Усе мы ведаем, якой вялікай бядой стаў для ўшацкай зямлі баршчэўнік. А вось пра тое, што зусім побач акумуліруе сілы яго не менш каварны “малодшы брат”, большасць з нас не падазрае. І калі нікому не прыйдзе ў галаву садзіць на сваім участку “зялёнага агрэсара”, то травяністую расліну з мяцёлкамі дробных жоўтых кветачак, якая мае назву залатарнік канадскі, можна бачыць у многіх палісадах. Нават ісці далёка не трэба: буяе яна ля дамоў цэнтральных вуліц гарпасёлка. У мінулыя гады людзі высаджвалі залатарнік у якасці ўпрыгожання на прысядзібных участках, дачах, могілках, вось толькі неўзабаве высветлілася, што непатрабавальная і даволі прыгожая расліна мае кепскую асаблівасць – праз некаторы час яна можа выціснуць з наваколля ўсе іншыя, а заадно – большасць насякомых, птушак і жывёл.
Залатарнік распаўсюджваецца хутка і агрэсіўна, чаму садзейнічае шэраг фактараў. Як і ў баршчэўніку, у яго няма натуральных ворагаў з ліку раслін-канкурэнтаў і насякомых. Кожны куст дае да ста тысяч насення, усходжасць якога да 95 працэнтаў. З цягам часу карані расліны пачынаюць выдзяляць у глебу атрутныя рэчывы, што падаўляюць рост іншых відаў. Залатарнік можа расці ў любых месцах, да таго ж ён нясмачны для жывёл, таму зарослыя ім палі нельга выкарыстоўваць у якасці пашаў і сенакосаў. Нясе ён небяспеку і лесу, бо выцясняе звыклыя для нашых месцаў грыбы ды ягады. А яшчэ з’яўляецца агрэсіўным алергенам і можа прычыніць шкоду здароўю чалавека.
Відавочна, што тым, хто неразважліва пасяліў расліну ля свайго дома, варта тэрмінова яе знішчыць – выкапаць ці скасіць, пажадана да выспявання насення, якое адбываецца якраз напрыканцы жніўня. Выдаленыя кусты варта спаліць. Зарослыя залатарнікам вялікія плошчы лепш пераараць і падсеяць на іх мнагалетнія злакі. Дапамагае і апрацоўка гербіцыдам. Пакуль гэта бяда для Ушаччыны яшчэ не такая маштабная, як распаўсюджанне “старэйшага брата”, аднак трэба трымаць сітуацыю пад кантролем.
М.ШУК, начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.