Кожны год ва Ушацкім лясгасе праводзіцца агляд-конкурс па добраўпарадкаванні сярод лясніцтваў, а вынікі яго традыцыйна падводзяцца да прафесійнага свята. Вызначыць лепшае заўсёды няпроста, бо ўсе з’яўляюцца эталоннымі аб’ектамі і ўпрыгожаннем населеных пунктаў. Сёлета першае месца прысуджана Ушацкаму лясніцтву, другое – Сарочынскаму, трэцяе – Касарскому. Але зараз гаворка пойдзе менавіта пра Сарочынскае, бо гэтае падраздзяленне лясгаса пастаянна знаходзіцца ў тройцы лідараў і да пытанняў добраўпарадкавання тут падыходзяць грунтоўна і з энтузіязмам.
“У нас нават ландышы круглы год цвітуць!” – з усмешкай адзначае ляснічы Сяргей Міхайлавіч Ільюшэвіч, запрашаючы на сваю тэрыторыю. Штучныя ландышы, як і многае іншае, работнікі лясніцтва рабілі сваімі рукамі. Так, напрыклад, божых каровак, што пасяліліся ў розных кутках, не адрозніш ад тых, што прадаюцца ў спецыялізаваных магазінах. А зроблены яны з адслужыўшых свой тэрмін касак. На тую прысела птушачка, на варце сядзіць маленькі сабачка, а вожык нясе на сваіх іголках яблык. У гэтым годзе лесаводы рэалізавалі даўнюю ідэю і ўпрыгожылі прылягаючую тэрыторыю яшчэ і фантанам.
Нельга не сказаць пра цудоўны міні-дэндрапарк, у якім налічваецца больш 35 відаў раслін. Выдатна дапаўняюць малюнак і клумбы, альпійскія горкі, дзе кветкі радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені. Кветкавыя фантазіі старанна рэалізуе жаночая палова калектыву – бухгалтар Людміла Ільюшэвіч, майстар лесу Таццяна Прашкевіч і прыбіральшчыца Ала Коўшаль. У цэлым жа кожны работнік мае дачыненне да работ па навядзенні парадку.
“Стараемся не дзеля конкурсу, а для сябе! Прыемна ж працаваць, калі вакол ідэальны парадак. Наведваюцца да нас і вучні Арэхаўскай школы, удзельнікі школьнага лясніцтва, трэба падаваць маладому пакаленню прыклад”, – гаворыць С.М.Ільюшэвіч і з ім згодны ўсе без выключэння працаўнікі калектыву, у якім на сённяшні дзень налічваецца 21 чалавек.
Сяргей Міхайлавіч справядліва называе свае ўладанні варотамі лясгаса і ўсяго раёна. Менавіта па тэрыторыі Сарочынскага лясніцтва праходзіць самая бойкая шаша Ушаччыны Мінск-Полацк, штодня перамяшчаецца шмат жыхароў Беларусі і іншых краін. Каб у іх склалася станоўчае ўражанне аб нашым краі, работнікі лесу пастаянна падтрымліваюць у ім парадак уздоўж дарог. Не раз прымалі гасцей раёна, кіраўніцтва галіны непасрэдна на базе лясніцтва – і ні разу не прыходзілася чырванець.
Стараюцца сарочынцы не адставаць і па ўсіх астатніх напрамках дзейнасці, адзін з асноўных – лесанарыхтоўкі. За 8 месяцаў нарыхтавана 4 тысячы кубаметраў драўніны. Не надта ўнушальныя аб’ёмы тлумачацца меншай плошчай лясніцтва ў параўнанні з іншымі – 9807 гектараў і невялікай лясістасцю. Значная колькасць плошчаў – гэта землі былых калгасаў і саўгасаў, на якіх з’явіліся новыя лесапасадкі, за імі ажыццяўляецца догляд. Дарэчы, сёлета на тэрыторыі лясніцтва пасаджана 12 гектараў новага лесу.
Увесь сезон змагаліся лесаводы і з баршчэўнікам, знішчана 27 гектараў. Нямала клопатаў у лесаводаў, звязаных з аховай лесу, у гэтым сезоне на тэрыторыі лясніцтва не было зафіксавана лясных пажараў.
Трымаць марку і сумленна працаваць – такі дэвіз гэтага калектыву. І з такім настроем, канечне, усё атрымаецца!
Вольга КАМАРКОВА.