Прыгожая падзея адбылася на бягучым тыдні ва Ушачах. У рамках акцыі “Дзеці – наша будучыня” супрацоўнікі аддзела загса райвыканкама і цэнтра банкаўскіх паслуг №237 ААТ “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы віталі бацькоў “юбілейнага” – 50-га па ліку – малыша 2019 года. Дарэчы, прысутнічаў на ўрачыстасці і сам галоўны яе віноўнік.
Хлопчык вагой 3 кілаграмы 520 грамаў і ростам 51 сантыметр з’явіўся на свет у Наваполацкім радзільным доме 26 жніўня ў 8 гадзін раніцы. У сям’і ўшачан Марыны Пятроўны і Аляксандра Валер’евіча Дукмасавых гэта ўжо другое дзіця – старэйшаму сыночку Ціхану заўтра спаўняецца чатыры годзікі. Наконт таго, як назваць нованароджанага, бацькі амаль не сумняваліся – выбралі прыгожае імя Мацвей, што ў перакладзе са старажытнаяўрэйскага азначае Божы дар, падараваны Госпадам.
Пасля афармлення неабходных дакументаў новаспечаная мама і малыш ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі ад прадстаўнікоў названых вышэй службаў А.М.Малашчанкі і Д.М.Садоўскай цёплыя віншаванні і памятныя сувеніры. Акрамя таго, Дзіна Міхайлаўна нагадала пра магчымасць адкрыцця дэпазіту ў банку ў рамках дзіцячай ашчаднай праграмы “Расці вялікі”.
Акцыя працягваецца. Яе галоўная мэта – стымуляваць ушачан на нараджэнне дзетак, палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.