Сваё прафесійнае майстэрства ў чарговы раз пацвердзілі ўшацкія выратавальнікі. Нядаўна яны паспяхова выступілі адразу на двух конкурсах сярод падраздзяленняў МНС Віцебшчыны.
На возеры Чорнае ў Полацкім раёне ладзілася штогадовае спаборніцтва сярод няштатных плыўцоў-выратавальнікаў і груп выратавання на вадзе падраздзяленняў МНС. Удзельнікам трэба было прайсці дзве дыстанцыі – праявіць сябе ў асабістым першынстве і паказаць зладжаныя дзеянні ў камандным практыкаванні. Асноўнай задачай кожнага з этапаў спаборніцтваў з’яўлялася выратаванне пацярпелага, які тоне: трэба было здабыць манекен з глыбіні 2-3 метраў, эвакуіраваць на бераг пры дапамозе спецыяльнай дошкі, падаць выратавальны круг у пазначаны сектар. Асноўнай жа і найбольш адказнай для каманды задачай з’яўляўся рух да месца знаходжання пацярпелага і выманне яго на паверхню. Аднак такія заданні нашым выратавальнікам былі не ў навінку: праходзілі іх на мінулагодніх конкурсах, ды і напярэдадні рыхтаваліся, адточваючы дзеянні на ўшацкіх азёрах. Прадстаўлялі ж Ушаччыну ўжо вопытныя ў гэтай справе Мікалай Шустроў, Андрэй Раманоўскі, Сяргей Бугай, а таксама новая змена аддзела – Павел Падгол і Уладзіслаў Бабкін. Ушачане аказаліся на вышыні і занялі першае месца ў сваёй падгрупе – сярод 19 раённых аддзелаў.
Паспяховым стаў для супрацоўнікаў РАНС і конкурс прафмайстэрства на званне “Лепшая дзяжурная змена”, які праходзіў на базе пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада ААТ “Нафтан”. Асноўным практыкаваннем стала баявое разгортванне і падача ствалоў на трэці і чацвёрты паверхі вучэбнай вежы па трохкаленнай і штурмавой лесвіцах. Трэба сказаць, што з такімі дзеяннямі ўшацкім пажарным даводзіцца сутыкацца даволі рэдка: абсалютная большасць пажараў адбываецца ў прыватным сектары. “Дзякуй нашаму начальніку С.Я.Аваднёву, ён паклапаціўся, каб напярэдадні мы патрэніраваліся на базе нашых полацкіх калег, яго намесніку Д.К.Лёлю, які рыхтуе і суправаджае нас на ўсіх спаборніцтвах, а таксама А.А.Солтану – падчас конкурсаў прафмайстэрства ён з’яўляецца нашым нязменным вадзіцелем і балельшчыкам”, – адзначае Мікалай Шустроў, які разам з Андрэем Раманоўскім, Дзмітрыем Кучаронкам, Дзмітрыем Прашкевічам і Сяргеем Бугаём абараняў гонар Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Каманда заняла высокае другое месца.
Па выніках гэтых двух конкурсаў, а таксама спаборніцтваў па мнагабор’і і на званне лепшага звяна газадымаабароннай службы, якія праходзілі ў чэрвені-ліпені, Ушацкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях заваяваў Кубак “Лепшае баяздольнае аддзяленне вобласці”.
Вольга КАМАРКОВА.