На пачатку верасня кіраўніцтва райвыканкама накіравалася на выязныя прыёмы грамадзян у Сарочынскі сельсавет. Для гэтага былі абраны буйныя вёскі, дзе пражывае значная колькасць людзей. І калі ў цэнтры сельсавета да старшыні райвыканкама Уладзіміра Генадзьевіча Аўдошкі паступіла ўсяго адно пытанне, якое датычылася разлікаў КУСГП “Арэхаўна” з грамадзянамі і было аператыўна вырашана, то ў астатніх населеных пунктах некаторыя агучаныя праблемы для вывучэння і разгляду ўзяты на кантроль.
У Слабадзе грамадзяне мелі магчымасць задаць пытанні намесніку старшыні райвыканкама Валянціне Леанідаўне Хамёнак. Асобныя з іх растлумачаны на месцы, а ацэнку спрэчнай сітуацыі двух гаспадароў дасць землеўпарадкавальная служба. У Завячэллі прыём грамадзян праводзіў кіраўнік справамі райвыканкама Ігар Пятровіч Шышко. Вяскоўцы выказалі занепакоенасць тым, што вёска зарастае. Гэта агульная праблема для ўсёй тэрыторыі раёна – насельніцтва старэе, перастае апрацоўваць агароды, ды і дагледзець тэрыторыю нават вакол уласных сядзіб пад сілу далёка не кожнаму. На дапамогу павінны прыходзіць дзеці, унукі, тым больш што зараз, напрыклад, для выдалення дрэва на ўласных сотках не патрэбны акт аб яго аварыйнасці – калі замінае, то можна спілаваць без усялякіх дазволаў.
Па гравійцы ў напрамку Завячэлля кладзецца асфальт да шашы Полацк-Мінск. Жыхары вёскі цікавіліся, ці магчыма спачатку заасфальтаваць участак у населеным пункце, а потым – іншыя. Наўрад ці гэта мэтазгодна, бо прынясе нязручнасці дарожнікам, якія паступова набліжаюцца да Завячэлля з боку Ушач і плануюць ужо сёлета скончыць работы на працягу ўсяго ўчастка дарогі.
На кантроль узята пытанне аб падсыпцы і грэйдзіраванні вуліцы Кальцавой і адразу некалькі зваротаў наконт абмалоту прысядзібных участкаў. Прычым людзі па дадзенай праблеме прыехалі на прыём нават з Мосара і Белага.
Узнікае яна пастаянна – прайшлі часы калі практычна ў кожнай буйной вёсцы быў цэнтр калгаса, а невялікія камбайны маглі даехаць практычна да любога агарода. Сёлета ж у параўнанні з мінулым годам ўзраслі і плошчы да ўборкі ў гаспадарках, якія, зразумела, у першую чаргу дажынаюць свае палі. Між іншым, праблема вырашаецца, хаця на абмалоце сельгаспрадпрыемствы і нясуць страты – калі б грамадзяне аплачвалі яго рэальны кошт, то зерне выходзіла б “залатым” не толькі па колеры.
– Па стане на 17 верасня поўнасцю абмалочаны ўчасткі прыватнікаў у Вялікадолецкім, Жарскім, Ушацкім і Кубліцкім сельсаветах, – каменціруе сітуацыю старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. – У Глыбачанскім, Вяркудскім і Сарочынскім у агульным засталося 9 неабмалочаных агародаў – дзесьці перашкодзіла надвор’е, дзесьці – паломка тэхнікі. Пытанне будзе аператыўна вырашана пры першай магчымасці.
Трэба адзначыць, што многія прыватнікі сеюць збожжавыя нават не дзеля ўраджаю, а для севазвароту! Улічваючы праблемы з абмалотам, у аддаленых вёсках лепш было б выбіраць для гэтых мэт іншыя культуры, бо ганяць камбайн і траціць дзясяткі літраў паліва з-за двух мяшкоў ячменю няма ніякага сэнсу. На адной з апошніх вытворчых нарад старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка даў даручэнне старшыням сельвыканкамаў на будучае высвятляць, для якіх мэт людзі вырошчваюць збожжавыя культуры – магчыма сельгаспрадпрыемству куды выгадней проста завезці чалавеку зерне. Або рулон саломы ўкрываць бульбу – як высвятляецца, ёсць гаспадары, якія сеюць пшаніцу ці жыта выключна для такіх патрэб.
Дзмітрый Раманоўскі.