Масава, запамінальна і з мноствам станоўчых эмоцый! Менавіта так можна ахарактарызаваць апошняе мерапрыемства ў рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню”, якое правялі на мінулым тыдні супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Работу з дзецьмі яны ладзілі на працягу ўсяго лета ў дзіцячых садках, лагерах, а на гэты раз запрасілі падрастаючае пакаленне да сябе ў госці ў пажарную аварыйна-выратавальную часць. Дзеці змаглі паспрабаваць сябе ў ролі пажарных, прымераўшы баявую вопратку і апынуўшыся за рулём пажарнай машыны. Пазнаёміліся з работай выратавальнага абсталявання і праверылі, як працуе аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Найбольшы ажыятаж ва ўдзельнікаў акцыі выклікаў… вогнетушыцель. Усе жадаючыя мелі магчымасць патрэніравацца ў тушэнні ўмоўнага пажару сапраўдным парашковым прыборам. Не абышлося і без тэарэтычнай часткі і порцыі ведаў па правілах бяспекі, якія яны атрымалі праз цікавыя конкурсы, віктарыны, тэматычныя гульні. Усім хлопчыкам і дзяўчынкам былі ўручаны спецыяльныя падарункі.
Выратавальнікі заклікаюць бацькоў далучыцца да абучэння дзяцей бяспецы і дома. Яшчэ раз нагадайце, што нельга гуляць з запалкамі, навучыце іх правільна дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі.