В агрогородке Великие Дольцы прошёл праздник молока

Общество

Прыехаўшы з Вялікіх Долец адвячоркам, як заўсёды выпіла на ноч кварту сырадою. Люблю з дзяцінства. Але заўсёды папракала сябе, што каларыйна, на ноч не варта. А на гэты раз ужывала з чыстым сумленнем – бо там, на раённым свяце малака, даведалася, што гэта выдатны сродак ад бяссонніцы, і яшчэ лепш, калі далучыць лыжачку мёду.

Мерапрыемства ладзілася ў парку ў цэнтры аграгарадка. На зялёнай зоне культработнікі зрабілі сцэну, насупраць паставілі некалькі радоў стулаў, дрэвы, і тэрыторыя паміж імі была абвешана карыснай інфармацыяй пра гэты напой, а таксама прадукты з яго, здымкамі рагатых “фотамадэляў”. Працаваў выязны гандаль з рознымі прысмакамі. Але ён быў не вельмі запатрабаваны. Не таму, што не падабалася салодкая вата. Проста побач на сталах было столькі рознай ежы, што галодных проста не засталося. Дэгустацыю ж страў з малака арганізатары мерапрыемства правялі ў самым пачатку: на сыты страўнік і інфармацыя лепш успрымаецца.

Чаго там толькі ні было! Блінкі з тварагом і бутэрброды з пастай, торты і аладкі, сыры і сыроватка. І, зразумела, малако ў чыстым выглядзе. Прычым не толькі каровіна. Там упершыню паспытала казінае і не адчула ніякага паху. Не я адна. Работнікі цэнтральнай бібліятэкі таксама з задавальненнем дэгуставалі напоі, што прынеслі на свята мясцовыя жыхары. Нямногія з іх трымаюць рагуль, па пальцах можна пералічыць – усяго дзевяць у аграгарадку. А вось далецкія работнікі культуры іх маюць. У жбанах было малако ад каровы загадчыцы Вялікадолецкага СДК Валянціны Дзмітрыеўны Смаляк. Яе памочніца па падрыхтоўцы бібліятэкар Н.У.Сямяхіна перамагла ў конкурсе “Лепшы вялікадолецкі сырнік”: менавіта на яе шпажку дэгустатары насадзілі большую колькасць жоўтых квадрацікаў. Я таксама аддала перавагу ёй, бо ўпершыню ела сырнікі з грушамі. Вельмі смачныя. Рэцэпт жа просты: у тварог разам з яйкам, мукой далучаюцца надзёртыя на тарцы грушы. Таксама Наталля Уладзіміраўна робіць і з вішняй, на гэты раз брала варэнне, папярэдне адціснуўшы сіроп. Усяго ж у конкурсе прымалі ўдзел шэсць дальчанак, і ўсе сырнікі разышліся на “ўра”. Былі на сталах і стравы мнагадзетнай маці Таццяны Бука, якая разам з дзеткамі прымае ўдзел практычна ва ўсіх мерапрыемствах Дома культуры. Таксама як і студэнт Мацвей Хаменка, які прыязджае на канікулы ў Мірны і дапамагае ў правядзенні свят вёсак, на гэты раз ён быў вядучым і спяваў. Акампаніраваў прыпевачніцы Анастасіі Уладзіміраўне Саксон Андрэй Андрэевіч Шахноўскі з Касароў. У пастаноўцы і вакальных нумарах было задзейнічана мноства дзяцей – удзельнікаў мастацкай самадзейнасці.

Дальчане і госці рабілі здымкі ў створанай фотазоне, асобна, і з малочніцай, ролю якой выконвала Насця Хадан, і мілай кароўкай, якую іграла Святлана Александрова. Адпавядалі тэматыцы свята і конкурсы. Гледачы называлі як мага больш прадуктаў з малака і жывёлу, якая дорыць лекавы напітак, маркі сыроў і тлустасць малака, якое паступае ў продаж. А яшчэ дэманстравалі свой спрыт у сялянскай загартоўцы. Узбіваць масла смела выйшлі кублічанкі Таццяна Касцючэнка і Святлана Лабёнак. Неаднойчы рабілі гэта, калі трымалі кароў у асабістай падсобнай гаспадарцы. Зараз няма на падворку карміцелькі, аднак рукі памятаюць… Спрытна калацілі трохлітровыя слоікі са смятанай, пакуль у аднатоннай белай масе не пачалі праступаць жаўтаватыя камочкі. Застаецца толькі прамыць, сфарміраваць, магчыма пасаліць. Усё гэта змагла дарабіць дома пераможца С.А.Лабёнак, паколькі прадукт, дарэчы, з вельмі каштоўнай вадкасцю – маслёнкай (пахтой), а таксама слоікам яна атрымала ў якасці прэзенту.

Чацвёра смельчакоў паказвалі майстар-клас у даенні кароў. Буронак у парк не прыводзілі, замест вымя былі гумавыя пальчаткі з вадой, на якіх і практыкавалі жанчыны. “Першацёлак раздаіць лягчэй, чым выціснуць ваду з праколатай іголкай адтуліны, – смяялася вопытная даярка, былы перадавік КУСГП “Вялікадолецкае” Таццяна Сцяпанаўна Пуя. І рвалі пальчаткі, і кідалі задуму. Толькі бібліятэкар Галіна Талстая прынаравілася і спрытна выдаіла ўсё да кроплі. Сама з Вялікадолецкага Заазер’я, і карову ў сям’і, канечне, трымалі.

А вось Кацярына Максімаўна Хадан з аграгарадка карміцельку збыла. Дзеці выраслі, унучок Пашка, што прыязджае на канікулы з Мінска, не прывучаны да свайго, гаспадара не стала, каб сена касіць, вось і прадалі. Аднак без малака жанчына не засталася. І тварог, і сыры робіць з казінага, сцвярджае, што больш тлустыя, а таму смачныя прадукты атрымліваюцца. Добра ведае і пра карысць малачка рагатых гадаванак, асабліва для тых, у каго праблемы з сэрцам.

Раіць аднавяскоўцам ужываць малочныя прадукты і ўрач Ала Мікалаеўна Крыштопенка, якой, дарэчы, мерапрыемства вельмі спадабалася сваёй простай, шчырай атмасферай, лёгкім чаргаваннем выдатных музычных нумароў з конкурсамі. Аб гэтым яна казала напрыканцы, дзякуючы арганізатарам. А пастаноўку “Чорт і баба”, якой закончылася свята, раіла абавязкова паказаць яшчэ на якой-небудзь сцэне.

У раёне засталося 357 кароў, большасць з іх у Сарочынскім сельсавеце – 104, у Вялікадолецкім толькі 27. Лідарства за першым і па колькасці на падворках коз: 138 з 493 у раёне, 51 – у Вялікадолецкім сельсавеце і 20 з іх у аграгарадку.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *