Чарговы прыём грамадзян па асабістых пытаннях прайшоў у мінулы чацвер у вёсцы Рог Вяркудскага сельсавета. Намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Р.П.Пачэпка, старшыня Вяркудскага сельвыканкама В.П.Цянюга і 12 мясцовых жыхароў сабраліся ў хаце старэйшыны Н.А.Первянёнак для абмеркавання асноўных праблем і пытанняў вяскоўцаў.
Размова пачалася з цёплых слоў удзячнасці прысутных раённым уладам за неабыякавасць, клопат пра іх. Не так даўно быў пабудаваны мост праз раку Гарбаціцкую, што значна спрасціла жыццё не толькі мясцовым жыхарам, але і шматлікім дачнікам. Цяпер не ўзнікае ніякіх праблем з выездам у райцэнтр ці ў суседнія вёскі. А за добры стан маста клапаціцца няма прычыны: на яго было вызначана 50 гадоў гарантыі.
Аднак, як гэта часта бывае, вырашэнне адной праблемы выклікае ўзнікненне другой. Так адбылося і ў дадзеным выпадку. Падчас будоўлі названага маста спецтэхнікай была разбіта дарога. Зараз, у сезон дажджоў, гэтая акалічнасць, як ніколі, непакоіць вяскоўцаў, бо наяўнасць вялізных луж абмяжоўвае магчымасці пераезду праз іх. Вось і папрасілі яны “паднавіць” дарогу. Старшыня сельвыканкама В.П.Цянюга патлумачыў, што рамонтам дарогі на тэрыторыі вёскі павінна займацца ЖКГ, а за яе межамі – ДРБУ-105. Было прынята рашэнне звярнуцца ў адпаведныя арганізацыі. Намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка запэўніла прысутных, што дадзенае пытанне ў бліжэйшы час будзе вырашана.
Падчас прыёму былі таксама закрануты тэмы павелічэння падатку на зямлю, добраўпарадкавання на могілках і нарыхтоўкі дроў на зіму. Старшыня сельвыканкама ведае пра гэта, таму адразу адказаў на ўсе ўзнікшыя пытанні.
Больш ніякіх праблем, як запэўнілі жыхары вёскі Рог, у іх няма: прадуктаў харчавання і самага неабходнага хапае, зроблены добры пад’езд да могілак, узімку дарогі рэгулярна расчышчаюць. Як прызналіся вяскоўцы, усё дзякуючы аператыўнасці і неабыякавасці мясцовай улады.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку:
новы мост.