.бел. Паўнавартасны перапісны сайт запрацуе 4 кастрычніка з пачаткам перапісу, будзе адкрыты доступ да анкеты. Для запаўнення перапісных лістоў не патрабуецца прадстаўленне якіх-небудзь дакументаў, персанальныя даныя ўносяцца са слоў рэспандэнтаў альбо асоб, надзеленых правам іх прадстаўлення.

У гэты ж перыяд будуць працаваць мабільныя стацыянарныя ўчасткі ў арганізацыях раёна – работнікі атрымаюць магчымасць перапісацца па месцы працы.

Грамадзяне, якія аддаюць перавагу апытанню па месцы жыхарства, могуць засцерагчы сябе ад ілжэперапісчыкаў, патэлефанаваўшы па адзіным нумары 8-801-100-3131 (з любога тэлефона званок бясплатны) і, паведаміўшы прозвішча, імя і імя па бацьку перапісчыка, пераканацца, што гэты чалавек мае права праводзіць апытанне. Перапісчыкі будуць здзяйсняць абход з 9 да 21 гадзіны ў гарадах і з 9 да 19 у сельскіх населеных пунктах.

Аб тым, што ўшачане разумеюць важнасць кампаніі, сведчыла іх неабыякавасць, у кожным калектыве працаўнікі задавалі актуальныя хвалюючыя пытанні. Напрыклад, дзе перапісвацца ў выпадку, калі чалавек прапісаны ва Ушачах, а працуе ў Полацку? Пры праходжанні апытання рэспандэнт указвае адрас памяшкання, дзе ён фактычна пастаянна пражывае незалежна ад месца рэгістрацыі. Гэта датычыцца і асоб, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, і студэнтаў дзённай формы навучання. Першыя перапісваюцца па месцы знаходжання воінскіх часцей, а другія – не па хатнім адрасе, дзе яны пражывалі да навучання, а па адрасе інтэрната. Таксама члены працоўных калектываў цікавіліся наконт канфідэнцыяльнасці інфармацыі, ці абавязкова адказваць на ўсе пытанні. Так, усе атрыманыя пры правядзенні перапісу даныя з’яўляюцца канфідэнцыяльнымі. У ходзе апрацоўкі яны абязлічваюцца і ў далейшым выкарыстоўваюцца толькі ў абагульненым выглядзе. Запоўненыя перапісныя лісты не перадаюцца ні ў падатковыя, ні ў якія-небудзь іншыя органы дзяржаўнага кіравання. Што да “пропускаў” асобных пытанняў, то, канечне, пажадана адказаць на ўсе, бо няпоўная інфармацыя зніжае якасць выніковых даных.

Яшчэ адной тэмай, якая закраналася падчас адзінага дня інфармавання, была работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, як дзейсны канал зваротнай сувязі ўлады з насельніцтвам па найбольш хвалюючых пытаннях. У нашым раёне агучыць свае праблемныя моманты людзі могуць падчас асабістых і выязных прыёмаў, “прамых ліній”, адзіных дзён інфармавання, сустрэч у працоўных калектывах і па месцы жыхарства. У першым паўгоддзі бягучага года ў райвыканкам паступіла 66 зваротаў грамадзян, што на 10 больш, чым за адпаведны перыяд 2018-га. З іх 26 было ў пісьмовай форме, 19 у электроннай, у вуснай – 21, менавіта на выязных прыёмах зафіксавана 13 зваротаў. Пераважная большасць іх датычылася жыллёва -камунальнай гаспадаркі і жыллёвага заканадаўства, утрымання дарог. Дарэчы, прыватныя пытанні, якія паступілі да прадстаўнікоў улады падчас правядзення адзінага дня інфармавання, мелі такі ж характар.

Вольга Камаркова.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *