Тернистый путь к военкомату, или Почему уклониться от армии не получится?

Общество

Цярністы шлях да ваенкамата

Малады ўшачанін 1993 года нараджэння ажаніўся рана, і калі ў сям’і нарадзілася дзіця, атрымаў па законе адтэрміноўку ад вайсковай службы. Але сумеснае жыццё не задалося, і шлюб быў скасаваны, што адкрыла хлопцу дарогу ў армію. У канцы мінулага лістапада медкамісія прызнала яго годным да службы, а паколькі мерапрыемствы асенняга прызыву ўжо былі скончаны, прыбыць па павестцы ў адасобленую групу па Ушацкім раёне ён павінен быў 8 лютага. Маладому чалавеку патлумачылі, што ў выпадку невыканання патрабаванняў заканадаўства ён будзе несці адказнасць. Аднак прызыўнік, па ўсім відаць, не ўспрыняў усур’ёз гэтыя папярэджанні і вырашыў пагуляць з ваенкаматам у хованкі. Спецыялісты неаднойчы спрабавалі наладзіць з ім кантакт па тэлефоне, тлумачылі, што калі няяўка абумоўлена ўважлівымі прычынамі, трэба ў пяцідзённы тэрмін прадаставіць адпаведныя пацвярджэнні, хлопец жа толькі пералічаў перашкоды, што замінаюць яму прыбыць на мерапрыемствы вясенняга прызыву, – казаў, напрыклад, што згубіў дакументы. А ў пачатку мая радасна паведаміў, што на днях бярэ новы шлюб з дзяўчынай, якая збіраецца нарадзіць яму яшчэ адно дзіця, і, адпаведна, ісці ў армію ён увогуле не плануе.

Вось толькі радасць ад такіх падзей хлопцу істотна азмрочылі: сваімі дзеяннямі, а дакладней, тым, што на працягу доўгага часу ўхіляўся ад мерапрыемстваў прызыву, ушачанін парушыў патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”. А за такі ўчынак прадугледжана адказнасць па частцы 1 артыкула 435 Крымінальнага кодэксу РБ. На нядаўнім пасяджэнні суд Ушацкага раёна вынес яму прыгавор: маладому чалавеку давядзецца заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (2550 рублёў). Пакаранне магло быць куды больш жорсткім – да 2 гадоў пазбаўлення волі, аднак былі прыняты да ўвагі змякчальныя абставіны, у тым ліку наяўнасць у мужчыны на ўтрыманні малалетняга дзіцяці.

Хочацца падкрэсліць, што ваенны камісарыят ні ў якім разе не ставіць перад сабой мэту падвесці несумленных прызыўнікоў “пад артыкул”. Наадварот, тут праводзяць вялізную работу па папярэджанні такіх выпадкаў, шукаюць і інфармуюць “ухілістаў”, у тым ліку праз родных і знаёмых, аднак, як бачна, іншы раз іх безадказнасць і легкадумства прыводзіць да такіх вось непрыемных наступстваў.

М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна.

Ухіліцца не атрымаецца

10 жніўня ўступіў у сілу закон “Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”. Яго прыняцце прадыктавана тым, што апошнім часам ваенкаматы недабіраюць прызыўнікоў. Адбываецца гэта па шэрагу прычын. У прызыўны ўзрост зараз уступілі маладыя людзі, народжаныя ў перыяд дэмаграфічнага спаду, і пры гэтым усё больш хлопцаў не могуць стаць навабранцамі па стане здароўя. Акрамя таго, да нядаўняга часу 76 катэгорый грамадзян мелі права на адтэрміноўку для праходжання службы – па гэтым паказчыку Беларусь апераджала большасць краін. Прыняты дакумент мае на мэце скараціць колькасць “пралазаў”, якія дазвалялі ўхіліцца ад выканання воінскага абавязку. Ён зрабіў больш жорсткімі правілы прызыву на вайсковую службу і наступствы для людзей, якія праігнаравалі яе без законных падстаў. Пра тое, што канкрэтна змянілася пасля ўступлення ў сілу закона, нам паведамілі ў адасобленай групе Ушацкага раёна аб’яднанага ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў.

Галоўным новаўвядзеннем можна лічыць тое, што адтэрміноўка ад арміі для атрымання адукацыі будзе зараз давацца толькі адзін раз. Так, напрыклад, калі хлопец адвучыўся ва ўніверсітэце і хоча паступіць у аспірантуру – перад гэтым ён павінен будзе адслужыць у войску. Калі скончыў каледж і мяркуе далей вучыцца ў ВНУ – таксама давядзецца спачатку пайсці ў армію. Пры гэтым можна будзе здаць уступныя іспыты і за ім захаваецца месца ў навучальнай установе. Трэба адзначыць, што Міністэрства адукацыі ахвотна падтрымала такую заканадаўчую ініцыятыву, бо нярэдкімі былі факты, калі выпускнікі ўніверсітэта дзеля адтэрміноўкі паступалі ў вучылішча ці ў магістратуру, зусім не збіраючыся потым працаваць па рабочай спецыяльнасці ці займацца навукай. “На сённяшні дзень мы даём адтэрміноўку на працяг атрымання адукацыі толькі тым, хто паступіў у навучальныя ўстановы да 10 жніўня. Пры гэтым неабходна прад’явіць адпаведную даведку і выпіску з загада аб залічэнні”, – патлумачылі нам у адасобленай групе Ушацкага раёна.

Яшчэ адно кардынальнае змяненне ў тым, што зараз прызыўнікам не будзе сэнсу “бегаць” ад павесткі. У новым дакуменце гаворыцца, што ў выпадку ўхілення грамадзян ад прызыву на тэрміновую службу, службу ў рэзерве да дасягнення 27-гадовага ўзросту або невыканання імі абавязкаў па воінскім уліку, з-за чаго стала немагчымым іх апавяшчэнне аб неабходнасці яўкі на мерапрыемствы па прызыве на службу, прызыўная камісія прымае рашэнне аб прызнанні такіх грамадзян не прайшоўшымі ваенную службу па прызыве, не маючы на гэта законных падстаў.

Такім чынам статус “ухіліста” набудуць не толькі тыя, хто атрымаў павестку і не прыйшоў на прызыўны пункт, а і тыя, каму яна была адпраўлена, аднак яны без уважлівых на тое прычын яе не атрымалі.

Тыя, хто незаконна ўхіляецца ад праходжання службы, трапяць у чорны спіс невыязных з Беларусі, а таксама пазбавяцца магчымасці быць прынятымі на дзяржслужбу, на работу ў Следчы камітэт, органы ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Яшчэ адно новаўвядзенне зацікавіць выпускнікоў, якія вучыліся на бюджэтнай форме ці па мэтавым накіраванні. Зараз замест абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні яны змогуць пайсці на ваенную службу па кантракце на тэрмін, не меншы за той, што павінны былі адпрацаваць. Вядома ж, у гэтым выпадку маладыя спецыялісты не будуць пакрываць сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх навучанне.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *