Уваход Госпада ва Іерусалім. Першая служба на Ушаччыне айца Вячаслава. Тады, на Вербную нядзелю (так у народзе называецца свята) 2005 года мы прынялі новага бацюшку храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры. Прыглядаліся і спадзяваліся на перамены ў галоўным – пашырэнні прыходу і будаўніцтве храма. І не памыліліся.
Часу на раскачку бацюшка сабе не даў. Гаспадарнік па натуры, ён адразу ўзяўся за пашырэнне існуючага, прыстасаванага пад храм памяшкання, за замену па сутнасці няспраўнага ацяплення, будаўніцтва пакоя пад нядзельную школу і гаспадарчага памяшкання. Даведаўся, што праз царкоўны двор ідзе водаправодная труба да шматпавярховак і пабудаваў калонку, якой і карыстаемся… Колькі разоў мы пераконваліся ў яго прыроджаным спрыце, гаспадарчай практычнасці.
Зараз і не ўявіць, як на Вялікдзень, Вадохрышча ці бацькоўскую суботу ўмяшчаліся веруючыя ўшачане ў маленькім – палову сённяшняга –памяшканні. Стаялі на вуліцы, як і зараз стаяць па вялікіх святах, бо асноўная перамена, якую нельга не прыкмеціць – вяртанне людзей да Бога. Вяртаюцца малітвамі благачыннага Ушацкага раёна, нашымі малітвамі, і з падтрымкай Божай узводзіцца новы храм.
Потым прыхаджане разам з айцом Вячаславам і членамі яго сям’і збіралі камяні на агароджу вакол царквы. Амаль на ўсіх палях раёна пабывалі. І, быццам свечы, “загарэліся” восенню 2005 года цагляныя слупкі.
А наступным летам да храма прыйшлі першыя машыны з цэглай, блокамі, цэментам. 10 жніўня 2007 года экскаватар падняў першы коўш грунту, распачалося будаўніцтва храма пасля замены на больш танны варыянт праекта самой царквы.
20 мільёнаў каштаваў толькі праект. Аднак, хоць меншы па памерах, але прыгожым, цагляным і прасторным будзе наш будучы храм. Мы ўяўлялі яго такім, калі разам з бацюшкам уручную разгружалі машыны з цэглай. Па-першае, эканомілі на паддонах, кожны з якіх каштаваў 9 тысяч, па-другое, білася цэгла, калі разгружалі кранам. А эканоміць мы вымушаны былі на ўсім. Па чарзе прыходзілі гатаваць абеды шасці столінскім работнікам, якія працавалі на будоўлі з 6 раніцы да цёмнага. Прыносілі, хто што мог з дому, каб танней абыходзілася царкве іх харчаванне. Сёлета нават узялі гектар зямлі, пасадзілі і даглядалі агародніну. І звяртаемся з просьбамі аб дапамозе ў мноства самых розных інстанцый, ад прэм’ер-міністра, кіраўніцтва аблвыканкама, райвыканкама, людзей, якія маюць сродкі і дачыненне да нашага раёна, да простых ушачан.
7 снежня 2007 года Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі асвяціў нулявы цыкл будоўлі і заклаў капсулу. А летам 2009 сцены былі выведзены практычна пад купалы.
Храм будуецца ўсім мірам, аднак ахвяраванні ўшачан застаюцца вельмі нязначнымі, і айцец Вячаслаў, прыхаджане храма не ленаваліся стукацца ва ўсе дзверы, абыходзілі з просьбай аб дапамозе нават усе арганізацыі Полацка. І радаваліся любой падтрымцы. Бачачы, як марудна паступаюць сродкі на царкву, сем жанчын, членаў савета царквы, перадалі на будаўніцтва па 100-200 тысяч, а тры чалавекі па мільёну рублёў. Мы молімся за ўсіх тых людзей, хто набыў імянныя цагліны на будаўніцтва храма і ахвяраваў любую суму. Удзячны кіраўніцтву вобласці і раёна, якія не раз аказвалі дапамогу.
А будоўля – толькі частка яго спраў. Увесь гэты час праходзілі службы, толькі на тыдзень ці дзён дзесяць ён ездзіў у водпуск на родную Століншчыну. З першага дня службы прымаў удзел у грамадскім жыцці Ушацкага раёна. 7 кастрычніка 2006 года пры храме пачала працаваць нядзельная школа, прычым, ва ўтульным памяшканні. Яе выхаванцы за гэты час паказалі не адзін канцэнт, выступілі ў прытулках, перад навучэнцамі школ. Ужо нормай для прыхаджан сталі крэсныя хады на святы.
Калі багата на падзеі, у клопатах і справах праходзіць жыццё, то не прыкмячаеш хуткацечнасці часу. Вось ужо пяць гадоў, як разам з намі наш айцец Вячаслаў. Мы ўдзячны Богу, што нам пасланы такі чалавек, пастаянна просім у Госпада здароўя нашаму бацюшку, вытрымкі, цярпення, бо ўвесь клопат аб будоўлі лёг толькі на яго плечы. Так, мы імкнёмся дапамагчы чым можам, аднак гэта пераважна адны жанчыны, і няма пакуль у нашага айца Вячаслава надзейнага памочніка, такога ж як і ён гаспадарніка, каб аблегчыць ношу, перакласці з яго плеч хоць частку арганізацыйных пытанняў. Няпроста вяртаць людзей да веры, яшчэ складаней рабіць гэта паралельна з будоўляй з нуля і без якого-небудзь стартавага капіталу. Па сутнасці, ён займаецца двума абсалютнымі рознымі справамі. Хочацца, каб разумелі гэта ўшачане і актыўней уключаліся ў дапамогу нашай агульнай будоўлі – храм жа ўзводзіцца на вякі.