“Памятаеце, у савецкім фільме “Вышыня” адзін з герояў казаў, што ў нашых анкетах зашмат розных пытанняў – а варта было б яшчэ адну графу завесці: прыстойны чалавек ці не. Дык вось Іван Іванавіч Хамічонак меў бы ў ёй безагаворачны “плюс”, – так вобразна ахарактарызаваў свайго падначаленага памочнік ляснічага Вялікадолецкага лясніцтва Аляксей Іванавіч Савін.
Мне ж хапіла і некалькіх хвілін знаёмства, каб упэўніцца, што Іван Іванавіч да таго ж вельмі сціплы і добразычлівы. Пачынаў ён працоўны шлях у саўгасе “Вялікадолецкі”, некаторы час быў міліцыянерам-вадзіцелем, але сапраўднае прызванне знайшоў у лясной галіне, якой аддаў ужо каля 20 год: спачатку шчыраваў лесарубам і вальшчыкам, зараз жа сумяшчае абавязкі лесніка і вадзіцеля.
Пад яго персанальнай адказнасцю – больш чым тысяча гектараў лесу, што распасціраецца абапал аўтатрасы ад аграгарадка да Мазуляў. Участак адказны, бо знаходзіцца на віду: трэба абкошваць прылеглыя да абочын тэрыторыі дзяржлесфонду, сачыць, каб яны не былі засмечанымі, зарослымі баршчэўнікам. З апошнім, дарэчы, у лясніцтве вядзецца пастаянная барацьба. Па словах А.Савіна, знішчаюць яго як механічным, так і хімічным спосабам, а гэтымі днямі якраз праводзілі маніторынг, які выявіў каля 16 гектараў засмечанай тэрыторыі: даныя спатрэбяцца для планавання работы на наступны сезон.
Ды ўсё ж галоўны абавязак лесніка – догляд за культурамі. Асаблівага клопату патрабуюць новыя пасадкі: на працягу сямі год трэба сачыць, каб навакольныя расліны не заглушылі маленькія елачкі. Прачыстка, прарэджванне, выбарачныя санітарныя высечкі – таксама ў абавязках лесніка, таму на ўчастак Іван Іванавіч заўсёды выходзіць з пілой ды кустарэзам. Дакладней, выязджае: штодня садзіцца за руль УАЗа, каб даставіць сваіх калег на дзялянкі.
За паўтара дзясятка год службы аўтамабіль адолеў не адну тысячу лясных кіламетраў і застаецца на хаду менавіта дзякуючы яго клапатлівым рукам. Доўгі час за вадзіцелем быў замацаваны і пажарны ЗІЛ-131, за якім ён таксама сачыў бездакорна.
Будні лесніка – гэта нялёгкая фізічная праца, якая да таго ж бывае небяспечнай. Лес непрадказальны, а яго насельнікі не заўсёды гатовы дзяліць свой прыстанак з чалавекам. Неяк раз давялося Івану Іванавічу сустрэцца са статкам дзікоў: “Былі з калегам на адводах, забыліся там рулетку, і я вырашыў збегаць за ёй напрамкі праз хмызняк, як раптам убачыў побач з дзясятак сяголеткаў. Яны на імгненне застылі, а потым сарваліся з месца і, абагнуўшы мяне з двух бакоў, зніклі ў зарасніках. Пашанцавала, што побач не аказалася самкі, інакш сустрэча магла пайсці па іншым сцэнарыі. Так ці інакш, але назад я пабег па дарозе…” Даводзілася сутыкацца і з ваўкамі, якія задралі ласяня, адбіўшы яго ў маці: ласіха сачыла з-за кустоў за іх пірам, выбіўшы ад гора капытом яміну ў зямлі, аднак перарваць трапезу не рашылася. Нядаўна ля дарогі на Пораўна назіраў за прагулкай дзвюх рысей, а аднойчы сустрэў рэдкую для нашых лясоў прыгажуню-лань…
Ляснік – гэта прафесія, у якой выпадковыя людзі не затрымаюцца. Зараз жа ў Вялікадолецкім лясніцтве падабраўся калектыў якраз такіх вось “невыпадковых”. І гэта – важны складнік таго, што на работу І.Хамічонак ідзе з ахвотай. З добрым настроем і вяртаецца вечарам дамоў: ва ўтульны катэдж з выгодамі, дзе чакае спадарожніца жыцця Вера Яфрэмаўна, бухгалтар “Вялікадолецкага”, з якой разам выхавалі двух дзяцей, а сёлета адправілі ў першы клас і ўнука. Маленькі Саша праводзіць у Вялікіх Дольцах усё лета і кожны вечар цягне дзядулю на возера рыбачыць: па ўсім відаць, таксама будзе любіць і шанаваць прыроду.
Наталля БАГДАНОВІЧ.