На календыры – жнівень, час падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Бацькоў школьнікаў хвалюе пытанне, дзе набыць усё неабходнае, ды так, каб не надта спустошыць кашалёк. Мы вырашылі дапамагчы ім у гэтай нялёгкай справе і, узброіўшыся спісам патрэбных тавараў, накіраваліся па гандлёвых кропках райцэнтра.
Збіраем ранец
Як заўсёды, на прылаўках магазінаў і рыначных ралетаў вялізны выбар канцылярскіх тавараў для школьнікаў. Разгубіцца можна не толькі ад прапанаванага асартыменту, але і ад цэн. Мяркуйце самі: кошт пеналаў вагаецца ад 88 капеек (за просты пластмасавы тубус) да 14 рублёў – першы “рэкорд” зафіксаваны ва ўнівермагу, другі – на рынку. Прычына такой разбежкі – розная якасць тавару. Да таго ж самы дарагі ўжо змяшчае пэўную колькасць ручак, алоўкаў, фламастараў. У магазіне “Белбланкавыд” прыгожы “мяккі” пенал каштуе 3.70, ва ўнівермагу – ад 3.24 да 4.25, на рынку – у сярэднім 6 рублёў. Аналагічная сітуацыя і з дзённікамі: ва ўнівермагу ён каштуе 0.92 і 1.01 (для 5-11 і 3-4 класаў адпаведна), у “Белбланкавыд” – 1.75 (незалежна ад класа), а на рынку – 2.30 (у цвёрдай вокладцы).
Ні адзін школьнік не пойдзе на заняткі без сшыткаў. Гэты важны атрыбут у шырокім асартыменце і па дастаткова нізкім кошце маецца ў магазіне “Белбланкавыд”. Просты 12-аркушавы сшытак тут пацягне на 15 капеек, а пры пакупцы больш чым 20 штук – 12 (на рынку кошт такога тавару складае 15, ва ўнівермагу – 17, а ў магазіне “Дабраном” – 15 і 33 капеек – клетка і лінейка адпаведна), паўагульныя – па 55 і 85 (55 і 69 ва ўнівермагу, 80 капеек на рынку), агульныя – 1.60 (1.01 і 1.19 ва ўнівермагу, 1.50 на рынку).
Набор вокладак для сшыткаў з 10 штук ва ўнівермагу каштуе 1.08, на рынку – 1.50, у “Белбланкавыд” – 2.50. “Апрануць” падручнік і дзённік ва ўнівермагу можна за 45, а таксама за 34 і 47 капеек, на рынку – за 70 і 35.
Кошт на прылады для малявання залежыць ад колькасці колераў і вытворцы. Так, ва ўнівермагу 6-колерную палітру алоўкаў можна набыць за 1.35, 12-колерную – 2.92, 24-колерную – 5.44. У “Белбланкавыд” аналагічны тавар будзе каштаваць 1.60, 2.90 і 4.90 адпаведна, на рынку – ад 1.40 да 7 рублёў. Найбольш бюджэтныя наборы фламастараў на 6 колераў – ва ўнівермагу каштуюць 1.26, на рынку – 1.50, у “Белбланкавыд” – 2.15. Кошт на акварэльныя фарбы ва ўнівермагу вагаецца ад 1.78 да 4.46 у залежнасці ад колькасці колераў (на рынку – ад 1.75 да 2.80, у “Белбланкавыд” – ад 2.65 да 5.20), гуаш можна знайсці ад 2.93 да 4.62 (прыкладна столькі ж на рынку, а ў “Белбланкавыд” – да 7 рублёў 65 капеек).
Альбомы для малявання ва ўнівермагу каштуюць ад 56 капеек (8 лістоў) да 2.52 (40 лістоў), каляровы кардон – 1.52, каляровая папера – 1.33. Дарэчы, можна набыць адразу “зборны” набор – з кардону і паперы – за 3 рублі 6 капеек. Самы нізкі кошт на ўзгаданы тавар – у магазіне “Белбланкавыд”: каляровую паперу, да прыкладу, можна набыць усяго за 50 капеек
Адчувальная разбежка назіраецца на кошт пластыліну. Мінімальны складае 1.55 (7 колераў) на рынку, 1.60 (6 колераў) ва ўнівермагу і 2.05 (8 колераў) у “Белбланкавыд”. А вось пра максімум сказаць складана, бо даводзілася бачыць і за 5 рублёў, і нават амаль за 11.
Асобна хочацца спыніцца на выбары школьнага ранца. Не сакрэт, што ад зручнасці мадэлі залежыць здароўе дзіцяці. Правільны ранец павінен важыць менш за 1 кілаграм, мець артапедычную спінку, шлейкі, якія рэгулююцца, зручныя замкі і маланкі, шмат кішэняў і ёмістае ўнутранае аддзяленне. Усім гэтым патрабаванням адпавядае тавар, выпушчаны “Галантэяй” і прадстаўлены ў асартыменце ва ўнівермагу. Кошт яго прымальны – ад 49 рублёў да 68 рублёў 76 капеек. Нямала школьных сумак і на рынку гарпасёлка. Абыдуцца яны крыху дзешавей, аднак якасць тавару будзе іншай.
Абнаўляем гардэроб
Зараз ва ўнівермагу вопратка амаль на любы густ і кашалёк. Асартымент прадстаўлены выключна таварамі беларускіх вытворцаў: “Калінка”, “БелКрэда”, “8 Сакавіка”. Шмат тут касцюмаў, жакетаў, блузак, штаноў, кашуляў, джэмпераў, сарафанаў. Традыцыйна прапанаваны вялікі выбар спартыўных касцюмаў, нацельнай бялізны. Нядаўна завезены асеннія курткі.
Стыльны хлапчуковы джэмпер-абманку можна набыць за 38.61, штаны – за 35.54 (ёсць і за 48 рублёў), жакет – за 51.98. Без праблем можна падабраць для хлопчыка белую ці каляровую кашулю – кошт вар’іруецца ад 17.08 да 37.26. Сарафан для дзяўчынкі абыдзецца ў суму ад 29.70 да 50.49, спадніца – ад 20.79 да 40.50, блузка – ад 19.31 да 46.04, штаны – ад 32.67 (малодшая ўзроставая група) да 61.56 (старэйшая).
– Большая частка тавару завезена яшчэ ў чэрвені, – расказваюць прадаўцы ўнівермага. – Вось толькі ўшачане, як звычайна, адкладваюць школьны шопінг да апошняга, таму дагэтуль у нас адносна немнагалюдна. Дарэчы, варта нагадаць патэнцыяльным пакупнікам пра акцыю райспажыўтаварыства “Добры дзень, школа!”, якая дзейнічае ў раёне з 25 ліпеня па 31 жніўня. Пры пакупцы тавараў школьнага асартыменту (адзення, канцылярскіх тавараў) на суму ад 250 рублёў можна скарыстацца беспрацэнтным крэдытам на тэрмін да трох месяцаў без першапачатковага ўзносу.
Няма ва Ушачах праблем і з выбарам абутку для дзяцей. Ён паступае ў “Гандлёвыя рады” з абутковых прадпрыемстваў Магілёва, Гродна, Ліды, СП “Марка”, ЗАТ “Сівельга” і іншых. Асартымент пастаянна абнаўляецца, кошт тавару разнастайны, залежыць ад мадэлі.
Неабходны асартыментны пералік тавараў завезены і ў сельскія магазіны. Для таго ж, каб найбольш поўна ўлічыць запатрабаванні пакупнікоў, у гандлёвых кропках прымаюцца папярэднія заяўкі.
Дарэчы, адзенне, абутак для школьнікаў акрамя райспажыўтаварыства прапануюць і індывідуальныя прадпрымальнікі. Выбар за пакупнікамі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымках: у паход за ведамі збіраюцца Аня Самсоненка і Дзіяна Муша; абноўкі шукаюць Аня Чарняўская і яе маці Святлана Шарко.