В Ушачах будет новый банкомат

Общество

У матэрыяле “Тыдзень безнаяўных разлікаў, ці Высокія тэхналогіі з папраўкай на глыбінку” №59 нашай газеты ад 27 ліпеня бягучага года мы ў чарговы раз падымалі праблему работы банкамата ААТ “Белаграпрамбанк”. У сувязі з тым, што вырашэнне пытання не адносіцца да кампетэнцыі цэнтра банкаўскіх паслуг №237 г.п.Ушачы, мы адрасавалі яго ў праўленне фінансавай установы. І напрыканцы жніўня атрымалі адказ за подпісам аперацыйнага дырэктара дывізіёна рознічнага бізнесу ААТ “Белаграпрамбанк” Г.Свістуновай, які і прыводзім нашым чытачам з невялікімі скарачэннямі.

“ААТ “Белаграпрамбанк” высока ацэньвае меркаванні сваіх кліентаў і ўважліва адносіцца да ўсіх пажаданняў, якія дапамагаюць палепшыць якасць паслуг. Мы імкнёмся ствараць камфортныя ўмовы абслугоўвання трымальнікаў банкаўскіх плацежных картак, эмітаваных як ААТ “Белаграпрамбанк”, так і іншымі банкамі. Пры гэтым банк выконвае і сацыяльную функцыю, размяшчаючы банкаматы, інфакіёскі і тэрмінальнае абсталяванне арганізацый гандлю (сэрвісу) у тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Трымальнікі нашых картак таксама маюць магчымасць зняць наяўныя грашовыя сродкі без спагнання камісіі ў банкаматах і абсталяванні ААТ “Белгазпрамбанк”, ААТ “АСБ “Беларусбанк”, ААТ “Белінвестбанк” і ў аддзяленнях РУП “Белпошта”.

Работнікі структурных падраздзяленняў нашага банка пастаянна праводзяць маніторынг астаткаў грашовай наяўнасці і працаздольнасці ўстройстваў, прымаюцца меры па загрузцы наяўных грошай і рамонце абсталявання. Так, за ліпень 2019 года было праведзена 8 загрузак наяўнымі грашовымі сродкамі банкамата, устаноўленага ў г.п.Ушачы. Пры гэтым сістэмай маніторынгу за дадзены перыяд ніводнага разу не зафіксаваны факт непрацаздольнасці банкамата з-за адсутнасці ў ім грашовых сродкаў.

20 ліпеня 2019 года з-за тэхнічнай няспраўнасці банкамата выдача наяўных грашовых сродкаў была немагчыма. Супрацоўнікамі банка 23 ліпеня быў зроблены выезд для ажыццяўлення рамонту абсталявання, але, на жаль, яго працаздольнасць не была адноўлена. Банкамат аднавіў работу пасля правядзення паўторных рамонтных работ і загрузкі новага комплексу касет 26 ліпеня 2019 года.

У рамках планавай замены банкаматаў, якія знаходзяцца ў доўгатэрміновай эксплуатацыі, і ў мэтах паляпшэння якасці аказваемых банкам паслуг, прынята рашэнне аб замене банкамата ў г.п.Ушачы на новы. Працэс закупу абсталявання ўжо ідзе, і яно будзе заменена у пачатку 2020 года.

У той жа час, мець наяўныя грашовыя сродкі не заўсёды абгрунтавана і найбольш зручна карыстацца банкаўскай карткай пры аплаце за тавары і аказаныя паслугі, у тым ліку і на рынках. Колькасць тэрміналаў нашага банка ў аб’ектах арганізацый гандлю (сэрвісу) у г.п.Ушачы складае 71 адзінку. Упэўнены, што з улікам тэрміналаў, устаноўленых іншымі банкамі, створана шырокая інфраструктура для камфортнага ажыццяўлення безнаяўных плацяжоў.

Спадзяёмся на разуменне пазіцыі банка ў гэтым пытанні”.

* * *

Спецыяліст банка ў лісце-адказе абгрунтавана ўказвае і на тое, што аплату камунальных паслуг і іншых плацяжоў трымальнікі эмітаваных банкам картак могуць здзяйсняць з дапамогай сістэм дыстанцыйных банкаўскіх паслуг: інтэрнэт-банкінг, мабільны інтэрнэт-банкінг, SMS-банкінг, USSD-банкінг. Аперацыі можна праводзіць у любы час сутак, не выходзячы з дому, а падключэнне гэтых паслуг банка ажыццяўляецца бясплатна. Многія ўшачане ўжо ацанілі перавагі магчымасці дыстанцыйных банкаўскіх паслуг і з задавальненнем імі карыстаюцца. Напрыклад, білеты на спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў мы набывалі праз інтэрнэт і згодны – хутка, зручна і ў Мінск за квіткамі ехаць не трэба. Але ўлічваючы колькасць пажылога насельніцтва нашага раёна і немагчымасць выкарыстання многімі людзьмі ва ўзросце, асабліва ў сельскай мясцовасці, сучасных тэхналогій, а таксама адсутнасць тэрмінальнага абсталявання ў гандлёвых кропках на рынку гарпасёлка ў бліжэйшы час запатрабаванасць наяўных грашовых сродкаў застанецца на высокім узроўні. Таму ўстаноўка новага банкамата пры ўмове яго бесперабойнай працы і своечасовага абслугоўвання будзе вельмі дарэчы.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *