А вы ведаеце, што раней жыллё будавалі пераважна з сасны, алешыны ці асіны? Пры планіроўцы нашы дзяды вокны рабілі на поўдзень ці ўсход, а гарышча ніколі не абсталёўвалі для жылля, бо лічылі, што там сяліліся душы продкаў ці дамавік. Пра гэтыя і многія іншыя цікавыя факты можна было даведацца на свяце беларускай хаты, якое ладзілася на мінулым тыдні ў аграгарадку Глыбачка.
“Як пад’ясі – такі і настрой!” – заклікалі мясцовыя гаспадыні на дэгустацыю беларускіх страў усіх, хто завітаў на свята. Пачастункі ж актыўныя ўдзельніцы гуртка беларускай нацыянальнай кухні сельскага Дома культуры Таццяна Шастакова, Кацярына Баяронак, Аліна Сапега, Аксана Чувахова прадумвалі і гатавалі з усёй душой. Цэнтральнай стравай стала былі клёцкі. І калі ў многіх кутках Беларусі пра іх нават не ведаюць, то на Ушаччыне гэта любімая ежа. У Глыбачцы ж свае сакрэты і варыянты прыгатавання. “Мае бабуля, мама, я, ды і ўсе вясковыя гаспадыні звычайна робяць клёцкі з трыма відамі начынак: мяса, грыбы ў спалучэнні з фаршам, прычым, выключна сушаныя, або дробна парэзанае сала з цыбуляй”, – расказвае дырэктар Глыбачанскага СДК Алена Камовіч.
Акрамя клёцак падчас дэгустацыі, якая разгарнулася на прасторнай пляцоўцы каля культустановы, было шмат іншых страў беларускай кухні. Усім гасцям і вяскоўцам вельмі спадабалася бабка. Цікава, што гэта адна з самых старажытных страў беларусаў, якая з’явілася нават раней, чым нашым галоўным прадуктам стала бульба. А гатавалі яе з морквы, гарбузоў, а з часам удасканалілі, трывала замацаваўшы стэрэатып, што гэта бульбяная страва. На “ўра” разышліся і поліўка, печаныя бабы, пірагі, а таксама элемент ужо сучаснай беларускай кухні – піца з грыбамі. А дзе ж дранікі? – пэўна, падумалі вы, чытаючы пра беларускую кухню. Канечне, не абышлося і без іх. Толькі частаваліся імі вяскоўцы ў рамках конкурсу “Лепшы глыбачанскі дранік”. Мясцовыя гаспадыні прэзентавалі свае стравы, а лепшую вызначалі ўсе жадаючыя падчас галасавання. Як тут выбраць? Усе смачныя! І ўсё ж перамога і падарунак дасталіся Таццяне Шастаковай.
Тым часам увагу варта пераключыць на тэатралізаванае прадстаўленне: у беларускую хату запрашалі гаспадар і гаспадыня. Няхай яна была і імправізаваная, пад адкрытым небам, аднак яе дух можна было адчуць у поўнай меры. Самавар, восеньскія яблыкі на стале, гліняныя гаршчкі, чугунок, самаробныя палавікі быццам вярталі мяне ў дзяцінства, калі бегла да бабулі ў госці за смачнымі пачастункамі.
Святочнасці мерапрыемству дадавалі выступленні гурта “Рукшаніца”: Алена Камовіч, Таіса Церашкавец, Святлана Заяц, Наталля Новікава, Вольга Краснова і Зінаіда Корабава аб’ядналіся ў адзін вакальны калектыў менш года таму і ажывілі культурнае жыццё аграгарадка. Апладысменты заслужана атрымалі і юныя ўдзельніцы гуртка бытавога танца “Месячык”, што дзейнічае пры СДК.
Што рабіць з калаўротам, што такое ручнік і фіранкі – аднавіць свае веды па матчынай мове дапамаглі адпаведныя віктарыны. Шмат яшчэ чаго цікавага можна было даведацца на выставе “Свет хаты беларускай”, падрыхтаванай работнікамі бібліятэкі. Напрыклад, раслінны арнамент на налічніках акон лічыўся засцярогай ад злых сіл, а сядзібы будавалі па трох тыпах, самым распаўсюджаным быў пагонны, у форме квадрата. Імправізаваную ж хату на свяце ўпрыгожыла яшчэ і выстава карцін мясцовага мастака, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Дзям’яна Уладзіміравіча Крупені, які таксама прысутнічаў на мерапрыемстве.
– Такога свята ў нас яшчэ не было і вельмі сімвалічна, што прайшло яно якраз у Год малой радзімы. Здаўна нашы продкі цанілі парадак, таму давайце і мы прадаўжаць гэтую традыцыю і рабіць нашы сядзібы прыгажэйшымі, – заклікаў старшыня Глыбачанскага сельсавета В.В.Шаршнёў, а таксама прапанаваў вяскоўцам зрабіць разам добрую справу: пасадзіць новыя дрэвы ў бярозавым гаі замест тых, што былі нядаўна зламаны ўраганным ветрам.
Больш дзвюх гадзін доўжылася свята, а аб тым што яно ўдалося, сведчыў той факт, што па заканчэнні ні дзеці, ні дарослыя не спяшаліся разыходзіцца. А яшчэ прапаноўвалі, каб яно стала традыцыйным.
Вольга КАМАРКОВА.