Адпрацаваўшы больш 20 гадоў намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага гарвыканкама, Іна Мікалаеўна Марэцкая ў 53 гады выйшла ў адстаўку, пераехала на малую радзіму ў Глыбачку і вясной гэтага ж года аформіла права на перыядычны гандаль саджанцамі. Зараз пастаянна знаходзіцца побач з маці, займаецца любімай справай і мае дадатак да невялікай пакуль пенсіі.
А асноўнае яе захапленне – са шматлікіх і вельмі разнастайных – кветкі. У тым, што пазалетась сядзіба Дубко была прызнана лепшым ветэранскім падворкам на раённым конкурсе па добраўпарадкаванні – напалову яе заслуга. Калі згарэўшы дом з папялішча падымалі намаганнямі ўсёй сям’і ўзорных працаголікаў, то вось палісад патанаў у пастаяннай квецені ўсе гады. Гэта Іна выпісвала з самых розных каталогаў модныя навінкі, чаранкавала, рассаджвала… і везла да бацькоўскага дома, дзе праводзіла кожныя выхадныя.
“Вось гэта мой эксперыментальны ўчастак нумар адзін”, – паказвае Іна Мікалаеўна на рады лілейнікаў і вінаграду, вырашчанага з чаранкоў. “Нумар два” – на нізіне агарода, які раней таксама ўзворваўся, а цяпер разрастаецца новы сад, лілеі і ружы. Частаваліся і смачнымі пладамі толькі летась набытага абрыкосу. “Нумар тры” можна лічыць батанічным садам туй. Розных форм, колераў і вышыні: адны ўжо ствараюць жывую агароджу, другія толькі прыжываюцца пад пластыкавымі каўпакамі. Ні адну бутэльку з-пад пепсі, мінералкі ці ліманаду тут не выкідваюць, бо яны становяцца мініцяпліцамі для шматлікіх чаранкоў, якімі ўтыкана практычна ўся зямля пад ужо разрослымі кустамі, ствараючы неабходны прыцемак.
– У маі расліны проста неабходна было ратаваць, таму і столькі адросткаў. Ад дарогі ў нас усё агароджана, дык з боку возера ў палісад зайшло 13 кароў з калгаснага статка… і зруйнавалі амаль усё. Трынаццаць руж, у іх ліку і штамбавую, давялося выдаліць, 136 цыбулін сартавых лілей, раздаўленых капытамі. Вось гэтая вялікая туя вельмі прыгожай пірамідальнай формы ледзь ачуняла пасля пажару, а зараз аднабокая, таксама давядзецца ссякаць. Усё аднаўлялі наноў, уключаючы і пасаджаны агарод, прычым першым часам толькі мама і мая дачка, паколькі сама ў той дзень пашкодзіла руку і да гэтага часу левую кісць не адчуваю. А прадстаўнікі гаспадаркі сказалі, што самі вінаватыя, маўляў, не агароджана, быццам можна закрыць усю тэрыторыю ад берага.
Якраз напярэдадні траўмы Іна нарыхтавала многа адводкаў, прышчэпаў на продаж… і не змагла іх рэалізаваць, раздавала за капейкі ці проста так, каб не прапалі. Тым не менш і зараз, пасля ўсіх няшчасцяў, у яе за 100 сартоў руж і лілейнікаў – гэта яе любімыя кветкі, 15 – рамонкаў, 7 – рознакаляровых гартэнзій, не лічачы звычайнай белай. Адна з іх наогул “хамелеон”, што з белага паступова становіцца ледзь не чырвонай. “Люблю і клямацісы, не толькі гэты блакітны, з вялікімі кветкамі, а нават з белымі маленькімі, куст прыгожы сваім бісерам і пасля адцвітання. Многа ў мяне і рэдкіх раслін. Вы не ў час прыехалі, ружы вось-вось зацвітуць зноў, зараз толькі адзінкавыя. А тады ў мяне пустога месца ў палісадзе няма”.
Я вельмі няўдзячны апісальнік таго, што расце на сядзібе Дубко. Проста не ў стане запомніць і паўтарыць усе тыя мудрагелістыя назвы шматлікіх раслін, пераважна мнагалетнікаў, якімі яна аперыруе, паказваючы сваіх гадаванцаў. Быццам па буквары шпарыць пра характарыстыкі, “павадкі” і гарантуе, што тое, што адсаджана, начаранкавана – менавіта таго сорту, які агавораны. Чаго не скажаш пра выпіску праз каталогі. “Вось гэта туя мне падорана інтэрнет-магазінам “Рrocvetok”, як і вельмі многа іншых раслін, – Іна Мікалаеўна пагладжвае іглістую лапу паўтараметровага прыгажуна і тлумачыць: – Перамагла ў фотаконкурсе і атрымала вялікі прыз. Дарэчы, менавіта ў гэтым магазіне стапрацэнтная адпаведнасць саджанцаў заяўленым сартам, чаго не скажаш пра “Беккер” і многія іншыя, на якіх “праколвалася” не раз. Сваім жа пакупнікам я і паказваю, што прадаю, і расказваю, як даглядаць. Магу прыняць і заяўкі на заказ, каб вырасціць нешта незвычайнае”.
Таму аматары-кветкаводы з наваколля добра ведаюць гэты дом у самым канцы вуліцы Сонечнай аграгарадка. Практычна поўны “каталог” можна пабачыць на яе старонцы ў “Аднакласніках”, а таксама патэлефанаваць (8-033-308-14-55) ці пад’ехаць, каб набыць нешта даўно жаданае. А таксама павучыцца ў нашай зямлячкі самастойнасці. Год таму памёр іх любімы бацька Мікалай Усцінавіч, такі ж рукасты, як і ўсе члены гэтай сям’і. І яна дароблівае тое, што не паспеў гаспадар. Кладзе падлогу ў калідоры, фарбуе сцены, залівае плітку. І незвычайную, па куплёных формах, а сваю, з бетону, зверху роўна ўкладзеную рознакаляровымі каменьчыкамі. Са сваіх руж можа змайстраваць букет нават для нявесты, заканчвае вялізны джынсавы палавік, сшываючы даўгую сплеценую касу, вышывае пано і вырабляе вельмі арыгінальныя пацеркі з фетру і нітак. І канечне малюе, бо закончыла мастацка-графічны факультэт. Усё з густам, пачуццём аб’ёму, святла.
“Я проста не ўмею адпачываць. Зусім”, – крыху з сумам, быццам апраўдваючыся, кажа Іна Мікалаеўна, паказваючы ўжо свае зімовыя хобі. А я зноў прыгадала яе бацькоў, пра якіх пісала год таму. Штодня яны, амаль што ў васьмідзясяцігадовым узросце, прыходзілі на папялішча з дачы другой дачкі Маргарыты і пілавалі дошкі на будоўлю. А зараз Ганна Іванаўна бядуе, што сыплецца трыцікале, а дочкі з унукам жалі і касілі збажыну. Прасцей купіць зерне, толькі гэта такі ўклад характару. І літаральна ва ўсіх членаў сям’і.
А Іна Мікалаеўна ўважліва сочыць за заканадаўствам, бо чула, што ў хуткім часе павінны быць спрошчаны ўмовы афармлення ІП ці рамесніцтва – у прыватнасці, займацца гэтым атрымаюць магчымасць былыя дзяржслужачыя. І тады ёй будзе прасцей рэалізоўваць створанае сваімі рукамі.
Вольга Караленка.