Уборочная кампания в КУСХП «Великодолецкое»

Сельское хозяйство

Застаць у мінулую суботу на палях аграрыяў “Вялікадолецкага” не спадзявалася. Канечне, не таму, што ў аграгарадку ладзілася свята малака. Выхадных, як вядома, у такую пару ў іх не бывае. Проста напярэдадні зноў прайшоў моцны лівень. І нават калі сонца паспявала прасушыць збажыну, то ў зямлі камбайны проста гразлі. Не тое што адзін аднаго цягалі, а нават двума магутнымі машынамі дапамагалі выбрацца засеўшаму сабрату на меліяраваным участку ў Судзілавічах. Таму і з’яўляліся вымушаныя прастоі нават у пагодлівыя дні.

Аднак пасля абеду камбайнеры пакінулі мехдвор. Галоўны аграном Аляксандр Віктаравіч Зянюк падабраў з застаўшайся тысячы гектараў зерневых вышэйшае поле за Мазулямі. І сапраўды, пайшлі, хутка ўчацвярых убралі роўны ўчастак і перабіраліся на другі, прыгожы, аднак вельмі круты. Перажывалі, што ў нізіне могуць паўстаць праблемы.

Вось так, літаральна вырываючы ў надвор’я пагодныя гадзіны, працуюць сёлета на Далеччыне. А ўсе навальніцы як спецыяльна ідуць пераважна праз іх. Каб маглі выручыць адзін аднаго і не распыляць рэсурсы – не шукаць дадатковую бочку з вадой, якая абавязкова павінна быць там, дзе ўбіраюць, увесь атрад накіроўваюць на адны палеткі. Вось і ішлі адзін за адным Ягор Мацюш, Андрэй Смаляк, Віктар Жванскі на “Палессях” і Сяргей Вусько на нязменнай “Лідзе” (на здымку).

– Вось вы, журналісты, заўсёды акцэнтуеце ўвагу, што “немка”, а прычым тут яна, – пачаў размову з наступлення Сяргей Міхайлавіч. – У раён у ­2001-м прыйшло тры такіх камбайны, разам з Мікалаем Русаком з “Райаграсэрвіса” атрымлівалі і Васілём Башуном з “Глыбачан”. Дзе тыя камбайны? Ладна, хлопцы ўжо не працуюць, дык і машын жа няма. Як і многіх маладзейшых за нашу.

А спрачацца з адным з самых вопытных камбайнераў раёна, які атрымліваў сваю “Ліду” яшчэ ў калгасе “Новае жыццё”, і не збіралася. Наадварот, заўсёды, калі пішам пра работнікаў на гэтым невысокапрадукцыйным па сённяшніх мерках агрэгаце, падкрэсліваем, што на хаду яны толькі дзякуючы залатым рукам людзей, што іх абслугоўваюць. Ці дакладней будзе сказаць – дзякуючы іх персанальнай адказнасці. І на пытанне, што замяніў, каб “Ліда” сустрэла свой 19-ты сезон, Сяргей Міхайлавіч назваў хіба што новы рэмень, які прывезлі разам з іншымі. “У холдынгу перавагі аддаюць зусім іншым маркам, для маёй “пенсіянеркі” ніхто не збіраўся шукаць іх індывідуальна, – прыгадваў сезон падрыхтоўкі Сяргей Міхайлавіч, а пасля працяглай паўзы дадаў: – Проста хацеў адрамантаваць”.

Сам хацеў, лічыў справай гонару, дарэчы, як і іншыя камбайнеры гаспадаркі. З запчасткамі на рамонт сёлета было праблематычна. У асноўным ператрасалі ўсе вузлы, мянялі на старыя, са спісанай тэхнікі. Ягор Мацюш паказаў на кола, перастаўленае з корманарыхтоўшчыка, так, між справай, быццам з легкавушкі перакінуў. Уладзімір Вусько вяртаўся з поля з-за прабітай пракладкі, і не дамоў, хоць і быў адвячорак, а ў майстэрню. Любая замена на такой вялізнай тэхніцы складаная фізічна і затратная па часе. А таму адрываюць яго выключна ад сябе. Вось і на пытанне, што рабілі ў выхадны – мела на ўвазе мінулую пятніцу, таксама дзень прастою пасля вячэрняй навальніцы, механізатары толькі ўсміхнуліся: “Выхадных мы не бачылі з пасяўной. Нават калі дождж, усё роўна ў майстэрні, тэхніку пераглядаем, каб потым не стаяць”. Хоць маглі б адпачыць, дома што зрабіць, у грыбы схадзіць ці проста адаспацца. Не, у шэсць раніцы прыходзяць, да цёмнага затрымліваюцца, каб своечасова выехаць у поле. А калі ініцыятыва зыходзіць ад самога чалавека, робіцца не пад прымусам, – тады і вынік зусім іншы.

Лепш чым хто разумеюць, што збажына не пачакае, тым больш такая дарагая, як сёлета. Спачатку высушыла, а некаторыя яравыя нават спаліла. Потым прайшоўся град. Цяпер заліло і сярод калосся актыўна прабіваецца пустазелле. А гэта дадатковыя страты: не вымалочваецца колас з зелянінай, забіваюцца камбайны. Каб захаваць ураджай, у гаспадарцы нават пайшлі на дадатковыя выдаткі: праводзяць дэсікацыю – спецыяльнае абязводжванне раслін для лепшай машыннай апрацоўкі, прычым падсохне і колас, і пустазелле. А добра ўрадзілі не толькі азімыя, пераважна пшаніца “Васіліса” і “Ядвіся” – 33,1 цэнтнера з гектара, але і яравая.

“З 77 года працую і напэўна толькі адзін год магу прыгадаць такі ж неспрыяльны”, – казаў Уладзімір Вусько. Наогул у гаспадарцы на камбайнах пераважна вопытныя механізатары, прычым, і Ягор Мацюш, і Сяргей Вусько, і Віктар Жванскі – маладалецкія. “У Мацюша яшчэ Александроў памочнікам пачынаў, – паведаміў самы малады прадстаўнік экіпажаў Андрэй Смаляк, тым самым падкрэсліваючы, што Ягор Мікалаевіч вучыў нават такога аксакала, што пасля дзесяцігоддзяў за штурвалам саступіў яго іншым. Не за кожным камбайнам замацаваны свой трактар, на адвозцы працуюць Генадзь і Віталь Бука, Іван Гоман, на прасаванні Юрый Казачонак і Аляксандр Гоман.

Цяжкая ў іх справа, вельмі адказная, аднак і вабная. Вось хоць і казаў Сяргей Вусько, што любімая пара – зіма, а Васіль Алексяёнак – што без камбайна спакайней – пераканана, што сумна без хлебнай нівы любому аграрыю. І яскравае таму пацвярджэнне – Рыгор Філімонаў, якога сустрэла на свяце малака. Выхадны, навокал песні, а настрой у яго быў куды горшы, чым у хлопцаў на полі. Бо замацаваны спраўны камбайн, як і В.Алексяёнка, яшчэ не прыступіў да ўборачнай з-за неаплачанага лізінгу. Такім чынам без дзвюх адзінак прайшла ўжо палова жніва. Не кожны дзень на полі і застаўшыхся шэсць агрэгатаў, вось і Юрый Альбіновіч быў на рамонце, таму нагрузка на камбайны фактычна павялічылася ўдвая. А на людзей?.. Няма тых прыбораў і схем, каб падлічыць. І калі кіраўнік гаспадаркі Іван Піліпавіч Дарошчанка спрабуе разруліць няпростыя фінансавыя схемы, каб хутчэй у поле выйшла астатняя тэхніка, выплаціць зарплату, набыць паліва, вырашыць яшчэ 101 пытанне, механізатары разрульваюць становішча на полі. І кожны – з персанальнай адказнасцю – не па службовых абавязках, па ўласным сумленні.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *