Аркадзь Каваленка

70-годдзе Перамогі

– Мой дзед тут нарадзіўся і ўсё жыццё працаваў на гэтай зямлі, бацька і я, – пачынае свой расказ пра жыццё ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Гвазды Аркадзь Паўлавіч Каваленка. – Прыраслі мы ўжо да яе, карміцелькі нашай, бачыце, і не адным ужо пакаленнем прыраслі, – разважае далей мужчына, – ды і памру я ўжо тут, побач з продкамі, на сваёй роднай зямліцы…Коваленко 002

У свае 82 Аркадзь Паўлавіч іншы раз дазваляе сабе ўслых разважаць пра смерць, хоць па натуры ён чалавек вельмі жыццелюбівы. Ды і дух у гэтага мужчыны яшчэ баявы. Менавіта такое ўражанне склалася ў мяне пасля знаёмства з ім.

– Наша вёска ў гады вайны была сапраўдным партызанскім гняздом, – вядзе свой аповед ветэран. – У бацькавай хаце пэўны час базіраваўся штаб брыгады “За Савецкую Беларусь” на чале з камбрыгам Паўлам Мінаевічам Раманавым. А з пачатку вайны і да 1942-га жыхары Гваздоў даглядалі пяць параненых чырвонаармейцаў, якія ўцяклі з палону. Я нават памятаю іх імёны, – Аркадзь Пятровіч, нават не робячы паўзы, пачынае іх пералічваць. – Іван Пайкоў, Мікалай Біберын, Мікалай Паддубны, Васіль Струкаў і Фёдар Дробат. З пачаткам партызанскага руху яны ўліліся ў рады народных мсціўцаў брыгады імя В.І.Чапаева, былі ў атрадзе У.Мельнікава. Памятаю, як адразу пасля вайны Біберын даслаў у нашу вёску пісьмо-падзяку за выратаванае жыццё. Чыталі ўсёй вёскай. Плакалі…

За сувязь з партызанамі ў 1943 па даносе паліцаяў немцы спалілі два дамы – наш і суседскі. У партызанах былі і бацька, і сястра, і я.

У сакавіку 1943-га мяне залічылі сувязным у пяты атрад Лепельскай брыгады імя Сталіна, але я пастаянна хадзіў на заданні па мініраванні і падрыве чыгункі. У 1944-м прызвалі ў армію. Служыў пад Оршай у інжынерна-сапёрнай брыгадзе 36 запаснога будаўнічага палка аж да 1946.

Вярнуўшыся ў сваю родную вёску, Аркадзь Паўлавіч некаторы час жыў у суседзяў, працаваў у калгасе імя Леніна і адначасова будаваў дом. Горка было глядзець на руіны некалі роднага гнязда, аднак час быў такі суровы, што не да сантыментаў. Працаваць, працаваць і працаваць…

У 1949-м узяў замуж дзяўчыну Ганну са Славеняў. На танцах прыгледзеў, і больш ужо не змог без яе жыць. Да гэтага часу руплівы гаспадар ужо меў сваю хату, так што жонку не сорамна было прывесці ў новы дом. Стварылі з Ганнай Іванаўнай вялікую і дружную сям’ю. Першымі нарадзіліся двайняты Каця і Тоня, потым Уладзімір і апошняя – Тамара. Увесь час трымалі вялікую падсобную гаспадарку. Дзеці падрасталі ў атмасферы працы як асноўнай крыніцы жыцця. Строгі бацька не даваў ленавацца нікому, а сам у любой справе быў добрым прыкладам. Цяпер, канечне, узрост узяў сваё, і на падворку засталіся толькі чатыры курыцы ды певень.

Іншае – больш размеранае, няспешнае і крыху сумнае, у параўнанні з маладымі гадамі, жыццё людзей на пенсіі. Гэта прызнае і аптымістычны па натуры Аркадзь Паўлавіч. Заняткамі для душы на першы план выйшлі прагляд тэлеперадач і чытанне перыёдыкі. Нават да суседзяў не ходзяць, а на вёсцы засталося ўсяго 7 чалавек. Зусім іншымі, больш цікавымі і насычанымі становяцца дні пажылых людзей, калі прыязджаюць дзеці, унукі, якіх восем, і праўнукі (іх шасцёра).

– Толькі ў такія хвіліны, калі дом напоўнены галасамі ўсіх пакаленняў тваіх родных, разумееш, што недарэмна пражыў на свеце, – робіць мудрую выснову жыцця мой герой. – І, мабыць, гэта разумееш толькі ў старасці, калі ўвесь сэнс жыцця і зводзіцца да іх, тваіх прадаўжальнікаў.

А.ПАШКОВІЧ.

На здымку:

Ад аўтара:

“Людзі на балоце” – менавіта так хочацца назваць вёску Гвазды і яе жыхароў вясной і восенню. Ужо больш 10 гадоў тут няма дарогі, і ў дажджлівыя перыяды года нават аўтамагазін даязджае толькі да пачатку вёскі. Вось і дабі- раюцца ў ботах састарэлыя жыхары за прадуктамі харчавання, якіх і не купіш многа, бо няма ўжо сіл так далёка несці цяжкую торбу. Аркадзь Пятровіч звяртаўся па гэтай праблеме ў шматлікія інстанцыі і не адзін год. Былі яго паведамленні аб праблеме і ў рэдакцыю газеты. Калі я ехала ў Гвазды, прызнацца, не верылася, што ёсць дарога, па якой не пройдзе ўсюдыходны рэдакцыйны УАЗ. Аднак не тое тут было. Даехалі толькі да пачатку вёскі, а я вельмі пашкадавала, што не абула боты, каб дабрацца да дома А.П.Каваленкі. Ужо рыхтаваўся крытычны матэрыял. Аднак Аркадзь Паўлавіч паведаміў, што падчас апошняй размовы з начальнікам ДРБУ-105 яму паабяцалі зрабіць дарогу. Аркадзь Паўлавіч Каваленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *