Сістэма аховы здароўя Ушаччыны штогод папаўняецца маладымі спецыялістамі. Вось і сёлета ў наш раён па размеркаванні прыбылі 4 медыкаў. Дарэчы, усе яны праходзілі навучанне ў медустановах краіны па мэтавых накіраваннях ад цэнтральнай райбальніцы.
Пасля працяглага перапынку адчыніў свае дзверы перад пацыентамі фельчарска-акушэрскі пункт у Слабадзе – на пасаду загадчыка сюды прыйшоў ураджэнец аграгарадка Глыбачка Кірыл Аляксандравіч Агідулін. Спецыяльнасць фельчара-акушэра, памочніка па амбулаторна-паліклінічнай рабоце малады чалавек набыў у Полацкім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Падобную спецыяльнасць – фельчара-акушэра – у Оршы атрымалі Крысціна Васільеўна Хрэбто і Вольга Аляксандраўна Мілая. Цяпер першая (дарэчы, таксама наша зямлячка) асвойвае прафесію медыцынскай сястры ў яслях-садзе №1 г.п.Ушачы, а другая (ураджэнка Наваполацка) працуе акушэрам жаночай кансультацыі. Новы ў нас і ўрач-неўролаг. Гэтую пасаду пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта займае ўшачанка Дар’я Васільеўна Літвінава.
Як адзначае адміністрацыя Ушацкай ЦРБ, маладыя спецыялісты прыйшлі да іх з добрым узроўнем падрыхтоўкі, яны забяспечаны годнымі ўмовамі працы. Хочацца спадзявацца, што на Ушаччыне медыкам спадабаецца і яны працягнуць тут сваю прафесійную дзейнасць.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.