Жатва-2019: Владимир Зеленик первым в районе перевёз тысячу тонн зерна

В общественных организациях Сельское хозяйство

Адвячоркам мінулага чацвярга вадзіцель “Маяка-Ушацкага” Уладзімір Міхайлавіч Зелянік загнаў на вагі свой МАЗ і пераканаўся, што пераадолеў тысячны рубеж. Але аб тым, што стаў і пераможцам раённага спаборніцтва, яшчэ не ведаў – салідны быў адрыў ад ільюшынскіх калег. У суботу хоць і позна вярнуўся з работы, але ўзяў у рукі “Патрыёт” і ўбачыў сваё прозвішча на першым радку.

Ці абрадаваўся сціплы хлебароб? “Канечне, прыемна. Асабліва ад таго, што ўсю збажыну і сеяў – падвозіў зерне літаральна на кожнае поле, на якім зараз забіраю”, – зазначыў вадзіцель, калі старшыня раённага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Пётр Аляксандравіч Алексяёнак уручаў яму ўзнагароду. Прымерыўшы чырвоную майку, якая дарэчы, аказалася вельмі да твару, удакладніў: “Да лідарства не імкнуўся, проста працаваў. Дарэчы, не ў мяне аднаго добры танаж, у нас на адвозцы наогул моцная канкурэнцыя. У шэфа з ДРБУ-105 Аляксандра Гайковіча многа, яго да іншых работ не прыцягваюць, а я і за камбікормам езджу, і жывёлу, калі патрэбна, перавожу. Паспрыяла відаць тое, што некалькі дзён з прычэпам выходзіў, а гэта адразу 20 тон”.

Такі эканомны варыянт, які вельмі дарэчы пры вялікім рукаве перавозкі, як, напрыклад, з глыбачанскіх зямель, праўда, прымяняюць незаўсёды – мае свае мінусы. Камбайнам самім неабходна выязджаць на дарогу, дзе чакае машына, паколькі з прычэпам далёка не ўсюды пройдзе. А гэта замінка з уборкай. Тут жа, у Завячэллі, зусім побач да комплексу, дзе і ўзважваецца збажына, перад тым як трапіць на КХП, прычэп непатрэбны. Няхутка зараз на яравых з падсеянымі травамі запаўняюцца бункеры. Наогул за дзень больш за ўсё перавёз толькі 80 тон.

Цікава, што вось ужо 33 гады, як у 1986, вярнуўшыся з арміі, У.Зелянік пастаянна працуе ў сельскай гаспадарцы, а на першай старонцы “раёнкі” з’яўляецца рэдка. Напэўна таму, што займаўся заўжды такімі ж сціплымі работамі, як і сам. Толькі ў пачатку ў саўгасе “Ушацкі” памочнікам камбайнера – правы трактарыста атрымаў яшчэ ў школе. А пасля Ветрынскага вучылішча і службы ў войску – выключна за баранкай аўтамабіля. Першы старэнькі ЗІЛ, праўда, даволі хутка змяніў на новенькі “Урал”. Кіраўніцтва “Райсельгасхіміі” ўжо тады разгледзела сумленнага маладога работніка і даверыла галіну, “у якой заўжды будзеш з хлебам“. Так выказваліся пра вапнаванне – дзяржаўны заказ, пад які арганізацыя атрымлівала бюджэтныя сродкі. А паляпшалася ўрадлівасць глебы ў той час на ўсіх палетках раёна. Так што можна сказаць, што яго ўклад ва ўраджай ёсць у кожнай гаспадарцы. На машыне была не толькі ёмістасць пад вапну, але мацавалася бочка, якая ўносіла КАС ці рабіла хімпраполку, а зімой перавозіў арганіку ці торф. На Урале і пасля яго працаваў іншы работнік – машына была дагледжана, калі Уладзімір Міхайлавіч атрымаў новы МАЗ-55. З ім разам і быў пераведзены з “Райаграсэрвіса” ў “Маяк-Ушацкі”. Ён не лятун, хоць давялося перажыць рэзкія перапады: ад вельмі добрых заробкаў у пачатку да мізэрных перад далучэннем у апошнюю арганізацыю. Не яны з’яўляюцца жыццёва вызначальнымі для гэтага працаўніка. А тое, што што­дня чакае маці, ужо сем год лічы што бездапаможная. Ці апладысменты для дачкі, калі яна выходзіць з баянам на сцэну. І канечне тое, што ў чарговы раз стаў дзедам. Трэцяя ўнучка, дарэчы, нарадзілася ў той дзень, як стаў тысячнікам.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *