Шлюб па разліку.Т.Барадзёнак

Творчество наших земляков

Бабёр дабра ажно замнога

Паспеў да старасці нажыць.

Яго – багатага старога –

Ліса рашыла спакусіць.

Яна – красуня на выданні –

Была спрытнёхаю ва ўсім.

Бабру прызналася ў каханні –

Той галаву згубіў зусім…

Было шыкоўнае вяселле,

Было вясельнае турнэ.

У новым доме наваселле

Яны зрабілі па вясне.

Бабёр жа жонку-прыгажуню

Кахаў, жалеў і шанаваў.

Сваёй ён Лісачцы-хітруні

Ва ўсіх капрызах патураў.

На дыскатэку ёй ахвота –

Папросіць мужа з ёй схадзіць.

І што ж – хадзіў, скакаў да поту,

Каб толькі любай дагадзіць.

На самай шумнай дыскатэцы

Зваліўся з ног стары Бабёр –

Нагрузкі не стрымала сэрца –

І ад інфаркту ён памёр.

Не стала нават удавіца

Саракавіны адзначаць,

Бо маладога франта Ліса

Паспела моцна пакахаць.

Да шлюбу “Мерсэдэс” купілі,

У доме сытасць і цяпло,

А пра Бабра даўно забылі,

Нібы яго і не было.

Стары багаты лавелас,

Падумай, перш чым абвянчацца:

Ідуць малодачкі да вас,

Каб з вашай спадчынай застацца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *