З асаблівым пачуццём на ўрачыстай лінейцы 2 верасня віншаваў вучняў і педагагічны калектыў Арэхаўскай сярэдняй школы імя Н.Л.Касцючэнкі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка. Справа ў тым, што 21 год таму менавіта Уладзімір Паўлавіч яшчэ ў якасці старшыні Віцебскага аблвыканкама адкрываў гэту ўстанову адукацыі якраз да Дня ведаў.
Спікер беларускага парламента назваў школьную пару самым шчаслівым часам у жыцці кожнага чалавека. “Так, вучыцца зараз няпроста, але вы павінны разумець, што робіце гэта не для бацькоў і настаўнікаў, а ў першую чаргу для сябе, каб узяць як мага больш ведаў і потым прымяняць іх на карысць сабе, сваім сем’ям і ўсяму нашаму грамадству”, – зазначыў у звароце да вучняў Уладзімір Паўлавіч і пажадаў дзевяці першакласнікам светлага, цікавага і радаснага пачатку доўгага шляху ў навуку. А выпускнікам – вызначыцца з будучай прафесіяй, стаць дастойнымі людзьмі і сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, не забываць родную школу, дзе ім заўсёды рады.
Шмат шчырых слоў віншаванняў педагогам, дзецям і іх бацькам выказалі і старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад нашай выбарчай акругі, генеральны дырэктар абласнога лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, і, канечне, дырэктар установы Ларыса Аляксандраўна Булаўка.
Вучэбны працэс распачаўся. Для яго паспяховасці ва ўстановах адукацыі раёна ёсць усё неабходнае і Арэхаўская школа ў гэтым плане не выключэнне. Першы званок тут прагучаў для 117 дзяцей. Якаснае навучанне забяспечаць 20 педагогаў, многія з якіх, як і дырэктар установы, з’яўляюцца мясцовымі ўраджэнцамі. Наогул, настаўнікі стараюцца рыхтаваць спецыялістаў, якія будуць запатрабаванымі на рынку працы на малой радзіме, на Ушаччыне – у аграрнай сферы, лясной гаспадарцы, іншых галінах. Гэтаму садзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах і факультатывы прафарыентацыйнага і экалагічнага накірунку, па творчай дзейнасці і праграміраванні. Матэрыяльна-тэхнічнай базе школы аграгарадка могуць пазайздросціць і многія гарадскія – для дзяцей абсталяваны сучасныя лінгафонны і кабінет інфармацыйных тэхналогій, бібліятэчна-інфармацыйны цэнтр, спартыўная і трэнажорныя залы, рэсурсныя цэнтры па экалогіі і энергазберажэнні. На падрыхтоўку школы да новага навучальнага года затрачана каля 17 тысяч рублёў. Усе вучні забяспечаны бясплатным гарачым харчаваннем, а дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сямей, дзеці-інваліды – дадатковым.
У.П.Андрэйчанка зазначыў, што ў нашай краіне шмат робіцца для развіцця сферы адукацыі, якая з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. І належная ўвага ўдзяляецца ўстановам, якія знаходзяцца не толькі ў сталіцы ці абласных цэнтрах, а і невялікіх гарадах, аграгарадках. “Літаральна праз пару тыдняў мы ва Ушачах будзем адкрываць пасля рэканструкцыі дзіцячы яслі-сад, будуецца новая школа мастацтваў”, – канстатаваў Уладзімір Паўлавіч.
У зносінах з журналістамі беларускіх мас-медыя ён агучыў, што зараз дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць над праектам бюджэту краіны на 2020 год і 44 працэнты яго, амаль 18 мільярдаў рублёў, пойдуць на сацыяльную сферу, з іх на адукацыю – 7,3 мільярда. “Гэта на 13 працэнтаў больш чым летась”, – паведаміў У.П.Андрэйчанка.
Успамінаючы свае школьныя гады, Уладзімір Паўлавіч адзначыў каласальныя станоўчыя змены. “У нас не было электрычнасці, падвозу, харчавання, пісалі чарніламі… Я, напрыклад, кожны дзень хадзіў пяць кіламетраў у адзін бок і столькі ж – у зваротны. Зараз усё змянілася кардынальна, і самае галоўнае – у лепшы бок. Для нашых дзяцей створаны добрыя ўмовы, развіваюцца сучасныя тэхналогіі, будуюцца сады, школы. Далей усё залежыць толькі ад саміх навучэнцаў і іх бацькоў”, – рэзюмаваў У.П.Андрэйчанка.
Ён падарыў Арэхаўскай школе вялікі тэлевізар, а першакласнікі да свайго першага ў жыцці ўрока атрымалі з рук спікера беларускага парламента кнігі ад Прэзідэнта краіны. Лыжы і іншы спартыўны інвентар установе ўручылі С.А.Даніловіч і старшыня Сарочынскага сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка.
Дзмітрый Раманоўскі.