Вакол дома вольна, а частку ўчастка займаюць дагледжаныя пасадкі бульбы, рознай агародніны. Пад вокнамі ёсць месца кветкам.
У двары сустракае няходжаных гасцей злы сабака, які навязаны паводдаль ад хаты, ён, відаць, у ролі званка, паведамлення гаспадарам, што нехта ідзе. Зайшла ў хату, нікога няма. Праз некалькі хвілін з хлява выйшаў з даёнкай у руках высокі мужчына ў рабочым халаце.
Адразу было відаць, што перада мной чалавек працавіты. Ён заўважыў, што жонка паехала на пахаванне былога суседа, які ў свой час накіраваўся ў горад, занёс даёнку з малаком у хату і па маёй просьбе пачаў аповед пра сябе.
Самыя глыбокія ўспаміны гэтага чалавека – аб вайне. У яе пачатку Мікалаю споўнілася ўсяго восем гадоў. Іх, дзяцей, было трое ў маці. Бацьку ў 1939-м як узялі на фінскую вайну, так ён і не вярнуўся. Сям’я жыла ў вёсцы Кісялёва на Мосаршчыне. У Вялікую Айчынную гэта была нейтральная, небяспечная зона. І Свідзінскім давялося пераехаць на партызанскую, да дзядулі ў Рубанікі. Там быў штаб брыгады Панамарэнкі ў доме Івана Спірыдавіча Рубаніка, сталовая. На вачах Мікалая праходзіла жыццё нашых змагароў. Некаторыя з іх размяшчаліся сем’ямі па хатах. Прыязджаў камбрыг Лабанок. У 1943-м годзе памер дзядуля Мікалая, пазней – бабуля.
Пасля вайны хлопец жыў са сваёй мамай. Ежы, нават хлеба, не хапала. У такіх умовах ён вучыўся. Школа, як сёння прыгадвае ветэран, давала не толькі веды, а вучыла і сумленню, якое засталося з удзячным вучнем да сённяшняга. Скончыў восем класаў і хутчэй пайшоў працаваць у калгас. З таго дня і пачалася яго працоўная загартоўка.
Аднак фізічная праца не давала Мікалаю Свідзінскаму поўнага задавальнення, хацелася вучыцца. І ён паступае ў Бігосаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум, авалодвае заатэхніяй. Паступова становіцца добрым спецыялістам у калгасе, дзе працаваў да 1976-га. Але давялося пакінуць любімую работу. Мікалай Мікалаевіч далейшы свой жыццёвы шлях памяняў кардынальна, паехаў у Наваполацк. Уладкаваўся на “Вымяральнік”, стаў на чаргу на кватэру, быў трынаццатым па ліку. У хуткім часе сям’я атрымала жыллё. Васемнаццаць гадоў адпрацаваў Мікалай Мікалаевіч на “Вымяральніку”, і ўсё роўна вярнуўся дадому. Цяпер вось займаецца хатнімі справамі. Да нядаўняга часу яны з жонкай трымалі дзвюх кароў, быкоў. Хапае і цяпер жывёлы ў асабістай гаспадарцы: карова, конь, парсюк, авечкі, куры. Займаўся гаспадар і пчалярствам.
У вясковага жыхара не павінен быць пусты хлеў, лічыць Мікалай Мікалаевіч, пакуль сілы ёсць, трэба працаваць на карысць сабе, сваёй сям’і. Прыемна, калі ёсць што паставіць на стол, сустракаючы дзяцей. А ў Свідзінскіх іх двое, добра ўладкаваліся ў горадзе, а дадому ўсё роўна імкнуцца, бо вёска прыцягвае многім, і перш за ўсё як малая радзіма продкаў, сваім натуральным укладам, прыгажосцю краявідаў.